Дакрананне да нацыянальнага мінулага – гэта не толькі знаёмства з легендарнымі шэдэўрамі, але і ўдзячная павага нашым продкам, напамін нашчадкам аб адвечных традыцыях айчыннага мастацтва. #bolshoibelarus92
22 красавіка ў Вялікім тэатры Беларусі адбыўся Вечар беларускай культуры. Па традыцыі мы зладзілі яго з Музеем старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Загадчык музея, вялікі знаўца беларускай культуры Барыс Лазука правёў майстар-клас па завязванню слуцкіх паясоў. Яго калега, старшы навуковы супрацоўнік, кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава адкрыла сакрэты старабеларускіх модніц – запрасіла на майстар-клас па завязванню унікальнага галаўнога ўбору доўгім ільняным палатном – наміткі.
У новым для сябе амплуа адчулі нашы вядучыя артысты оперы і балета, чыё мастацтва заўсёды зачароўвае і скарае сэрцы гледачоў. У зорным дэфіле народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна, Вольга Гайко, Антон Краўчанка, Сяргей Франкоўскі, заслужаны артыст рэспублікі Юрый Кавалёў, а таксама лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марта Данусевіч і Андрэй Сялюцін паўсталі ў строях з пастановак нацыянальнага рэпертуару, якія ўпрыгожваюць афішу тэатра, – а гэта як прэм'ерныя спектаклі, так і тыя, што даўно палюбіліся публіцы.
Увечары сапраўднае свята беларускага опернага мастацтва падарылі гледачам вядучыя салісты Вялікага тэатра Беларусі. На нашай сцэне прагучала опера Дзм. Смольскага «Сівая легенда». 22 красавіка галоўныя партыі ў нацыянальным спектаклі выканалі зоркі Вялікага тэатра Беларусі: Алена Золава, Аксана Якушэвіч, Станіслаў Трыфанаў, Дзмітрый Шабеця, Алег Мельнікаў. За дырыжорскім пультам – Юрый Караваеў.