Вялікі тэатр Беларусi
Вялікі тэатр Беларусi
2 чэрвеня Камерная зала Вялікага тэатра Беларусі стане пляцоўкай для музычнага дыялогу. Канцэрт «Культурны мост: Беларусь – Турцыя» збярэ на адной сцэне выдатных музыкантаў з дзвюх краін. У праграме прымуць удзел флейтыстка з Турцыі Леля Байрамагулары, салісты оперы Вялікага тэатра Аксана Волкава (меца-сапрана) і Кірыл Панфілаў (барытон), а таксама Юлія Шчарбакова (фартэпіяна). Заслужаная артыстка рэспублікі Аксана Волкава выступіць і ў якасці рэжысёра вечара.
Незвычайныя аранжыроўкі, яркія мелодыі, цудоўны голас флейты, разнастайны малюнак музычных кампазіцый… Асаблівая ўвага ў гэты вечар будзе нададзена госці – Лелі Байрамагулары. Таленавіты музыкант атрымала рознабаковую музычную адукацыю: у 1994 годзе скончыла з адзнакай Дзяржаўную кансерваторыю Універсітэта Докуз Эйлюль у класе прафесара Джахіта Капарала (Турцыя, Ізмір); у 1999-м – магістратуру Універсітэта мастацтваў Фолькванг (Германія, Эсэн) пад кіраўніцтвам дацэнта Ё Васіа і прафесара Андрэ Себальда; у 2014-м атрымала ступень доктара мастацтваў у Дзяржаўнай кансерваторыі пры Універсітэце імя Мімара Сінана ў Стамбуле (Турцыя) пад кіраўніцтвам дацэнта Айлы Улудэрэ; прайшла шматлікія майстар-класы сольнага і камернага выканальніцтва ў такіх знакамітых майстроў, як Ж.-П. Рампаль, А. Нікале, А. Адар’ян, а таксама прафесараў М. М. Кофлера, Л. Ачаўкавай, М. Эпштэйна, Р. Вентдорф.
Талент флейтысткі быў адзначаны ў 1996 годзе перамогай на конкурсе камернай музыкі «Kohler Ostbahr» у Эсэне (Германія). У гэтыя ж гады Леля пачала актыўную канцэртную дзейнасць як салістка, удзельніца камерных ансамбляў і аркестравы музыкант. З 1999 года і да цяперашняга часу Леля Байрамагуллары супрацоўнічае з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Антальі (Турцыя). У 2000 годзе яна заснавала клас флейты ў Дзяржаўнай кансерваторыі Універсітэта Акдэніз (г. Анталья, Турцыя), дзе выкладала да 2007 года. Артыстка з'яўляецца ўдзельніцай многіх міжнародных праектаў. У прыватнасці, была запрошана ў якасці ганаровага члена журы XVI Міжнароднага конкурсу флейтыстаў у Ніццы (Францыя). З 2015 года Леля з'яўляецца актыўнай удзельніцай Стамбульскага флейтавага ансамбля (Istanbul Flute Ensamble), у складзе якога ў 2018 годзе выступіла ў рамках Вялікага фестывалю флейты ў Вашынгтоне (ЗША).
У праграме 2 чэрвеня – творы вядомага кампазітара беларускага паходжання Я. Магаліфа і народныя песні Турцыі, арыі і дуэты з беларускіх опер («Сівая легенда» Дз. Смольскага, «Зорка Венера» Ю. Семянякі) і бліскучая фантазія Ф. Борна на тэмы оперы Ж. Бізэ «Кармэн», а таксама сапраўдны «хіт» – арыя Фігара з оперы «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні. Пачатак канцэрта ў 19:30.
