Архiў навiн

«Душой выкананы палёт»

 

 

 

Вытанчаная вучаніца легендарнай балярыны Ніны Млодзінскай, Вольга Лапо бліскала на беларускай сцэне ў балетах "Дон Кіхот", "Спартак", "Стварэнне свету", "Альпійская балада", "Бахчысарайскі фантан" і многіх іншых.

 

У Вялікі тэатр Беларусі будучая балерына прыйшла ў 10 гадоў, паступіўшы ў харэаграфічную вучэльню, якая ў тыя гады знаходзілася ў сценах тэатра.
– З дзесяці гадоў тэатр стаў маім другім домам. Мы бачылі ўсе спектаклі, яшчэ дзецьмі былі заняты ў операх і балетах, хадзілі на выступленні артыстаў, якія прыязджаюць да нас на гастролі, вучыліся ў нашых куміраў. Легендарныя Бася Карпілава, Ірына Савельева, Лідзія Ражэнава, Ніна Давыдзенка, Марына Пятроўна – пра іх можна казаць бясконца!

Педагогамі балярыны былі Валерый Міронаў, Валянцін Давыдаў, Аляўціна Карзенкова і, вядома ж, Ніна Млодзінская, якая калісьці вучылася ў Пецярбургу і прадстаўляла старую балетную школу, якая прыйшла ў Расію з Францыі.

У трупу Вялікага тэатра Беларусі Вольга Лапо і яе муж Віктар Саркісьян былі прыняты ў 1967 годзе. Амаль адразу ж маладая балерына з'ехала на стажыроўку ў Маскву ў Вялікі тэатр Расіі. Там яна вучылася ў знакамітай балярыны Соф'і Мікалаеўны Галоўкінай.
– Вопыт, які я набрала за год вучобы і працы там, даў мне вельмі вялікі штуршок у плане прафесіяналізму. У наступныя гады мы часта ездзілі ў Маскву, Соф'я Мікалаеўна заўсёды дазваляла нам наведваць класы. У Вялікім тэатры мы хадзілі на ўрокі да Марыны Цімафееўны Сямёнавай і Асафа Міхайлавіча Месерэра. Пазней ён ставіў "Лебядзінае возера" ў нас у тэатры, і мы бралі ў ім удзел. Пашчасціла сустрэцца і з легендарным Аляксеем Мікалаевічам Ермалаевым.

Адным з першых сур'ёзных спектакляў Вольгі Лапо стаў балет «Альпійская балада» ў пастаноўцы харэографа і рэжысёра Атара Дадзішкіліяні. Яна танчыла ў гэтай пастаноўцы разам з Віктарам Саркісьянам.
– Затым у мяне былі партыі Сальвейг у балеце Атара Міхайлавіча «Пэр Гюнт», Кітры ў «Дон Кіхоце», у спектаклі «Чыпаліна», які паставіў Генрых Маёраў, я з задавальненнем танчыла Радыску.

 

 

Маладая балярына таксама працавала з харэографам Расціславам Захаравым, яна танчыла Марыю ў яго «Бахчысарайскім фантане», Дзяўчыну ў «Шапэніяне», Фею лета і Папялушку ў аднайменным балеце.


– Потым прыехаў Валянцін Мікалаевіч Елізар'еў і пакарыў нас сваімі спектаклямі. Мае любімыя пастаноўкі – "Стварэнне свету", "Спартак". Пасля партый Евы і Фрыгіі – вельмі няпростых і вельмі розных вобразаў – я па некалькі дзён не магла ачуцца, не магла пераключыцца і адразу танцаваць нешта іншае.

 

У 1987 годзе Вольга Лапо пакінула сцэну і пачала выкладаць. У 1988 годзе разам з народным артыстам Беларусі Віктарам Саркісьянам яны з'ехалі ў Сірыю і адкрылі там дзіцячую балетную школу і студэнцкі тэатр танца. Прапрацавалі тры гады і, вярнуўшыся ў Мінск, Вольга Аляксандраўна пачала выкладаць у беларускай харэаграфічнай вучэльні. У 1998 годзе адбылася паездка ў Кітай ад харэаграфічнага каледжа, дзе муж і жонка працавалі як педагогі на працягу года.

Сёння Вольга Аляксандраўна працуе педагогам у Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы і выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яе вучаніцы танчаць у Вялікім тэатры Беларусі, у Беларускім музычным тэатры, у тэатры Барыса Эйфмана, у тэатрах іншых краін.

 

– Я прысвячаю сябе свайму любімаму Вялікаму тэатру Беларусі, у сценах якога я пражыла цэлае жыццё. Прыйшла сюды 10-гадовай дзяўчынкай, вырасла на лепшых традыцыях балетнага і опернага мастацтва, танчыла на гэтай сцэне і сёння імкнуся перадаць любоў да тэатра сваім вучням.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры