Новости

Да 100-годдзя Яраслава Вашчака

 

Памяці легендарнага Маэстра на сцэне Вялікага тэатра Беларусі 17 лютага будуць паказаныя «Кармэн-сюіта» і «Карміна Бурана».

 

«Мабыць, за ўсю гісторыю тэатра за дырыжорскім пультам не стаяў чалавек, роўны Яраславу Антонавічу па ўменні распазнаць, выхаваць, раскрыць ва ўсёй прыроднай прыгажосці і захаваць на доўгія гады пеўчы голас», – пісалі пра Яраслава Вашчака ў праграмцы сустрэчы «Клуба сяброў оперы», прысвечанай 75-годдзю маэстра.

 

Яраслаў Вашчак нарадзіўся 19 лютага 1921 года на Львоўшчыне (горад Броды). Яго творчае станаўленне было звязана з Львоўскім тэатрам оперы і балета, дзе ён прайшоў шлях ад хармайстра да галоўнага дырыжора, вырас у прызнанага майстра опернага і балетнага мастацтва. У 1964 – 1972 гадах Яраслаў Антонавіч быў галоўным дырыжорам оперных тэатраў Адэсы, Варонежа, Казані.

 

Беларускаму мастацтву Я.Вашчак аддаў 17 апошніх гадоў жыцця. У 1972-1980 гадах ён быў галоўным дырыжорам, з 1980 – дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі. Яго велізарны аўтарытэт у калектыве грунтаваўся на таленце, вопыце, інтэлігентнасці, чалавечай мудрасці і адмысловым педагагічным дары Яраслава Антонавіча. Гэты дар выяўляўся ў працы з опернымі салістамі, артыстамі хору і аркестра, кампазітарамі, якія даверылі Я.Вашчаку свае партытуры.

 

Рэпутацыя надзвычайнага знаўцы прыроды чалавечага голасу спрыяла неаднаразоваму запрашэнню Яраслава Антонавіча ў якасці чальца журы прэстыжных вакальных конкурсаў. І часта менавіта там Я.А.Вашчак адшукваў і запрашаў у наш тэатр маладых спевакоў, якім было наканавана стаць гонарам трупы.

 

Спектаклі, пастаўленыя пад музычным кіраўніцтвам Я.А.Вашчака, адрозніваліся яснасцю і глыбінёй канцэпцыі, эмацыйнай напоўненасцю, пластычнай прыгажосцю і збалансаванасцю гучання.

 

Дзякуючы Я.Вашчаку ў афішы Вялікага тэатра Беларусі з’явіліся наступныя назвы:

1973 – оперы «Сельскі гонар» П.Масканьі і «Міндыя» А.Тактакішвілі;

1974 – опера «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага; балеты «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ - Р.Шчадрына, «Камерная сюіта» на музыку Р.Шчадрына;

1975 – оперы «Галька» С.Манюшкі, «Іаланта» П.Чайкоўскага; балет «Шапэніяна»;

1976 – опера «У буру» Ц.Хрэннікава; балет «Жызель» А.Адана;

1977 – опера «Джардана Бруна» С.Картэса, балет «Ленінградская сімфонія» на музыку Дзм.Шастаковіча;

1979 – оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні;

1980 – балет «Спартак» А.Хачатурана;

1983 – вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» К.Орфа;

1984 – балет «Балеро» на музыку М.Равэля;

1986 – опера «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні; балет «Крылы памяці» У. Кандрусевіча;

1989 – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (за гэтую працу Я.А.Вашчак ў 1990 годзе быў пасмяротна узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь).

 

У цяперашні час у рэпертуары тэатра захавалася чатыры спектаклі, пастаўленыя Яраславам Вашчаком: гэта балеты «Кармэн-сюіта», «Карміна Бурана», «Балеро» і «Спартак».

 

У архіве Вялікага тэатра Беларусі захаваліся ўспаміны вядомага беларускага літаратуразнаўцы, доктара філалагічных навук прафесара Вячаслава Рагойшы, у якіх выразна адчуваецца і постаць знакамітага дырыжора, і ўласцівыя яму высокія чалавечыя якасці, і сама атмасфера беларускага мастацтва тых часоў. Мы прапануем нашым чытачам азнаёміцца з гэтым артыкулам.

