Уладзімір Авадок скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі як піяніст (у класе прафесара Л.С. Шэламенцавай) і оперна-сімфанічны дырыжор (у класах прафесара Г.П. Праваторава і В.І. Воліча), навучаўся ў аспірантуры акадэміі. Удзельнічаў у міжнародных майстар-класах прафесараў Золтана Пяшко, Коліна Мэтэрса, Юрыя Сіманава, кансультаваўся ў В.С. Сіннайскага, стажыраваўся ў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Н.А. Рымскага-Корсакава ў класе прафесара А.В. Аляксеева.
У 2015 годзе Уладзімір Авадок - студэнт і асістэнт маэстра Рыкарда Муці у Італьянскай опернай акадэміі (Равена, Італія), удзельнічае ў пастаноўцы оперы «Фальстаф» Дж. Вердзі. У 2017 годзе - дырыжор-пастаноўшчык Равена-фестывалю (Італія), у рамках якога ў супрацоўніцтве з рэжысёрам Крысцінай Мадзавілані-Муці ставіць оперы «Тоска» Дж. Пучыні, «Паяцы» Р. Леонкавала, «Сельскі гонар» П. Масканьі. У 2019 у рамках гэтага фестывалю стаў дырыжорам-пастаноўшчыкам "Кармэн" Ж. Бізэ.
У цяперашні час з'яўляецца дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі, дырыжорам сімфанічнага аркестра Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
У Вялікім тэатры Беларусі выступіў у якасці дырыжора-пастаноўшчыка оперы «Пінокіа» Г.Бруні (2020г.), балета «Спячая прыгажуня» П.І.Чайкоўскага (2022г.).