Юрый Караваеў

Дырыжор

  • Дыпламант II конкурсу аркестравых дырыжораў Філарманічнага аркестра Плаешці (Румынія, чэрвень 2023)
  • Лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі "Лепшая работа дырыжора ў музычным спектаклі" за работу ў спектаклях "Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)" С.Баневіча

Біяграфія

Скончыў Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча ім. М. І. Глінкі і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе скрыпкі (клас прафесара В. Г. Чарныша). У 2014 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці "оперна-сімфанічнае дырыжыраванне" (клас П. В. Вандзілоўскага).


Удзельнічаў у майстар-класах Ю. І. Сіманава ў Маскве, прайшоў стажыроўку ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. П. І. Чайкоўскага пад кіраўніцтвам В. А. Понькіна. Удзельнічаў у майстар-класе маладых дырыжораў Ховарда Грыфітса ў Германіі (Франкфурт-на-Одэры), дзе дырыжыраваў дзяржаўным Брандэнбургскім сімфанічным аркестрам.


З 2011 года з'яўляўся асістэнтам дырыжора сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. За час працы з аркестрам тэлерадыёкампаніі выступіў як дырыжор у розных тэлевізійных праектах, сярод якіх конкурс "Маладыя таленты Беларусі" (2011), конкурс "Еўрабачанне-2012", "Месца сустрэчы" (2012) і іншыя. Неаднаразова дырыжыраваў канцэртамі ў студыі Дома радыё ў рамках трансляцый радыёканала "Культура", удзельнічаў у запісе многіх твораў для фонду Беларускага радыё.
У 2013 кіраваў выкананнем канкурсантаў з аркестрам у фінальных турах ІІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных смычковых інструментах ім. М.Ельскага (у намінацыях "альт" і "кантрабас") і быў удастоены звання "Лепшы дырыжор конкурсу".
З 2013 года выступаў з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь як запрошаны дырыжор. У 2014 годзе стаў другім дырыжорам сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
У 2016 годзе стаў штатным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. За час работы ў Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестры Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у многіх знакавых праектах аркестра і іншых калектываў Белдзяржфілармоніі.
Пад кіраваннем Юрыя Караваева прайшлі гастролі Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь па гарадах Германіі і іншых краін Заходняй Еўропы з праграмамі "Музыка Ханса Цымера", "Уладар пярсцёнкаў", "Кароль Леў" і "Музыка кіно".
З 2020 года супрацоўнічае з сімфанічным аркестрам "Classic Energy".
З сакавіка 2022 г. з'яўляецца дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі.


РЭПЕРТУАР

Дырыжор-пастаноўшчык опер

"Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)" С. Баневіча (2022)

"Моцарт і Сальеры" М. Рымскага-Корсакава (2022)


 

Партнёры