Навiны

Памяці дырыжора Льва Ляха

 

«Для мяне Дон Кіхот - гэта вечнае імкненне да Дульсіні Табоскай. Іншымі словамі, імкненне да недасягальнага ідэалу прыгажосці і дасканаласці. Да яго сапраўды ідзеш усё жыццё - і дасягнуць гэты ідэал, як гарызонт, немагчыма. А калі здаецца, што ўсяго дасягнуў, - значыць, творчасць для цябе спынілася. Тэатр - шматаблічны Янус. Як жа сумясціць усе яго такія розныя абліччы? Як знайсці гармонію? У гэтым і ёсць пакліканне дырыжора…».

Леў Лях у інтэрв'ю для музычнага крытыка Надзеі Бунцэвіч.

 

 

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь дырыжор Леў Лях больш за 40 гадоў служыў Вялікаму тэатру Беларусі. За гэты час ён прадзірыжыраваў практычна ўсімі опернымі спектаклямі, сярод якіх – «Дон Жуан» і «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта, «Травіята», «Аіда» і «Рыгалета» Дж.Вердзі, "Багема" і "Мадам Батэрфляй" Дж.Пучыні, "Паяцы" Р.Леонкавала, "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні, "Кармэн" Ж.Бізэ, "Іаланта" і "Пікавая дама" П.Чайкоўскага, "Князь Ігар" А.Барадзіна, «Царская нявеста» Н.Рымскага-Корсакава і інш.

 

Адмысловае месца ў рэпертуары дырыжора займалі і балетныя спектаклі: "Карсар" і "Жызэль" А.Адана, "Балеро" М.Равеля, "Карміна Бурана" К.Орфа, "Спячая прыгажуня" і "Шчаўкунок" П.Чайкоўскага, «Рамэа і Джульета» С.Пракоф'ева, «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф'ева, «Спартак» А.Хачатурана, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ-Р.Шчадрына, «Стварэнне свету» А.Пятрова і інш.

 

У якасці музычнага кіраўніка Леў Лях ажыццявіў пастаноўкі балетаў «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978 г.), «Ліза і Кален» Л.Герольда (1979 г.), «Сільфіда» Х.Левенсхольда (1983 г.), «Жызэль» А.Адана (1987 г.), опер "Майстар і Маргарыта" Я.Глебава (1992 г.), "Франчэска да Рыміні" С.Рахманінава (1989 г.), "Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас" Р.Вардоцкага (1989 г.), "Чароўная музыка" М. Мінкова (1997 г.), "Запіскі вар'ята" В. Кузняцова (2005 г.) і інш.

 

Леў Лях неаднаразова праходзіў у Маскве курсы павышэння кваліфікацыі на Семінары дырыжораў музычных тэатраў, які вялі вядомыя расійскія дырыжоры і музычныя дзеячы Б.Хайкін і Г.Раждзественскі.

 

З 1955 году ён выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі. «Мной заўсёды рухае вострае жаданне дапамагчы моладзі, - казаў Леў Палікарпавіч, - шматлікіх сваіх салістаў назіраю са студэнцкіх гадоў. Анастасія Масквіна, Аксана Волкава, Таццяна Гаўрылава, Юрый Гарадзецкі - паглядзіце, як расце іх майстэрства ад спектакля да спектакля, яны вучацца кожны дзень, выкарыстоўваючы любую магчымасць. Алена Бундзелева і Алена Золава ў свой час былі маімі любімымі студэнткамі. Сёння яны - выдатныя салісткі, і я шчыра радуюся кожнаму іх новаму кроку. Янаш Нелепа, Аляксандр Краснадубскі, Сяргей Лазарэвіч, Аксана Якушэвіч – сапраўды зорны россып!»

 

4 красавіка на малой сцэне Вялікага тэатра пройдзе вечарына памяці дырыжора Льва Ляха. На сцэну выйдуць вядучыя салісты оперы і таксама артысты аркестра, у тым ліку - тыя, каму пашчасціла працаваць са Львом Палікарповічам. А ў фае бельэтажа, каля Камернай залы, адкрыецца выстава, прысвечаная Маэстра.

 

Рэжысёр праграмы - Наталля Кузьмянкова.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры