У праграме, якую салістка оперы, уладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Пятрова прадставіць у камернай зале тэатра 16 сакавіка, будзе гучаць вакальная музыка С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, А.Арэнскага, Р.Гліэра, а таксама – паэтычныя радкі А.Пушкіна, А.Фета, К.Бальмонта, А.Блока, В. Брусава і інш. За раялем – лаўрэат міжнародных конкурсаў Анастасія Дубоўская.
«Я б назвала гэта не канцэрт, а музычна-паэтычны вечар, прысвечаны каханню, маладосці, вясне... – кажа Таццяна Пятрова. Гэта сольнае выступленне спявачка рыхтуе ў юбілейны для сябе год. – Паверце, калі хочаце адпачыць душой, атрымаць зарад пазітыўнай энергіі, пачуць выдатную музыку і цудоўныя паэтычныя радкі – прыходзьце 16 сакавіка ў тэатр. Усё наша жыццё – нібы чатыры пары года. Маладосць, першыя спатканні, першае каханне – гэта вясна.
Станаўленне і асалода жыццём – лета. Першы смутак і трывога – Восень. Непазбежныя страты і растанні – Зіма. Адсюль – і назва – «Чатыры сезоны кахання», бо жыццё неймаверна без гэтага галоўнага пачуцця. Хачу падарыць кожнаму прамень надзеі і шчасця, менавіта таму завершыць канцэрт раманс «Ці пануе дзень» Чайкоўскага – як падзяку кожнаму з нас – за сонца, радасць, святло…
Выкананне рамансаў патрабуе асаблівай тонкасці, таму ў «сааўтары» я ўзяла канцэртмайстра Анастасію Дубоўскую – дзівосна музычнага чалавека. Разам з ёй выканаем рамансы, прагучаць і некалькі фартэпіянных п'ес. Вершы прачытае рэжысёр праграмы-Наталля Бараноўская. Упэўнена, яна зможа адчуць настрой канцэрта-і прыўнясе вытанчаную нотку ў гэты вечар».
Дададзім, што праграму Таццяна Пятрова складала сама і многія рамансы рыхтавала спецыяльна да гэтага вечара. Раманс – гэта гісторыя жыцця, пражытая тут і цяпер. У выкананні кожнага артыста гэта гісторыя гучыць па-свойму. Сваю прыгожую гісторыю раскажа Таццяна Пятрова вам, дарагія гледачы, 16 сакавіка.