Навiны

Беларускі вечар у Вялікім

22 красавіка, у вечар паказа нацыянальнай оперы Дзм.Смольскага «Сівая легенда», у фае тэатра пройдзе інтэрактыўная імпрэза аднаго дня. Гледачоў чакаюць майстар-класы па завязванню наміткі, слуцкіх паясоў і… зорнае дэфіле. Так! Зоркі беларускай оперы і балета выйдуць да публікі ў строях з нацыянальных спектакляў Вялікага. Пачатак – а 18:00.


Традыцыйна Вялікі тэатр Беларусі рыхтуе гэты Вечар сумесна з Музеем старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Менавіта дырэктар музея Барыс Лазука пазнаёміць нас з традыцыйным завязваннем слуцкіх паясоў. А вось яго калегі адкрыюць сакрэты старабеларускіх модніц – запрашаюць на майстар-клас па завязванню унікальнага галаўнога ўбору доўгім ільняным палатном – наміткі.


Народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна, Вольга Гайко, Антон Краўчанка, Сяргей Франкоўскі, заслужаны артыст рэспублікі Юрый Кавалёў, а таксама лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марта Данусевіч і Андрэй Сялюцін прадставяць унікальнае – зорнае! – дэфіле ў касцюмах з нацыянальных пастановак нашага тэатра.


А 7-й гадзіне ўвечары сапраўднае свята беларускага опернага мастацтва падораць гледачам вядучыя салісты Вялікага тэатра Беларусі. На нашай сцэне – опера Дзм. Смольскага «Сівая легенда». 22 красавіка галоўныя партыі ў нацыянальным спектаклі выканаюць зоркі Вялікага тэатра Беларусі. У партыі Ірыны – лаўрэат міжнародных конкурсаў Алена Золава. У ролі Любкі – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Якушэвіч. У галоўных мужчынскіх партыях выступяць народны артыст краіны Станіслаў Трыфанаў (Кізгайла) і ўладальнік медаля Францыска Скарыны Дзмітрый Шабеця (Раман). У ролі Найміта выйдзе заслужаны артыст рэспублікі Алег Мельнікаў. За дырыжорскім пультам – дыпламант міжнароднага конкурсу Юрый Караваеў.

Дакрананне да нацыянальнага мінулага – гэта не толькі знаёмства з легендарнымі шэдэўрамі, але і ўдзячная павага нашым продкам, напамін нашчадкам аб адвечных традыцыях айчыннага мастацтва.

 

 

 

 

Партнёры