 

 

МАЭСТРА

 

“Маэстра” – гэтым словам у тэатральным музычным мастацтве называюць самага даксаналага, высокапрафесійнага, таленавітага артыста, кіраўніка музычнага калектыву. “Маэстра” – так і только так звярталіся калегі і проста знаёмыя да народнага артыста СССР, мастака, бадай, самага рэдкага даравання – опернага дырыжора Яраслава Антонавіча Вашчака (19.02.1921 – 02.03.1989). Ён быў майстрам найвышэйшага класа, агромністага таленту, з ягонай думкай лічыліся выдатныя нашы сучасныя кампазітары, спевакі, музыканты.

 

Калі маэстра Вашчак станавіўся за пульт і браў у рукі дырыжорскую палачку, на сцэне і ў зале роўна як перад навальніцаю, напіналася цішыня, атмасфера праціналася напружаным токам музычнасці, каб неўзабаве абрынуцца на слухачоў ліўнем гукаў. Кожны оперны ці балетны спектакль, якім дырыжыраваў Вашчак, станавіўся падзеяй у музычным жыцці Мінска і рэспублікі. Можна смела гаварыць пра “вашчакоўскі этап” у гісторыі беларускага опернага тэатра, якому дырыжор аддаў семнаццаць сваіх самых сталых, вопытных гадоў. У Мінску ён ажыццявіў найгалоўныя свае творчыя задумы, сярод якіх “Барыс Гадуноў” М.Мусаргскага, “Сельскі гонар” П.Масканьі, “Дон Карлас” Дж.Вэрдзі, “Севільскі цырульнік” Дж.Расіні, “Карміна Бурана” К.Орфа, “Спартак” А.Хачатурана, “Міндыя” А.Тактавішвілі, “Кармэн-сюіта” Ж.Бізэ – Р.Шчадрына і інш. У кожнай пастаноўцы яскрава выяўляліся ягоны густ, стыль творчая манера. Не проста іграць, спяваць, а жыць на сцэне – гэта было яго галоўнейшае патрабаванне да ўсіх музыкантаў і акцёраў. Выразна размяжоўваючы драматургію музычную і сцэнічную, ён дабіваўся не толькі, нават не столькі выдатнага гучання голасу спевака ці інструмента, а высокай духоўнасці, эмаціянальнасці гуку, перад кожным удзельнікам спектакля ставіў як канкрэтную задачу, так і звышзадачу. Бескампрамісны і непадкупны што да музычнай творчасці, ён да кампазітараў, спевакаў, музыкантаў прымянаў найвышэйшыя, як мы сёння кажам, міжнародныя стандарты. Якраз таму Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР у час, калі галоўным дырыжорам яго з’яўляўся Яраслаў Вашчак (1972-1980), перажыў пару свайго ўзлёту, стаў адным з вядучых оперных калектываў СССР. Адна прысутнасць Вашчака ў тэатры, ягоны аўтарытэт не дазвалялі нікому – ад вядомага акцёра да работніка сцэны – расслабляцца, працаваць напаўсілы, даваць сабе палёгку.

 

Няпросты жыццёвы і творчы лёс быў у Вашчака. Няпросты, складаны быў і сам ён, рыцар музыкі, чалавек шырокай, я б сказаў, караткевічаўскай натуры, рамантык-максімаліст. Але ва ўсіх сітуацыях ён імкнуўся дзейнічаць шляхетна, інтылігентна (любімае яго слова). Не прызнаваў ніякіх кампрамісаў, калі пры гэтым трэба было паступацца мастацкімі прынцыпамі, самім Мастацтвам. Таму антыподаў, праціўнікаў, незычліўцаў у яго заўсёды было даволі. Аднак з часам некаторыя незычліўцы і нават ворагі прызнавалі яго слушнасць. І ён ім у такім разе заўсёды дараваў, не памятаў зла, тым больш ніколі не помсціў. Асобныя з іх станавіліся ягонымі прыяцелямі і нават сябрамі.

 

