Навiны

Калаф – Ільгам Валіеў

 

  

«Бліскучы Калаф – Ільгам Валіеў – заваражыў усю глядзельную залу сваім дзівосным голасам і неверагоднымі эмоцыямі, прачулымі на ўсе сто працэнтаў...»
У маі 2023 года саліст Башкірскага тэатра оперы і балета, народны артыст Рэспублікі Татарстан і Рэспублікі Башкартастан Ільгам Валіеў дэбютаваў на беларускай сцэне. Ён прыняў удзел у нашай пастаноўцы оперы Дж. Пучыні «Турандот». Праз год спявак зноў выйшаў на сцэну Вялікага тэатра Беларусі ў вобразе Калафа ў апошнім сачыненні генія Пучыні. І вось 20 студзеня 2026 года Мінск зноў сустракае прынца Калафа ў выкананні Ільгама Валіева.
«Калафам – Валіевым заслухаўся з самай першай ноты. Пранізліва і вельмі прыгожа… Пад такіх выканаўцаў трэба падладжваць планы, такія спектаклі трэба лавіць!» – пішуць пра Валіева.
Каніа («Паяцы» Р.Леанкавала), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Герцаг («Рыгалета» Дж.Вердзі), Манрыка («Трубадур» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Эрык («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Вадэмон («Іаланта» П.Чайкоўскі) – гэтыя і многія іншыя партыі Валіеў з поспехам выконваў на сцэнах Екацярынбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета (2010–2016 гг.) і Башкірскай оперы, салістам якой ён цяпер з'яўляецца. Артыст узнагароджаны Спецыяльнай прэміяй журы расійскага тэатральнага фестывалю «Залатая маска» – за выкананне партыі Прынца ў оперы «Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф'ева. Ён часты госць многіх вядомых тэатраў Расіі – у Маскве, Казані, Пярмі, Чалябінску.
Галоўныя партыі ў оперы «Турандот» у гэты вечар выканаюць лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Таццяна Пятрова (Турандот), народныя артысты Беларусі, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (Цімур), Настасся Масквіна (Ліу), Сяргей Франкоўскі (Імператар), народны артыст краіны Уладзімір Громаў (Пінг), народны артыст Беларусі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аляксандр Міхнюк (Панг) і Аляксандр Гелах (Понг). За дырыжорскім пультам — народны артыст Башкартастана Арцём Макараў.

 

 

Партнёры