Навiны

Сольны канцэрт Аксаны Волкавай

Голас беларускай спявачкі ведаюць оперныя меламаны ўсяго свету: яна бліскала ў Каралеўскім тэатры "Ковент-Гарден" у Лондане, міланскім тэатры "Ла Скала" і Каралеўскім оперным тэатры ў Мадрыдзе. Аксана Волкава, як запрошаная салістка, спявала на сцэне Тэатра Масіма ў Палерма і Оперы Ніцы ў Францыі, у Teatro dell'opera Giocosa ў Італіі, у спектаклях Вялікага тэатра ў Маскве, "Метрапалітэн-опера" ў Нью-Йорку, Пекінскай Нацыянальнай оперы і многіх іншых.

Спявачка прыняла ўдзел у канцэртах Нацыянальнага філарманічнага аркестра і камернага аркестра "Віртуозы Масквы" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова ў гарадах СНД і Швейцарыі.

У Вялікім тэатры Беларусі Аксана Волкава працуе на працягу 15-ці сезонаў, таму канцэрт, які называецца "Аксана Волкава – Solo", можна назваць юбілейным. "Праграма канцэрта складзена такім чынам, – распавядае спявачка, – каб беларускія прыхільнікі опернага мастацтва пачулі музыку з тых опер, якія пакуль не ўваходзяць у рэпертуарную афішу тэатра. Маімі партнёрамі будуць маі калегі – спевакі, з якімі мы сустракаліся на розных праектах. Так як мецца-сапрана часцей за ўсё спявае ў дуэце з тэнарам, у такіх операх, як, напрыклад, "Кармэн", "Самсон і Даліла", "Аіда", "Майская ноч" і г. д., я запрасіла трох выдатных тэнараў. Саліст вялікага тэатра Расіі Сяргей Радчанка – выпускнік Маладзёжнай опернай праграмы вялікага тэатра Расіі, які выступае сёння на вядомых сусветных пляцоўках. Міхаіл Малафій – саліст Львоўскай оперы, пераможца II Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, ён досыць часта прыязджае да нас, як запрошаны саліст, і даўно палюбіўся мінскай публіцы. Саліст Саратаўскага тэатра оперы і балета, запрошаны саліст Вялікага тэатра Расіі, Маскоўскага музычнага тэатра "Гелікон-опера" тэнар Ілья Гоўзіч – беларус, ён скончыў беларускую Акадэмію музыкі. Адзіны барытон, які прыме ўдзел у нашым канцэрце – выдатны, усімі намі любімы саліст беларускай оперы Станіслаў Трыфанаў".

За дырыжорскім пультам – Вячаслаў Воліч. Рэжысёр канцэрта – Міхаіл Панджавідзе. У канцэрце прымае ўдзел хор пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра Ніны Ламановіч і аркестр тэатра. Прагучаць сцэны і арыі з опер "Барыс Гадуноў" Мадэста Мусаргскага, "Сельскі гонар" П'етра Маскньі, "Фаварытка" Гаэтана Даніцэці, "Самсон і Даліла" Каміля Сен-Санса і інш.

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры