Большой театр Беларуси

 

11 чэрвеня 19:00 | Балетнае лета ў Вялікім

Пётр Чайкоўскі

Лебядзінае возера

балет у 2 дзеях

Мінск – Чалябінск. Гастролі

 

З 23 па 26 чэрвеня на сцэне Чалябінскага тэатра оперы і балета будзе гучаць геніяльная музыка Сяргея Пракоф'ева. 23 і 24 чэрвеня калектыў Вялікага тэатра Беларусі прадставіць адну з самых прыгожых і трагічных гісторый кахання — балет «Рамэа і Джульета» (пастаноўка В. Елізар'ева). 25 і 26 чэрвеня гледачоў чакае казка «Папялушка», музыка якой дыхае дабрыней, надзеяй і верай у немагчымае (пастаноўка Ю. Дзятко і К. Кузняцова).


Галоўныя партыі ў пастаноўках выканаюць вядучыя салісты балета Вялікага тэатра: Людміла Хітрова, Аліна Рудэнка, Ірына Яромкіна, Марыя Музалеўская, Таццяна Уласень, Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў, Дзяніс Шпак, Уладзіслаў Каляда, Аляксандр Місіюк, Канстанцін Белахвосцік, Уладзімір Руда, Андрэй Барыеў і інш. Усяго ў сталіцу Паўднёвага Урала адпраўляецца 80 чалавек. За дырыжорскім пультам аркестра Чалябінскага тэатра оперы і балета будуць стаяць Уладзімір Авадок і Віталь Грышчанка.


Нагадаем, у снежні 2022 года Вялікі тэатр Беларусі і Чалябінскі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета імя М. І. Глінкі падпісалі мемарандум аб творчым супрацоўніцтве. Вынікам гэтага ўзаемадзеяння і сталі абменныя гастролі. Так, у 2023 годзе Вялікі тэатр Беларусі прадставіў у Чалябінску спектаклі на музыку Пятра Чайкоўскага – балеты «Ганна Карэніна» і «Лебядзінае возера». А калектыў з Чалябінска тады прывёз у Мінск як балетны, так і оперны спектаклі: «Карсар» А. Адана і «Баль-маскарад» Дж. Вердзі. У гэтым годзе тэатр са сталіцы Паўднёвага Урала ў рамках праекта «Гастрольнае лета ў Вялікім» прадставіць у Мінску два балеты – «Раймонда» і «Мата Хары».


Фестываль «У гонар Кацярыны Максімавай» даўно стаў для Чалябінскай вобласці культурнай візітнай карткай. Прыма пакінула пасля сябе цэлую плеяду артыстаў-паслядоўнікаў. Са сваёй вучаніцай, балерынай чалябінскай трупы Таццянай Прадзеінай, Максімава падрыхтавала цэлы шэраг унікальных партый у класічных спектаклях. Сёння Таццяна Барысаўна працягвае справу вялікай рускай балерыны, выхоўвае ўжо сваіх падапечных і праводзіць фестываль у памяць пра сваю настаўніцу. «Наш фестываль унікальны, бо Кацярына Сяргееўна заўсёды была пастаянным удзельнікам, заўсёды з вялікім інтарэсам і радасцю прылятала да нас і на адкрыццё, і на ўвесь фестываль...» — сказала народная артыстка Расіі Таццяна Прадзеіна падчас адкрыцця творчага праекта ў гэтым годзе.


У 2014 годзе фестываль балета набыў новы статус: калі раней удзельнікамі станавіліся толькі запрошаныя салісты, то з 2014 года ў Чалябінск сталі прыязджаць знакамітыя трупы з Расіі і замежжа.
У 2026 годзе фестываль «У гонар Кацярыны Максімавай» праходзіць пад дэвізам «Насустрач культурнай сталіцы». Упершыню свае спектаклі прадставяць тэатры оперы і балета з Навасібірска і Варонежа, а таксама зноў на чалябінскай сцэне выступіць Акадэмія Рускага балета імя Ваганавай.


«Казка, дзе справядлівасць возьме верх…»


На сцэне Вялікага тэатра Беларусі першую пастаноўку «Папялушкі» С. Пракоф'ева ажыццявілі ў 1965-м дырыжор Т. Каламійцава, балетмайстар Р. Захараў і мастак Я. Чамадураў. Праз 44 гады – у 2009-м на беларускай сцэне балетмайстар Ю. Пузакоў прадставіў сваё бачанне балета «Папялушка». Дырыжорам-пастаноўшчыкам выступіў В. Пласкіна, мастаком – А. Касцючэнка.
У 2024-м сваё прачытанне казачнай гісторыі пра «Папялушку» прадставілі: аўтары харэаграфіі і балетмайстры-пастаноўшчыкі – народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў і заслужаная артыстка рэспублікі Юлія Дзятко; дырыжор-пастаноўшчык – дыпламант міжнароднага конкурсу Юрый Караваеў; мастакі-пастаноўшчыкі – народны мастак Расійскай Федэрацыі Вячаслаў Окунеў (сцэнаграфія і касцюмы), лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў Любоў Сідзельнікава (сцэнаграфія), Яўген Лісіцын (мастак па святлу), Павел Сувораў (мастак па камп'ютарнай графіцы).