Мне і маёй сям’і пашчасціла ўсе семнаццаць мінскіх гадоў Вашчака быць побач з ім, часта бачыцца з ім у сталіцы Беларусі і на маёй роднай Ракаўшчыне. А пазнаёміліся мы праз майго цесця, яго блізкага сябра яшчэ па Львоўскім оперным тэатры, Вячаслава Кабржыцкага. Ракаў Вашчак вельмі палюбіў. Тут у кампаніі Вячаслава і Клаўдзіі Кабржыцкіх, Пятра і Валянціны Рагойшаў, Васіля і Леакадзіі Налецкіх, іншых ракаўцаў панавалі ўспаміны пра даваеннае, ваеннае і пасляваеннае жыццё-быццё, вяліся ажыўленыя размовы пра розныя культурныя і грамадскія навіны. Вашчак нярэдка прывозіў у Ракаў, у “тыповую Беларусь” (так ён называў Ракаўшчыну з яе прыродай, культурай, гісторыяй, прыгожай беларускай мовай), сваіх калег, бывалі тут і балетмайстар Валянцін Елізар’еў, і дырыжор Мікалай Калядка і інш. Летнімі вечарамі – калі сонца заходзіла позна, бо і у нас бываюць амаль белыя ночы!  – Вашчак на сваім “жыгулёнку” прыязджаў у Ракаў адразу пасля выстаў, каб адпачыць у коле сяброў. У Ракаў для знаёмства з Беларуссю ён прывозіў знакамітых артыстаў, якія давалі гастролі ў Мінску: народных артыстаў СССР Алену Абразцову, Атара Тактакішвілі, Медэю Аміранашвілі, Багдана Ступку, народных артыстаў Украіны Сяргея Данчанку, Багдана Казака... Мы іх знаёмілі не толькі з Ракаўшчынай, але і вазілі ў Люцінку, на магілу Дуніна-Марцінкевіча, у Валожын, Івянец, Дзяржынава...

 

Шчыры ўкраінскі патрыёт, Вашчак з глыбокай сімпатыяй ставіўся да беларускай гісторыі, культуры, мовы, радаваўся духоўнай блізкасці нашых народаў. Ён цешыўся кожнаму творчаму поспеху сучасных беларускіх кампазітараў, артыстаў, пісьменнікаў, мастакоў. І мы адзін аднаго добра разумелі, хоць гаварылі звычайна кожны на сваёй мове: ён – па-ўкраінску, я – па-беларуску. Хочацца верыць, што і гэтыя нашы гутаркі схлілі яго, напачатку далекаватага ад патрэб уласнага беларускага опернага мастацтва, прыняць самы чынны ўдзел у стварэнні цалкам нацыянальных спектакляў. Колькі часу, творчай энергіі, ведаў аддаў ён сваім малодшым беларускім калегам – кампазітару С.Картэсу і лібрэтысту У.Халіпу ў перыяд іх такой напружанай сумеснай працы над операй “Джардана Бруна”! А з якім настаўніцкім цярпеннем і ўважлівасцю ён паставіўся да маладога беларускага кампазітара У.Кандрусевіча, як зацікаўлена дапамагаў яму дасканаліць музыку балета “Крылы памяці”!

 

Апошнія два гады свайго жыцця Вашчак нястомна працаваў з кампазітарам У.Солтанам і лібрэтыстам С.Клімковіч, рыхтуючы разам з імі да пастаноўкі оперу “Дзікае паляванне караля Стаха”, створаную паводле аднайменнай повесці У.Караткевіча. Нашу сям’ю з У.Караткевічам звязвалі вельмі цесныя, амаль роднасныя адносіны. Да таго ж мы жылі ў адным пісьменніцкім доме, сустракалісь ледзь не штодзённа. З ім, нашым блізкім сябрам і суседам, мы спецыяльна пазнаёмілі знакамітага дырыжора. Іхнія творчыя кантакты здзяйсняліся ў нашай кватэры ў Мінску і, канечне ж, у старажытным нашым Ракаве, а таксама ў Моньках на дачы Вячаслава Кабржыцкага. Задумак у Вашчака была шмат! Так, у прыватнасці, калі гасцяваў у нас жончын пляменнік Сяргей Бадроў-старэйшы, і мы ўсе разам горача абмяркоўвалі маскоўскія мастацкія навіны, працэсы рэабілітацыі несправядліва асуджаных дзяржаўных дзеячаў і творцаў, узнікла ідэя мастацкага асэнсавання лёсу Міхаіла Фрунзе, па Ракаўска-Івянецкіх сцежках якога мы правялі шэраг экскурсій. А яшчэ больш захапіла ўсіх ідэя стварэння оперы, а таксама і кінафільма пра трагедыю Янкі Купалы, апошнія дні жыцця якога звязаныя з ваеннай Масквой. На жаль, многім планам не суджана было здзейсніцца... Опера “Дзікае паляванне караля Стаха” стала “лебядзінай песняй” Яраслава Вашчака. Ёю ён штодзённа жыў, пра яе ўвесь час думаў і гаварыў нават за дзве гадзіны да смерці. Не хапіла яму нейкага месяца, каб парадавацца апошняй сваёй прэм’ерай, за якую яму, пасмяротна, было прысуджана званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР...

 Вячаслаў Рагойша

 

 

 

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