У Камернай зале тэатра вечарам 25 сакавіка адбудзецца канцэрт «Ад оперы да раманса», у якім прымуць удзел Марына Ліхашэрст (сапрана), Кацярына Акавіцкая (віяланчэль), Юлія Шчарбакова (фартэпіяна).
Уладальніца гнуткага, пачуццёвага сапрана салістка Вялікага тэатра Беларусі Марына Ліхашэрст будзе спяваць папулярныя арыі і камерныя творы — класічныя і старажытныя рамансы. Вядомыя вакальныя творы прагучаць на рускай, італьянскай, партугальскай і іншых мовах.
У праграме будзе гучаць і інструментальная музыка. Віяланчэлістка аркестра беларускага Вялікага тэатра Кацярына Акавіцкая выканае творы для віяланчэлі кампазітараў-класікаў і вядомыя сучасныя хіты.
Меламаны несумненна ацэняць дуэт голасу і віяланчэлі. Маючы густы, насычаны, пявучы, праніклівы гук, віяланчэль часта нагадвае тэмбр чалавечага голасу і шырока выкарыстоўваецца, калі трэба выказаць у музыцы глыбокія эмоцыі.
Партыю фартэпіяна выканае піяністка Юлія Шчарбакова. У суправаджэнні гэтай прылады вакальнае выкананне і гучанне віяланчэлі набываюць адмысловую паўнату і багацце гармоніі.