Сяргей Пракоф'еў
Рамэо і Джульета
балет у 3 дзеях Ср | 4 кастрычнiка 2023|19:00
Узрoст 12+ Дирижер – Владимир Оводок |
null Даты спектакля
|
Лібрэта – Валянцін Елізар’еў паводле аднайменнай трагедыі Уільяма Шэкспіра
Харэаграфія і пастаноўка – народны артыст СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцін Елізар’еў
Дырыжор-пастаноўшчык – народны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генадзь Праватораў
Дырыжор-пастаноўшчык новай аўтарскай рэдакцыі – уладальнік медаля Францыска Скарыны Вячаслаў Чарнуха-Воліч
Мастак-пастаноўшчык – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Эрнст Гейдэбрэхт
Дырыжоры – Уладзімір Авадок, Юрый Караваеў, лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксей Верховен
Працягласць – 2 гадзіны 35 хвілін з двума антрактамі
Прэм’ера – 2 лістапада 1988 года
Прэм'ера новай аўтарскай рэдакцыі – 5 снежня 2018 года
Джульетта – Людмила Хитрова
Ромео – Константин Белохвостик
Тибальд – Юрий Ковалев
Меркуцио – Владислав Коляда (1-ое исп.)
Лоренцо – Алексей Бояринов
Граф Парис – Игорь Артамонов
Бенволио – Андрей Бариев
Капулетти – Татьяна Уласень, Антон Кравченко
Монтекки – Дарья Авраменко, Михаил Борознов
Першы акт
Вуліца
Верона. Ноч на зыходзе. Кароткія гадзіны перад світаннем. Чутны шэпт закаханых, абдымкі, пацалункі. Як быццам усё дыхае каханнем... Але што гэта? Якія дзіўныя цені мільгаюць сярод закаханых парачак, хаваюцца пад скляпеннямі палацаў і галерэй, варушацца на плошчы. Яны паўсюль і ва ўсім, яны – частка горада і жыцця яго насельнікаў...
Летуценны і ў чарговы раз закаханы, Рамэо блукае па начных вуліцах Вероны.
А вось і яго верныя сябры Бенволіо і Меркуцыо, заўсёды гатовыя да розыгрышаў і містыфікацый. Яны забаўляюцца тым, што палохаюць закаханыя парачкі. Тыя ўбягаюць, следам упаўзаюць і дзіўныя цені...
Развіднелася. Час вяртацца дадому і нашым сябрам. Толькі Меркуцыо, якому няма куды спяшацца, бесклапотна расцягнуўся проста на плошчы...
Надыходзіць яркая раніца. На плошчы з'яўляюцца першыя прахожыя. Усіх цягне зірнуць на заснулага гуляку. Веронцы не мінаюць выпадку пакпіць з першага у горадзе жартаўніка – Меркуцыо. Вясёлыя штуршкі і выспяткі пераходзяць у іскрысты народны танец, да якога далучаецца нарэшце і разбуджаны Меркуцыо. Усе ахопленыя агульнай весялосцю.
Але варта было з'явіцца ганарыстаму Тыбальду з сябрамі, і натоўп спалохана адхіснуўся. Тыбальд раздражнёны, як быццам шукае падставы для сваркі.
Выпадкова яго ўвагу прыцягвае парачка. Юнак, з ліку служкаў Капулеці, цалуе дзяўчыну – прыслужніцу Мантэкі. Як яны смеюць! – і Тыбальд б'е служку. Але ў той жа момант служкі Мантэкі пачынаюць перадражніваць Тыбальда, які, нібы раз'юшаны звер, кідаецца на першага, хто трапіў яму пад руку.
Раптам яго позірк падае на вясёлага Меркуцыо. Вось і знойдзена падстава для бойкі, да якой кожны з бакоў падахвочваецца натоўпам. Меркуцыо, нібыта жартам, прапануе памерацца сіламі на шпагах, але служкі Тыбальда грозна акружаюць яго. І тут на дапамогу Меркуцыо спяшаюцца сябры – Рамэо і Бенволіо. За сваімі гаспадарамі гэтак жа сцяной устаюць служкі Мантэкі. Гэта ўжо не паядынак. Гэта напад дома на дом, сям'і на сям'ю, рода на род. Б’юцца служкі, сваякі, сыны і старэйшыны варагуючых сем’яў. Да сваркі далучаюцца нават сеньёры Мантэкі і Капулеці. Усе дыхаюць злосцю і нянавісцю.
І тады зноў узнікаюць дзіўныя постаці, народжаныя Варожасцю. Яны радуюцца, пасміхаюцца, туляцца да захопленых боем супернікаў, і той, хто апынаецца ў іх "абдымках", назаўжды развітваецца з жыццём. Вуліцы Вероны пабарваваныя чорнай крывёй Варожасці…
Дом Капулетці
Пакой Джульеты. Душа гэтай дзяўчынкі ахопленая то дзіцячай бесклапоBнай весялосцю, то раптоўным несвядомым сумам. Смутныя мары і парывы хвалююць яе – хутка будзе баль, на якім яе пазнаёмяць з будучым мужам. Сярод грозных мураваных сцен Джульета расце, нібы кветка, і зусім не думае аб тым, што ёй наканавана фамільным абавязкам – працягваць род Капулеці.
Баль пачынаецца. Прыбываюць шляхетныя сем’і Вероны. Сярод гасцей жаніх Джульеты – Парыс. Пад маскамі, употай, прабіраюцца ў дом і няпрошаныя госці – Рамэо з сябрамі. Усяго на адно імгненне сутыкаюцца Рамэо і Джульета, але гэтага досыць, каб яны заўважылі адзін аднаго. Заўважае незнаёмца і Тыбальд і адразу адчувае ў ім ворага. Ён зрывае з Рамэо плашч, але выдумшчык Меркуцыо і на гэты раз ставіць Тыбальда ў смешнае становішча.
Пышная цырымонія рыцарскіх танцаў саступае месца дуэту Джульеты і Парыса. Па традыцыі дома Капулеці адбываецца прысвячэнне Парыса ў рыцары.
Джульета сумуе сярод гэтай пышнасці. І зноў яна бачыць перад сабой незнаёмца. Хто ён? Джульета спрабуе зняць з яго маску, аднак гэта зусім не проста: незнаёмец не жадае, каб яго пазналі. Але іх нястрымна цягне адзін да аднаго. І вось, нарэшце, у Джульеты атрымалася сарваць маску. Рамэо пазнаны. Ён з сям'і ненавісных Мантэкі! Замяшанне Джульеты пераходзіць у адчай – навошта ж ты Мантэкі? Але позна – яна пакахала!
Першы пацалунак. Забыўшыся аб усім на свеце, яны не заўважаюць Тыбальда. А той у лютасці: Мантэкі ў доме Капулеці! Тыбальд гатовы зараз жа забіць Рамэо, але бацька спыняе яго: кроў не павінна праліцца ў іх у доме, Рамэо павінен пакінуць баль. І зноў Меркуцыо ператварае ўсё ў бяскрыўдны жарт, прыцягвае ўвагу і сімпатыі гасцей да сабе.
Баль скончаны. Госці разыходзяцца. Тыбальд сочыць за Рамэо. Хаваючыся пад дрэвамі, Рамэо прасочваецца ў сад Капулеці. Вось і балкон Джульеты. Пачынаецца знакамітае Адажыо, трапяткое і ўзвышанае прызнанне ў каханні…
«Моя любовь без дна, а доброта -
Как ширь морская. Чем больше трачу,
Тем становлюсь безбрежней и богаче»…
Другi акт
У Ларэнцы
Рамэо і Джульета вырашаюць злучыць свае лёсы і пабрацца шлюбам. Яны моляць святара Ларэнца здзейсніць таемны абрад вянчання. Узрушаны сілай пачуццяў юных закаханых, Ларэнца злучае іх рукі і звяртаецца да бога з надзеяй, што гэты саюз нарэшце памірыць сем'і Мантэкі і Капулеці.
Карнавал
Вечар апускаецца на горад. У разгары карнавал з яго танцамі, маскамі, розыгрышамі, віном і нястрымнай весялосцю. У цэнтры карнавальных падзей – улюбёнец веронцаў Меркуцыо. І толькі Тыбальд пазбягае весялосці. Ён апантаны адной мэтай: знайсці і забіць Рамэо, які пасмеў пераступіць законы радавой варожасці. Ён гатовы пазмагацца нават з яго сябрам – Меркуцыо, але той аджартоўваецца ад ўсіх дзёрзкасцяў. Іх то злучае, то раз'ядноўвае віхор карнавала, але яны ўжо адзначаны Варожасцю, хоць яшчэ і не заўважаюць гэтага. Варожасць зрабіла іх сваімі заложнікамі, і ім наканавана стаць яе ахвярамі.
