Вялікі тэатр Беларусі ўзнагароджаны юбілейным Залатым медалём Міжнароднага саюза музычных дзеячаў, які заснаваў гэтую ўзнагароду ў гонар 100-гадовага юбілею вялікай рускай спявачкі Ірыны Архіпавай.
У 2025 годзе ўвесь музычны свет адзначае гэтую дату – 100 гадоў з дня нараджэння Ірыны Архіпавай, адной з самых яркіх фігур у гісторыі опернага тэатра. Міжнародны саюз музычных дзеячаў, які заснавала і больш за 30 гадоў узначальвала Ірына Канстанцінаўна, стаў арганізатарам мноства музычных фестываляў і конкурсаў, у тым ліку – Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М.І. Глінкі.
На працягу юбілейнага года медалямі будуць узнагароджвацца выдатныя музычныя дзеячы, а таксама расійскія і замежныя оперныя тэатры.
У 1980-90-я Ірына Архіпава была частым госцем Вялікага тэатра Беларусі. На беларускай сцэне оперная дзіва не раз выступала, удзельнічала ў фестывалях, і сама была арганізатарам надзвычай цікавых праектаў, такіх як: Усесаюзны фестываль майстроў опернага і балетнага мастацтва, Фестываль лаўрэатаў Міжнароднага конкурсу імя П. І. Чайкоўскага і інш.
Ад усёй душы віншуем увесь калектыў Вялікага тэатра Беларусі з гэтай ганаровай узнагародай!
На заметку
10 сакавіка на сцэне Канцэртнай залы Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) выступілі лаўрэаты XXVII Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М.І. Глінкі. У тым ліку − саліст оперы Вялікага тэатра Беларусі Іосіф Нікіценка, уладальнік спецыяльнага прыза за лепшае выкананне народнай песні гэтага конкурсу. Сімфанічным аркестрам Марыінскага тэатра дырыжыраваў маэстра Валерый Гергіеў.
Гэты канцэрт даў старт Міжнароднаму туру з удзелам лаўрэатаў конкурсу. Маштабны тур, які пачаўся ў Санкт-Пецярбургу і на працягу 2025 года ахопіць 17 гарадоў Расіі, Арменіі, Азербайджана, Узбекістана і Беларусі, прысвечаны юбілею вялікай рускай спявачкі Ірыны Архіпавай, якая ўзначальвала журы Конкурсу імя М. І. Глінкі.
Так, 13 сакавіка гэты канцэрт пройдзе на сцэне Чалябінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя М. І. Глінкі. Дырыжор − Яўген Валынскі. А 15 сакавіка − на сцэне Башкірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Дырыжор − галоўны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў.
У снежні 2025-га гэты канцэрт пачуюць і беларускія гледачы: ён пройдзе ў межах Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форума ў Вялікім тэатры Беларусі.