Вялікі тэатр Беларусi
Вялікі тэатр Беларусi
Джузепе Вердзі
Макбет
опера ў 3 дзеях Вт | 12 мая 2026|19:00
Узрoст 16+ Дирижер – Владимир Оводок |
Даты спектакля
|
Лібрэта Франчэска Марыі П'яве, Андрэа Мафеі па аднайменнай трагедыі Уільяма Шэкспіра
Дырыжор-пастаноўшчык – заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна
Рэжысёр-пастаноўшчык – уладальнік медаля Францыска Скарыны Міхаіл Панджавідзе
Хормайстар-пастаноўшчык – народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Ламановіч
Мастак-пастаноўшчык – уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Касцючэнка
Мастакі па касцюмах – народны мастак Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Окунеў, Марыя Мароз
Балетмайстры-пастаноўшчыкі – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Дзятко, народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў
Дырыжоры – Уладзімір Авадок, дыпламант міжнароднага конкурсу Юрый Караваеў, народны артыст Рэспублікі Башкортастан Арцём Макараў
Выконваецца на італьянскай мове з рускімі субтытрамі
Працягласць – 3 гадзіны 15 хвілін з двума антрактамі
Прэм'ера – 19 сакавіка 2016 года
Макбет – Станислав Трифонов
Леди Макбет – Татьяна Третьяк
Банко – Дмитрий Капилов
Макдуф – Иван Березин
Фрейлина – Марина Лихошерст
Малкольм – Александр Гелах
Доктор – Сергей Лазаревич
Слуга, убийца – Владислав Зозулько
Ведьмы – Артем Задворнов, Владислав Крук, Даниил Поляков
Дзея першая
Глыбокай ноччу варожаць тры ведзьмы. Барабанны дроб абвяшчае пра набліжэнне Макбета і Банка — палкаводцаў караля Дункана, якія вяртаюцца пасля ўдалага паходу супраць нарвежцаў. Ведзьмы па чарзе вітаюць Макбета і ўзвялічваюць яго:
— «Будзь здароў, Макбет, будзь здароў, Гламісскі тан*! Будзь здароў, Макбет, будзь здароў, Каўдорскі тан! Будзь здароў, Макбет, будзь здароў, кароль у будучыні!..»
Макбет уражаны — бо калі Гламісскім танам ён павінен стаць па праве спадчыны, то Каўдорскі тан жывы, як і кароль Дункан — стрыечны брат Макбета. Банку ж ведзьмы прарочац:
— «Будзь здароў! Будзь здароў! Будзь здароў! Ніжэйшы за Макбета — і вышэйшы. Менш шчаслівы, але шчаслівейшы. Сам — не кароль, але прашчур каралёў».
Ганцы Дункана прыносяць вестку: за перамогу ў бітве ўладанні і тытул Каўдора пераходзяць да Макбета. Банка заўважае роздумы Макбета пра будучае царстванне.
У замку Інвернэс ледзі Макбет чытае ліст мужа пра прароцтвы ведзьмаў. Нішто не спыніць ледзі на шляху да трона, фанабэрыю і амбіцыі Макбета ўмацуе яе жалезная воля і бязмежная прага ўлады.
— «…Сулілі ведзьмы шатландскі трон табе, але ён сам не прыйдзе да цябе. Чаго ж марудзіш? Заваюй яго ў барацьбе — і ўсё ўпадзе да тваіх ног… Фанабэрыстасці і злосці, пагарды да людзей ты можаш узяць хоць у мяне. Не марудзь, адкінь сумненні і трон заваюй у барацьбе!..»
Ганец паведамляе, што Дункан і Макбет хутка будуць у замку. Пасля іх прыезду, паклікаўшы на дапамогу сілы зла, ледзі пераконвае Макбета ў неабходнасці забойства караля. Прывід кінжала канчаткова ўмацоўвае рашучасць Макбета пайсці на злачынства, і ён забівае спячага Дункана. Ледзі дапамагае навесці падазрэнне на стражнікаў. З акрываўленымі рукамі яна вяртаецца да мужа, які страціў душэўны спакой і сон. Калі становіцца вядома пра смерць Дункана, усіх ахоплівае жах і гнеў.
