Новости

“Велікодныя званы” у Вялікім тэатры

21 красавіка наш тэатральны храм мастацтва ператворыцца ў сапраўдны храм – упершыню тут прагучыць “малітва ў бронзе”.

Дырэктар школы званароў Мінскага епархіяльнага кіраўніцтва і загадчык аддзела званароў Мінскага духоўнага вучылішча, лаўрэат міжнародных конкурсаў, магістр мастацтваў Багдан Бярозкін прадставіць наведвальнікам Вялікага тэатра музычную праграму “Велікодныя званы”, якая будзе выканана на адзінай у Беларусі перасоўнай званіцы. Толькі ў гэты вечар ўсім, хто завітаў у Вялікі тэатр, спадар Багдан Бярозкін раскажа і прадэманструе, якія званы ўдзельнічаюць у Вялікодным перазвоне і Благавесце, як “спявае” найбуйнейшы і самы маленькі звон, што ляжыць у аснове праваслаўнага перазвону і г.д. Вы даведаецеся пра гісторыю званоў, што прадстаўлены на перасоўнай званіцы, пра спосаб іх вырабу, адчуеце той містычны эфект, які аказвае “малітва ў бронзе”.   

Кажуць, перазвон можа вылечыць чалавека ад хвароб душы і цела. Такім жа цудадзейным эфектам валодае і сапраўднае мастацтва. 21 красавіка на сцэне Вялікага тэатра Беларусі – балет-легенда, харэаграфічны баёпік пра Князёўну з трыма імёнамі. "Страсці (Рагнеда)" А.Мдзівані ў пастаноўцы народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева стаў сенсацыяй Міжнароднага фестываля балета Бенуа дэ ла Данс-1996, і быў  адзначаны найвышэйшай узнагародай — прэміяй “Бенуа дэ ля данс”.

Трагедыя жыцця няскораннай дачкі полацкага князя Рагвалода - адна з самых выбітных ва ўсёй беларускай гісторыі. Непакорлівая і наравістая прыгажуня-князёўна, заручаная з кіеўскім князем Яраполкам, адмовіла ў шлюбе яго брату - наўгародскаму князю Уладзіміру. Разгневаны Уладзімір з дружынаю пайшоў на Полацк, знішчыў Рагвалодаву сям'ю, а Рагнеду гвалтам узяў у жонкі. Неузабаве ён расправіўся і з родным братам, чым здабыў сабе кіеўскі трон.

Запрашаем Вас далучыцца да нашага свята нацыянальнага музычнага і харэаграфічнага мастацтва. Пачатак праграмы “Велікодныя званы” – а 18.15 у фае тэатра. Абяцаем – будзе цікава! 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