Навiны

Вялікі ў Вялікім

 

“Патэтычны дзённік памяці” − гэта моцнае аркестравае і харавое гучанне, гэта яркія вакальныя нумары і надзвычайная харэаграфічная драма.
2 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, на новай сцэне Вялікага тэатра Расіі ў Маскве Вялікі тэатр Беларусі прадставіў творчы праект “Патэтычны дзённік памяці”.
Перад пачаткам вечара генеральны дырэктар тэатра Кацярына Дулава, галоўны дырыжор Арцём Макараў, галоўны рэжысёр Ганна Маторная і галоўны балетмайстар Ігар Колб размаўлялі з расійскай і беларускай прэсай, якую цікавіла ўсё: ад ідэі ўзнікнення “Патэтычнага дзённіка памяці” да асабістых, сямейных успамінаў, звязаных з тэмай Вялікай Айчыннай вайны.
Ва ўрачыстай частцы вечара прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі, віцэ-прэм'ер па пытаннях дзейнасці Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы і адносін з Расіяй Аляксандр Рагожнік. Ён абвясціў віншавальнае пасланне старшыні Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі.

Першы намеснік Старшыні Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, намеснік Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Іван Мельнікаў абвясціў віншавальнае пасланне Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Ул. Ул. Пуціна і віншаванне Старшыні Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі В. В. Валодзіна.
З прывітальным словам да гледачоў звярнулася генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава: “Для нас вялікі гонар быць сёння на сцэне Вялікага тэатра Расіі ў гэты важны і адказны для двух нашых народаў дзень... Нацыянальная эпапея “Патэтычны дзённік памяці” − гэта сапраўды незвычайны спектакль. Гэта твор, які ўзнік дзякуючы падтрымцы і гранту Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі, які ўбачыў у гэтым пэўную ідэю, задуму. Мы яго задумвалі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое адзначалася ў 2024 годзе. І так атрымалася, што сам праект плаўна перайшоў у святкаванне Вялікай Перамогі, да якой датычныя ўсе народы нашай былой вялікай Радзімы — Савецкага Саюза..."


Музычную партытуру спектакля склалі творы беларускіх кампазітараў, створаныя за апошнія 100 гадоў (з 1924 года па 2024 гады), у тым ліку – самыя важныя творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, класікаў беларускай музыкі А. Багатырова, Г. Вагнера, Я. Цікоцкага, Л. Абеліёвіча, Я. Глебава, І. Лучанка, Ул. Алоўнікава.
Над "Дзённікам памяці" працавалі галоўныя спецыялісты тэатра: галоўны дырыжор, народны артыст Башкартастана Арцём Макараў; галоўны рэжысёр, уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная; галоўны балетмайстар, заслужаны артыст Расіі Ігар Колб; галоўны мастак, лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў Любоў Сідзельнікава; галоўны хормайстар, народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч.
2 красавіка на новай сцэне ў Маскве выступілі: народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна, Ірына Яромкіна, Станіслаў Трыфанаў, Уладзімір Громаў, Антон Краўчанка, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава, Людміла Хітрова, Марына Вежнавец, Юрый Кавалёў і інш. За дырыжорскім пультам – Арцём Макараў.

Дзякуй усім за натхненне і пачуцці, укладзеныя ў кожны вобраз, у кожны жэст, у кожную ноту, за моцныя эмоцыі, якія злучылі сцэну і глядзельную залу!
Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы пры ўдзеле ФДБУК РОСКАНЦЭРТ.

 

 

 

Партнёры