Новости

Карані Кораня

 

30 сакавіка ў Вялікім тэатры прайшоў традыцыйны Вечар беларускай культуры: перад нацыянальнай операй Дзм. Смольскага “Сівая легенда” ў фае адбылося адкрыццё ўнікальнай выставы – “Біблія для народа 1692-1696 гг. Васіля Кораня”, якую тэатр зладзіў сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Адкрыла вечар начальнік навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Вольга Гулева: “Тэатральнае мастацта сапраўды моцна ўражвае, бо аб’ядноўвае і літаратуру, і музыку, і спевы… “Сівая легенда” Ўладзіміра Караткевіча вяртае нас у мінулае, у XVII стагоддзе, да трагічных падзей пад Магілёвам. Мы маем магчымасць вандраваць у часе, які быў вельмі складаны. Але менавіта ў мінулым мы шукаем адказы на пытанні, якія ставім перад сабой сёння. І гэта вандроўка ў мінулае працягваецца дзякуючы ў тым ліку гэтай выставе – “Біблія для народа. 1692-1696 гг. Васіля Кораня”. Васіль Корань нарадзіўся ў беларускім мястэчку Дуброўна Аршанскага павета ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Трагічныя абставіны – вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай – прымусілі яго ў маладым узросце паехаць у Маскву, дзе адкрыўся яго талент – ён стаў выдатным разьбяром-гравёрам. І стварыў гэтую ўнікальную Біблію. 36 аркушаў, што вы бачыце зараз, – гэта праца сучаснага мастака-графіка Віктара Пензіна, які са сваёй камандай правялі рэканструкцыю гэтых драўляных дошак. Малюнкі сапраўды ўражваюць.І вельмі цікава паглядзець на іх з гістарычнага пункту гледжання: як выглядалі людзі і як яны былі апранутыя у тыя часы, калі жыў наш з вамі Васіль Корань”.


“Толькі зараз імя Васіля Кораня вяртаецца у беларускую гісторыю, – дадаў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. – Доўгі час шукалі карані Кораня, бо паўставалі пытанні: што гэта за гравюры, якія не ўпісваюцца ў кантэкст расійскай рэчаіснасці? А ён аказаўся беларусам. Яшчэ мала інфармацыі наконт гэтага твора. Магчыма, гэта была і не цэльная кніга, а толькі лісты. І не было ніякага тысячнага тыража для “бедных”, а адзіны экзэмпляр для царскай асобы, бо праца сапраўды дарагая. Але што важна: бясспрэчны ўплыў беларускай культуры на сусветную і выключна – на расійскую ў XVII стагоддзі”.


Завяршыла ўрачыстае адкрыццё выставы начальнік службы маркетынгавых камунікацый тэатра Таццяна Аляксандрава, якая дадала, што працаваць гэтая ўнікальная выстава будзе у фае Вялікага на працягу яшчэ двух тыдняў – да 9 красавіка (у гэты вечар на нашай сцэне нацыянальны балет В. Кузняцова “Анастасія” ў пастаноўцы Юрыя Траяна).


Вечар беларускай культуры 30 сакавіка скончыўся пад апладысменты гледачоў, якія дзякавалі выканаўцам галоўных партый у оперы Дзм. Смольскага “Сівая легенда” – Алене Золавай (Ірына), Аксане Якушэвіч (Любка), Станіславу Трыфанаву (Кізгайла), Аляксею Мікуцелю (Раман), Дзмітрыю Капілаву (Найміт), дірыжору Івану Касцяхіну. Гэта быў сапраўды цудоўны вечар. Але мы не развітваемся, гаворым: да новых сустрэч!

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