Архiў навiн

«Набука» адкрые Вечары ў Нясвіжы

 

ГЕНЕРАЛЬНЫЙ ПАРТНЕР ПРОЕКТА

ПАРТНЕРЫ ПРОЕКТА

 

 

«Гэта опера, з якой пачалася мая мастацкая кар'ера», – напісаў Джузэпэ Вердзі ў сваёй аўтабіяграфіі. 25 чэрвеня Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў у Нясвіжы адкрые ўзрушаючая па сваёй прыгажосці опера «Набука». Пастаноўшчыкі – дырыжор Алег Лясун, рэжысёр Галіна Галкоўская, хормайстар Ніна Ламановіч – прадставяць гледачу канцэртна-сцэнічную версію гэтага твора. У галоўных партыях – вядучыя салісты оперы тэатра – Станіслаў Трыфанаў (Набука), Ніна Шарубіна (Абігаіль), Андрэй Валенцій (Захар), Аляксей Микуцель (Ізмаіл), Аксана Волкава (Фенена).


– Гледачы сумавалі па нашых Вечарам у Нясвіжы, але і мы таксама, – кажа народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна. – Я буду вельмі рада зноў акунуцца у гэтую незвычайную атмасферу. І асабліва рада, што мы вярнуліся да выдатнай оперы Вердзі "Набука". Абігаіль – адна з найлюбых маіх партый. Як і партыя Лэдзі Макбет, гэта вяршыні сусветнага сапранавага рэпертуару. Я часта выходзіла ў гэтым вобразе – на фестывальныя сцэны, на сцэны іншых тэатраў свету, безумоўна, у нашым Вялікім. Можна сказаць, што гэтая партыя жыве ўва мне і са мной. Упэўнена, што ў дэкарацыях старадаўняга Нясвіжа опера «Набука» прагучыць па-асабліваму. А ведаючы рэжысёра Галіну Галкоўскую, упэўненая, яна створыць сапраўдны спектакль. Мне здаецца, ён атрымаецца раскошным.


***
Прэм'ера оперы адбылася 9 сакавіка 1842 года ў міланскім «Ла Скала». Менавіта ў гэты сакавіцкі вечар Вердзі стаў знакамітым. Біблейская гісторыя знайшла водгук у сэрцах італьянцаў, гэты твор ператварылася ў сімвал надзеі на лепшую будучыню. Сюжэт пра Навухаданосара, вавілонскага цара, які, зведаўшы пакуты, здолеў раскаяцца ў сваіх грахах, пра падступную Абігаіль, якая імкнецца прыйсці да ўлады любой цаной, пра пакуты няшчасных габрэяў вельмі усхваляваў самога Вердзі, а яго геніяльны твор вось ужо на працягу 180 гадоў не можа пакінуць абыякавым аніводнага слухача... Захапляльныя сцэны, яркія характары, грандыёзныя хоры, малітвы... Мабыць, найбольш папулярны і знаёмы шматлікім – хор габрэяў, якія пакутуюць у палоне, з III акта – «Va pensiero...» («Ляці, Златокрылая думка...»). Праз шмат гадоў мелодыю менавіта гэтага знакамітага хору спяваў шматтысячны натоўп, які праводзіў вялікага кампазітара ў апошні шлях...


***
На сцэне беларускага Вялікага да оперы звярталіся двойчы. У 1999-м пастаноўшчыкамі Аляксандрам Анісімавым (дырыжор), Франчэска Прывітэра (рэжысёр, Германія), Нінай Ламановіч (хормайстар) быў прадстаўлены канцэртна-сцэнічны варыянт. Выканаўцамі вядучых партый тады былі: Юрый Бастрыкаў, Мікалай Маісеенка, Аркадзь Саўчанка, Тамара Глаголева, Таццяна Кнутовіч, Алег Гардынец, Васіль Кавальчук, Эдуард Пелагейчэнка, Наталля Руднева, Нагіма Галеева і інш. У 2010-м музычным кіраўніком новай пастаноўкі «Набука» стаў дырыжор Віктар Пласкіна. За стварэнне паўнавартаснага спектакля узялася каманда рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ – сцэнограф Аляксандр Касцючэнка, мастак па касцюмах Кацярына Булгакава, хормайстар Ніна Ламановіч. Галоўныя партыі выконвалі Уладзімір Пятроў, Станіслаў Трыфанаў, Ніна Шарубіна, Кацярына Галаўлёва, Андрэй Валенцій, Эдуард Мартынюк, Сяргей Франкоўскі, Алена Сало, Аксана Волкава, Аксана Якушэвіч і інш. Апошні раз гэтая опера была паказана на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў 2016-м .

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры