Хор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь прайшоў слаўны 70-гадовы шлях свайго прафесійнага ўдасканалення і сёння з’яўляецца адным з вядучых харавых калектываў краіны.
Значны ўклад у яго станаўленне ўнёс народны артыст Беларусі Аляксей Кагдзееў (1926-1997 г.г), які ўзначальваў калектыў з 1960 па 1993 г.г. З 1993 года галоўным хормайстрам з’яўляецца народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч.
Сёння хор тэатра складаецца з 70-ці высокапрафесійных музыкантаў. Значную частку складае творчая моладзь – выпускнікі вакальнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Творчаму ўзлёту прафесійнага майстэрства артыстаў хору спрыялі: бліскучае выкананне Рэквіема Дж.Вердзі, Рэквіема В.А.Моцарта, Нямецкага рэквіема І.Брамса, “харавых” опер – “Князь Ігар” А.Барадзіна, “Набука” Дж.Вердзі, “Кармэн” Ж.Бізэ, “Пікавая дама” П.Чайкоўскага, удзельнічае ў балетных спектаклях “Карміна Бурана” (К.Орф) і “Страсці” (А.Мдзівані) і інш.
У рэпертуары хору – творы кантатна-аратарыяльнага жанру: “Вясна” С.Рахманінава, “Курскія песні” Г.Свірыдава, опера-араторыя І.Стравінскага “Цар Эдзіп”. Сольныя канцэртныя праграмы ўключаюць у сябе хоры a cappella (духоўная музыка, музыка рускіх і савецкіх кампазітараў).
Выдатнае гучанне хору стала адным са складальнікаў поспеху опернай трупы на гастролях у Бразіліі, Германіі, Ізраілі, Іспаніі, Польшчы, Партугаліі, Швейцарыі, Тайландзе.
У публікацыях замежнай прэсы аб выступленнях Беларускай оперы на фестывалі "Classic Openair" у г.Салатурне (Швейцарыі) хор названы адным з галоўных “герояў” фестывалю.

Галоўны хормайстар

Хормайстры

Артысты

Загадчык трупы хору

Партнёры