Вялікі тэатр Беларусi
Вялікі тэатр Беларусi
Вакальны цыкл, прысвечаны опернай спявачцы, і абсалютная прэм'ера… 13 мая ў Камернай зале Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца канцэрт «Белыя крылы надзеi». У праграме – творы трох сучасных беларускіх кампазітараў розных пакаленняў – Сяргея Бельцюкова, Георгія Сасноўскага і Яўгена Якабука. Гэты канцэрт – вынік працы творчага саюзу таленавітых музыкантаў, якія ведаюць адзін аднаго з дзяцінства…
«Я люблю сучасную музыку ў прынцыпе, не толькі беларускую. Згадзіцеся, вельмі цікава назіраць, чым жывуць твае сучаснікі, ці хвалюе іх тое, што хвалюе цябе, ды і як у цэлым развіваецца наша культура… – разважае Таццяна Гаўрылава, салістка оперы Вялікага тэатра Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны. – Гэта яшчэ і шлях да пазнання самога сябе. У нейкі момант пачынаеш задумвацца: што адрознівае беларускую музыку і чаму? Бо ў яе ж асаблівая прыгажосць: у ёй – тонкая рамантычнасць і амаль няма драматычнага канфлікту. Яна хутчэй філасофская, глыбокая, часам сумная, але пры гэтым – дзівосна жыццесцвярджальная».
Менавіта гэта можна знайсці ў вакальным цыкле Георгія Сасноўскага на вершы Вольгі Дадзіомавай, які быў напісаны спецыяльна для сапрана Таццяны Гаўрылавай: «Гэтыя рамансы – як раз аб трыумфе жыцця, аб выбары, перад якім усе мы часам аказваемся: прайсці праз цяжкасці ці здацца?.. І выснова адназначная: неабходна жыць, ствараць, натхняцца…» Мажліва, менавіта таму канцэрт і атрымаў назву «Белыя крылы надзеi».
«Творчасць для мяне – гэта праца каманды аднадумцаў, – падкрэслівае Таццяна Гаўрылава. – Лічу, толькі падзяляючы агульныя погляды і каштоўнасці, можна стварыць штосьці сапраўды важнае».
І гэта не проста словы. Кампазітар Георгій Сасноўскі, піяніст і паэт Віталь Стахіевіч, піяністка Вольга Запольская, скрыпачка Ксенія Бельцюкова, оперная спявачка Таццяна Гаўрылава – выпускнікі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і самой акадэміі. «Атрымліваецца такі амаль сямейны канцэрт, – смяецца Таццяна. – Людзей, звязаных адной музычнай школай, агульнымі поглядамі на сяброўства, каханне і жыццё ў цэлым…»
У канцэрце прагучаць і творы знакамітага беларускага кампазітара Сяргея Бельцюкова, а таксама маладога аўтара Яўгена Якабука. (У гэты вечар упершыню публіка пачуе цікавы вакальны цыкл Я. Якабука – «Ледзяное сонца», у аснове якога – тэма «унутранай зімы», адзіноты і пошуку сябе.)
«Мне здаецца, неабходна спрабаваць разумець і разгадваць сэнсы, укладзеныя ў беларускай музыцы, якая ў тым ліку ёсць адлюстраванне нас саміх, – упэўнена Таццяна Гаўрылава. – А для гэтага трэба яе пазнаваць…»
Дададзім, што рэжысёрам праграмы выступае Наталля Кузьмянкова.
Пачатак у 19:30.