Вялікі тэатр Беларусi
Вялікі тэатр Беларусi
7 і 8 мая на сцэне опернага тэатра «Хо Гыом» у Ханое Вялікі тэатр Беларусі прадставіў гала-канцэрт Bella Belarus. Гледачы не хацелі адпускаць артыстаў – апладысменты і крыкі «Брава!» не смаўкалі. Віншуем усю творчую каманду з паспяховымі выступленнямі!
Праграму Гала пабудавалі вядучыя спецыялісты – мастацкі кіраўнік тэатра, народны артыст Башкартастана Арцём Макараў, галоўны рэжысёр, уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная, галоўны балетмайстар, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб.
На сцэне выступілі народныя і заслужаныя артысты, чые галасы даўно заваявалі сэрцы як беларускай публікі, так і гледачоў вядучых оперных пляцовак свету, – Настасся Масквіна, Аксана Волкава, Уладзімір Громаў, Андрэй Валенцій; а таксама маладыя салісты, якія ўжо заявілі пра сябе ў сур’ёзных партыях, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, многія з якіх паспяхова прадстаўляюць тэатр па-за межамі рэспублікі: Анастасія Міхнавец, Дар’я Гаражанка, Дзмітрый Шабеця, Аляксандр Міхнюк, Кірыл Панфілаў, Андрэй Мацюшонак. Балетная трупа працягнула тую ж лінію творчага дыялогу пакаленняў. У тэатры «Хо Гыом» выступілі народны артыст краіны Антон Краўчанка, уладальнік медаля Францыска Скарыны Аляксандра Чыжык, вядучыя салісты балета Аліна Рудэнка, Канстанцін Белахвосцік, Уладзімір Руда і зусім маладая артыстка, якая падае вялікія надзеі, Ніка Скрабкова. У В’етнам адправіўся Сімфанічны аркестр Вялікага тэатра Беларусі (дырыжор – народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі) і ансамбль «A.M.A.D.I.S.Brass» (музычны кіраўнік – Дзмітрый Гарбачук).
У праграме Гала прагучалі арыя Рабэрта з оперы «Іаланта» П.Чайкоўскага, Вальс Джульеты з оперы Ш.Гуно, Песня Варажскага госця з оперы «Садко» М.Рымскага-Корсакава, хабанэра з оперы Ж.Бізэ «Кармен», арыя Адрыены Лекуврэр з оперы Ф.Чылеа, баркарола з оперы Ж.Афенбаха «Казкі Гофмана», арыя Луізы з сарсуэлы Р.Чапі «Дочкі Зеведэя», арыя Каварадосі з оперы «Тоска» і арыя Калафа з оперы « Турандот» Дж. Пучыні, каваціна Фігара з оперы Дж. Расіні «Севільскі цырульнік» і многія іншыя творы.
Салісты беларускага балета прадставілі класічныя нумары – па-дэ-дэ з балета «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага (харэаграфія М.Пеціпа) і з балета «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (харэаграфія А.Горскага), знакамітую мініяцюру «Лебедзь» на музыку К.Сен-Санса (харэаграфія М.Фокіна). У канцэрце гледачы ўбачылі і сучасную харэаграфію: чатыры нумары ў харэаграфіі галоўнага балетмайстра тэатра, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Колба – на музыку Ф. Шапена, К.В. Глюка, Г.Свiрыдава, Э.Канніа; а таксама нумар на музыку А.П’яцолы ў харэаграфіі народнага артыста Беларусі Канстанціна Кузняцова і заслужанай артысткі рэспублікі Юліі Дзятко.



















Вялікі тэатр упершыню за апошнія 30 гадоў правёў гастролі ў В’етнаме і ўпершыню выступіў у знакамітым тэатры Ханоя.
Адміністрацыйна-творчую групу ўзначаліла генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава.
7 мая Кацярына Мікалаеўна правяла рабочую сустрэчу з дырэктарам Опернага тэатра «Хо Гыом» – генерал-маёрам, народным артыстам В’етнама Нгуенам Конг Баю. Тэатры дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве.
8 мая, пасля першага паспяховага выступу Вялікага тэатра Беларусі ў В’етнаме – на сцэне опернага тэатра «Хо Гыом» у Ханое, працягнуліся рабочыя візіты Кацярыны Дулавай – адбылася сустрэча з намеснікам дырэктара Ханойскай оперы спадаром Чу Ань Хунгам.
На сустрэчах прысутнічалі Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы В’етнам Уладзімір Уладзіміравіч Баравікоў і консул Беларусі ў В’етнаме Крысціна Кавалевіч.
Дададзім, што 12 чэрвеня ў рамках фестывалю «Балетнае лета» ў Вялікім тэатры Беларусі адбудзецца гала-канцэрт «Шаўковая нітка», сумесны праект з В’етнамскім аркестрам традыцыйных інструментаў Опернага тэатра «Хо Гыом».