«Перад намі, як і перад нашымі папярэднікамі, стаяла адна задача: зрабіць яркі, цікавы спектакль, дзе паказана казка, у якой справядлівасць абавязкова пераможа, за дабро ўзнагародзяць, а зло будзе пакарана... – кажа Канстанцін Кузняцоў. – Не сакрэт, што мы з Юліяй (харэограф-пастаноўшчык, заслужаная артыстка Юлія Дзятко) больш працуем з сучаснай харэаграфіяй. А ставіць давялося класічны балет! Так, гэта было няпроста… Мы стараліся ставіцца да гэтай пастаноўкі з гумарам. І паспрабавалі выкарыстаць найпрасцейшую харэаграфічную лексіку, не перагружаючы ўсё шматслойнасцю. Каб тэкст гісторыі быў максімальна проста пададзены – і самы недасведчаны глядач мог без праграмкі разабрацца, што адбываецца на сцэне».


Дададзім, што менавіта гэты спектакль стаў пераможцам у намінацыі «Лепшы спектакль балета» на Нацыянальнай тэатральнай прэміі-2025. Балерына Аліна Рудэнка – уладальніца гэтай прэміі ў намінацыі «Лепшая жаночая роля ў музычным спектаклі» менавіта за партыю Папялушкі.


«Я люблю атмасферу казкі гэтага спектакля. Але сказаць складана: якая яна, мая Папялушка, – кажа вядучая балерына Вялікага тэатра Аліна Рудэнка, – я заўсёды стараюся зрабіць яе рознай. Рамантычная, загадкавая, пяшчотная... Іншы раз – больш дынамічная, цікаўная. Не бывае аднолькавага стану, бо ў кожнай ролі заўсёды застаецца частка мяне... Дадам, што мне падабаецца танцаваць у спектаклі К. Кузняцова і Ю. Дзятко. Пачынаючы ад пастановачнага працэсу і да выхаду на сцэну у створаным балеце панаваў цудоўны настрой, які цябе зараджае і сёння...»


«Тэатр Шэкспіра – тэатр масак. А сама Верона – горад балоў, паядынкаў і карнавалаў, у якіх твары становяцца маскамі, а маскі незаўважна ператвараюцца ў твары, і цяжка зразумець, дзе сапраўднае, а дзе ўяўнае… Каханне Рамэа і Джульеты і іх вялікая ахвяра не змянілі свет. Злосць, варожасць, каварства і здрада становяцца звыклымі, яны працягваюць жыць ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, несучы з сабой усё новыя і новыя трагедыі… Але каханне застаецца. Яно – адзінае прыстанішча і надзея для жывой душы…» – кажа Валянцін Елізар’еў, народны артыст СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, харэограф-пастаноўшчык балета.


Сцэнічная версія балета «Рамэа і Джульета» створана Валянцінам Елізар'евым у 1988 годзе, прэм'ера новай аўтарскай рэдакцыі адбылася ў 2018-м. Спектакль у мастацкім увасабленні Эрнста Гейдэбрэхта неаднаразова паказваўся на гастролях у Францыі, Швейцарыі, Нідэрландах, Нарвегіі, Германіі, Таіландзе, Югаславіі, Японіі, Кітаі, Турцыі і іншых краінах.


Пра спектакль кожны раз з захапленнем гавораць балетныя крытыкі.


«Елізар’еў арганічна, са свабодай будуе пластычна-вобразнае дзеянне ад лірыка-паэтычных сцен да сапраўднай трагедыі. І мы нідзе не знойдзем надуманасці харэаграфічнага тэксту. Хоць ён складаны, поўны метафар, смела і разнастайна злучае музыку, пластыку, колер…» Мікалай Эльяш

«Падзеі даўніх часоў, пра якія расказвае балет, адбываліся нібыта на вачах у гледачоў. Апранутыя ў шэра-чорнае адзенне фігуры Варожасці, здаецца, былі гатовыя пераступіць праз рампу і спусціцца ў глядацкую залу…
Запамінальных вобразных знаходак, самабытных харэаграфічных афарызмаў у спектаклі нямала. Выразным пластычным лейтматывам, які праходзіць праз увесь балет, быў абрыс крыжа, які можна назваць пэўным сімвалам эпохі. Ён выкарыстоўваўся ў балеце шматпланава і вынаходліва, разгортваючыся ў дынаміцы ўсялякімі ракурсамі і набываючы метафарычнае значэнне…» Юлія Чурко

 

Да тэмы

З 7 па 11 ліпеня Вялікі тэатр Беларусі прыме ўдзел у культурным праекце «XXV Летнія балетныя сезоны» у Маскве – прадставіць два спектаклі: «Баядэрка» і «Жызэль» (пастаноўкі галоўнага балетмайстра тэатра, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Колба). У Маскву едуць як артысты балетнай трупы, так і артысты аркестра (дырыжор – народны артыст Башкартастана Арцём Макараў). Выступленні пройдуць на сцэне Расійскага Акадэмічнага Маладзёжнага тэатра.

 

 

 

 

Партнёры