Дзея другая
Сын Дункана Малькальм, якога падазраюць у забойстве бацькі, хаваецца ў Англіі. Макбет узнімаецца на трон Шатландыі. Новага караля мучыць прароцтва: Банка павінен стаць продкам новай дынастыі кіраўнікоў. Пакуль і сам палкаводзец, і яго сын Фліенс жывыя, але іх лёс ужо вызначаны Макбетам і яго жонкай. Прадчуваючы перамогу над лёсам, ледзі трыумфуе…
Разам з сынам Банка накіроўваецца на бяседу ў замак Макбета, і яго ахопліваюць злавесныя прадчуванні:
— «Чорныя хмары ў небе над галавой навіслі! Успомні: у такую ноч кароль Дункан тут быў забіты! Страх валодае мною, мілы сын, і тысячы страшных думак. Тут нават паветра нам пагражае, за кожнымі дзвярыма стаіць смерць, рой прывідаў нас усюды акружае і душу ледзяніць!..»
Праз імгненне палкаводца забіты рукамі наймітаў. Фліенсу ўдаецца ўратавацца.
На пір сабраліся ўсе шатландскія таны, няма толькі Банка. Макбет крывадушна пытаецца: чаму адсутнічае яго дарагі сябар? Забойца ціха паведамляе каралю пра выкананае заданне. Пачынаецца пір, калі раптам перад ашаломленым Макбетам узнікае прывід Банка. Ледзі спрабуе супакоіць мужа і гасцей, аднак кароль зноў бачыць прывід і ўжо не валодае сабой. Гасцей ахоплівае жах, яны разыходзяцца. Тан Файфа Макдуф вырашае пакінуць Макбета і далучыцца да шатландцаў, выгнаных з краіны.
Дзея трэцяя
У замку Інвернэс ведзьмы вараць зелле, заклінаючы злых духаў. На іх шабаш прыходзіць Макбет з просьбай прадказаць яму лёс. Ведзьмы выклікаюць прывідаў, якія агучваюць тры прароцтвы: Макбет павінен асцерагацца Макдуфа; Макбет не можа быць пераможаны нікем з народжаных жанчынай; Макбет застанецца цэлым, пакуль на яго не рушыць Бірнамскі лес... На пытанне, ці прыйдзе да ўлады патомства Банка, з’яўляюцца прывіды васьмі каралёў з абліччам нябожчыка палкаводца. Спачатку Макбет у жаху губляе прытомнасць, але, апамятаўшыся, клянецца знішчыць замак Макдуфа і яго род.
Шатландскія выгнаннікі аплакваюць няшчасную радзіму:
«О, айчына! У руках злачынных ты трымціш у смутку і страху… Цень тырана паўстае ў змроку над магілай тваіх сыноў…»
Сярод іх — Макдуф, сям’я якога загінула ад рук паслугачоў Макбета. На чале англійскіх войскаў з’яўляецца Малькальм, заклікае Макдуфа знайсці суцяшэнне ў помсце і збірае шатландцаў, каб разам напасці на Макбета, выкарыстоўваючы ў якасці прыкрыцця галінкі дрэў з суседняга Бірнамскага лесу.
Уначы ледзі ў прыступе самнамбулізму блукае па замку, зноў перажываючы ўсе здзейсненыя злачынствы і марна спрабуючы змыць кроў са сваіх рук.
«Ах, гэтыя плямы… Іх акіян вады не здолее адмыць… Людскай крывёю ўсё тут пахне… І водарам усіх духмянасцяў арабскіх гэты смурод ніколі не заглушыць…»
Рыхтуючыся да будучай бітвы, Макбет упэўнены ў сваёй непрыступнасці. Ён абыякава ставіцца да весткі пра смерць ледзі. Пачынаецца бой. На войска рушыць Бірнамскі лес, і кароль узгадвае прароцтва. Пачынаецца паядынак з Макдуфам. Макбет спадзяецца на перамогу, бо ён не можа загінуць ад рукі чалавека, народжанага жанчынай. Макдуф адкрывае яму, што быў выразаны з чэрава маці да тэрміну, і паражае суперніка мячом. Паміраючы, Макбет праклінае ведзьмаў і злашчасную карону...
«Хто над маёй грабніцай пралье слязу шкадавання? Ах! Толькі праклятым забойцам мяне ў вяках назавуць!..»
Пераможцы абвяшчаюць Малькальма каралём.
Тан — сярэднявечны дваранскі тытул у Шатландыі: рыцар, феадал, кіраўнік клана, шатландскі лорд.
У тэксце выкарыстаны фрагменты перакладаў М. Лазінскага і С. Левіка.
.