1 снежня ў 18.15 перад пачаткам спектакля “Сівая легенда” Вялікі тэатр Беларусі запрашае на імпрэзу да 90-годдзя класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.
Хто згубіў памяць – згубіў усё…
Уладзімір Караткевіч
Вялікі тэатр Беларусі сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры 1 снежня перад спектаклем “Сівая легенда” ладзіць вечар да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча. На выставе “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду…” з фондаў музея вы пабачыце кнігі, фотаздымкі і сувеніры, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменніка.
Акрамя таго, у тэатры ўпершыню адбудзецца “беларускі буккросінг” (у межах сумеснага праекта музея з прадпрыемствам “БЕЛГІПС-ЭКА” “Кнізе – другое жыццё!”): кожны жадаючы можа прынесці беларускамоўную (і не толькі) кнігу і наўзамен узяць сабе іншую. Дарэчы, удзел у буккросінгу прымуць і зоркі Вялікага тэатра Беларусі. Чакаем на вечарыне ўсіх аматараў літаратуры і прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Караткевіча.
У фае тэатра таксама разгорнецца выстава афіш і плакатаў спектакляў Вялікага тэатра Беларусі паводле твораў Уладзіміра Караткевіча – опер “Сівая легенда” Дз.Смольскага і “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Солтана.