Навiны

Віншуем з прэм'ерай!

 


На сёння ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі больш за 10 спектакляў, разлічаных на дзіцячую аўдыторыю. Прычым спектаклі пастаўлены як для самых маленькіх гледачоў, так і для ўсёй сям'і. Вось і 24 снежня, напярэдадні Калядаў, на нашай сцэне ажыла казка, акунуцца ў якую могуць гледачы самых розных узростаў - тут будзе цікава як дзецям, так і бацькам. "Снежная каралева" - адна з самых вядомых опер Сяргея Баневіча. Сусветная прэм'ера оперы адбылася 42 гады таму - 24 снежня 1980 года ў Ленінградскім тэатры оперы і балета ім. С.М. Кірава (цяпер - Марыінскі). Оперу чакаў шчаслівы сцэнічны лёс: ён знайшоў сваё ўвасабленне на тэатральных пляцоўках самых розных гарадоў Расіі.



Лібрэта напісала Таццяна Калініна паводле «Снежнай каралевы» Ганса Хрысціяна Андэрсана – казкі-прытчы, вядомай кожнаму дзіцяці. Цікава, што прататыпам Снежнай каралевы стала... шведская оперная дзіва Ені Лінд, у якую неўзаемна быў закаханы Андэрсан.



«Гэтая гісторыя і опера ўслед за ёй роўна адрасаваная дарослым і дзецям, – кажа кампазітар С. Баневіч, – яна, падобна выхаваўчым раманам, апавядае пра тое, як лёгка страціць і як цяжка знайсці сябе».



"Мы пастараліся выкарыстоўваць у спектаклі сучасныя тэхналогіі, а таксама паказаць высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, каб гледачам - як дзецям, так і дарослым - было цікава сачыць за гісторыяй, не адрываючыся", - дадала Ганна Маторная.



Менавіта Ганна Дзмітрыеўна ўзначаліла пастановачную групу спектакля. Над операй разам з галоўным рэжысёрам працавалі: дырыжор Юрый Караваеў, мастакі Андрэй Меранкоў і Вольга Мельнік-Малахава (сцэнаграфія), Таццяна Лісавенка (касцюмы), Яўген Лісіцын (святло), Юлія Пінцак (мастак па камп'ютарнай графіцы), балетмайстар Юлія Маркоўская, хормайстар Сяргей Аграновіч.



«Усе мы ведаем, што для дзяцей трэба рабіць усё гэтак жа, як і для дарослых, толькі нашмат лепш», – усміхаецца мастак Андрэй Меранкоў. Перад мастакамі стаяла няпростая задача: спалучыць дуалізм стыхій, вобразаў, персанажаў - і адлюстраваць гэта ў сцэнічнай прасторы. Холад і цеплыня, лёд і полымя, полымя шчырага, кахаючага сэрца…



Увечары 24 снежня галоўныя партыі выканалі: Аляксандр Гелах (Кай), Анастасія Храпіцкая (Герда), Аксана Волкава (Снежная каралева), Дзмітрый Шабеця (Фонаршчык), Васіль Кавальчук (Паўночны алень), Станіслаў Трыфанаў (Атаманша), Вольга Маліноўская (Маленькая разбойніца), Ніна Шарубіна (Бабуля), Андрэй Мацюшонак і Уладзіслаў Зазулька (Тролі), Юрый Балоцька, Сяргей Лазарэвіч, Дзмітрый Трафімук (Гараджане, Разбойнікі). За дырыжорскім пультам - Юрый Караваеў.



Другі паказ спектакля - 27 снежня ў 12:00. У студзені запланаваны паказы 3, 4, 28 і 29 чысла; у лютым - 11 і 12 чысла (раніцай і ўвечары).

 

 

Партнёры