У натоўпе з'яўляецца Рамэо. Ён спяшаецца падзяліцца з Меркуцыо сваім шчасцем, абняць сябра. Тыбальд раз'ядноўвае іх, ён прагне паядынка. Рамэо адводзіць клінок, ён не жадае біцца з братам Джульеты. Тады Тыбальд абражае яго, імкнучыся любым коштам выклікаць на канфлікт. Зараз Меркуцыо гатовы біцца за сябра. Але Рамэо і яму не дазваляе агаліць шпагу. Будзем сябрамі! Дарэмна. Тыбальд не жадае прымірэння. Абразы становяцца ўсё больш балючымі, і Меркуцыо не стрымлівае, выхоплівае шпагу, паслужліва пададзеную яму Варожасцю.
У паядынку Меркуцыо больш спрытны, чым Тыбальд. Вось яго шпага дакранулася да грудзей крыўдзіцеля. Але Меркуцыо вялікадушны. Паядынак можна лічыцць скончаным, і Меркуцыо спяшаецца абняць першую ж красуню ў натоўпе. Але ў яго абдымках – усё тая ж Варожасць, якая цалуе яго і адначасова падае шпагу Тыбальду.
Смяротны ўдар у спіну. Меркуцыо яшчэ спрабуе жартаваць і балакаць, але сілы пакідаюць яго. Ён памірае на руках у Рамэо.
У адчаі Рамэо выхоплівае першы клінок, што трапіўся пад руку. Клінок, укладзены ў яго руку Варожасцю.
Карнавал змяты. Маскі разбягаюцца. Імкліва, як смерч, разгараецца бой у асяроддзі пераможных абліччаў Варожасці. Рамэо забівае Тыбальда.
Гора ў хаце Капулеці. Жалобная веліч пахавальнага шэсця – яшчэ адзін трыумф Варожасці. Рамэо і Джульета разумеюць, што паміж імі пралягла бездань.
"Рамэо выгнаны!" – гэта глыбіня невычэрпнага адчаю!
Трэццi акт
«Нет повести печальнее на свете...»
Пакой Джульеты. Апошняя ноч перад расстаннем. Рамэо не можа больш заставацца ў Вероне. Яго чакае выгнанне. Няма сіл расстацца закаханым. Надышла раніца. Рамэо развітваецца з Джульетай. Апошні пацалунак.
Джульета ў адчаі.
У пакой урываюцца сеньёр і сеньёра Капулеці. Яны патрабуюць ад Джульеты даць згоду на шлюб з Парысам. Яе супраціўленне толькі ўзмацняе гнеў бацькоў. З'яўляецца Парыс, які прапануе ёй сваё каханне. Але Джульета адмаўляецца ад гэтага зайздроснага шлюбу. І тады бацькі клянуцца, што яна ўсё роўна стане жонкай Парыса.
Застаўшыся адна, Джульета не знаходзіць сабе месца. Яна кідаецца да патэра Ларэнцы за парадай. Ларэнца прапаноўвае ёй снатворнае. Выпіўшы яго, Джульета пагрузіцца ў сон, падобны на смерць, і ён будзе доўжыцца да таго часу, пакуль Рамэо не вернецца ў Верону.
Джульета з радасцю і падзякай прымае гэты план – ён выратуе яе ад ненавіснага шлюбу з Парысам. Джульету апаноўвае сон, які ўсім здаецца смерцю. У гэты ж міг да Джульеты набліжаюцца абліччы Варожасці, сваім змрочным танцам нібы прадказваючы будучую трагедыю і смерць закаханых.
Фамільны склеп Капулеці. З'яўляецца звар'яцелы ад гора Рамэо. Яго Джульета памерла! Жыццё страціла сэнс. Застаецца толькі адно – злучыцца са сваёй каханай у смерці. Рамэо выпівае яд і застывае каля цела Джульеты.
Дзяўчына прачынаецца. Страшная праўда павольна пранікае ў яе свядомасць. Рамэо мёртвы! Дык навошта ёй жыць? Яна ўкладвае ў руку Рамэо штылет і заколваецца.
Каля целаў сваіх дзяцей збіраюцца дзве сям'і – Мантэкі і Капулеці. Смерць закаханых кладзе канец шматгадовай варожасці. Бацькі падаюць адзін аднаму рукі. Але... «сближенье ваше сумраком объято. Сквозь толщу туч не кажет солнце глаз».
Варожасць саступае ў бок ад іх, але не сыходзіць. Яна застаецца сярод людзей. Таму што застаецца ўсё тое, што не дае ёй памерці. Таму што застаюцца чалавечыя заганы, якія зноў і зноў адраджаюць яе. Яна працягвае лунаць над стагоддзямі і пакаленнямі, над шматлікімі трагедыямі мінулага і сучаснасці…
.