“Людміла Хітрова − з'ява ў беларускім балеце”, − так пачаў сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб.
На сваёй роднай сцэне блістала заслужаная артыстка нашай рэспублікі. 14 лютага яна была Джульетай, у яе гонар давалі балет С.Пракоф'ева. У фае працавала выстаўка, прысвечаная балерыне. А пасля спектакля гледачы змаглі атрымаць аўтограф у Людмілы Хітровай, сказаць ёй самыя цёплыя словы і падзякаваць за прыгажосць і талент.
Прыма-балерына Людміла Хітрова прызналася, што марыла пра ролю Джульеты з самага дзяцінства. “Звычайна дзяўчынкі ў вучылішчы імкнуцца танцаваць партыю Адэты-Адыліі з “Лебядзінага возера”, балет Чайкоўскага лічыцца эталонным спектаклем. А я вельмі добра памятаю, як аднойчы запрошаны тэатр прывёз да нас сваю пастаноўку балета “Рамэа і Джульета”. Я проста закахалася ў музыку Пракоф'ева і ў гэты вобраз! З таго часу мне страшэнна хацелася танцаваць менавіта гэтую гераіню. Памятаю, як цяпер: мне 13 гадоў, я стаю за кулісамі і разумею − хачу танцаваць Джульету!..”
Нагадаем, падчас праекта “Жыццё ў прафесіі”, які ініцыяваў І.Колб, гледачы бліжэй знаёмяцца з творчасцю трох вядучых балерын – Ірыны Яромкінай, Людмілы Хітровай і Марыны Вежнавец.
23 лютага ў вобразе дзяўчыны на сцэну Вялікага тэатра Беларусі выйдзе Марына Вежнавец, гэта будзе бенефісны спектакль у гонар заслужанай артысткі нашай рэспублікі – паказ аўтарскага балета І. Колба “Ілюзіі кахання”. Галоўную партыю ў ім Марына прымерыць на сябе ўпершыню.