Навiны

Гартаем «...Дзённік»

 

 

Праз музыку, харэаграфію, слова і голас, абагульненыя акцёрскія вобразы, праз эмацыйнае ўспрыняцце – дасягнуць гледача і – праз памяць мінулага – прымусіць яго задумацца аб будучым...

 

7 мая, напярэдадні Дня Перамогі, Вялікі тэатр Беларусі прадставіць творчы праект «Патэтычны дзённік памяці» – тэатральнае прадстаўленне ў сінтэтычным жанры з рысамі оперы, араторыі, сімфоніі, балета, пластычнай драмы, містэрыі, мультымедыйнага светлавога шоу. Пастаноўка створана ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на аснове твораў беларускіх кампазітараў і дакументальных сведчанняў трагедыі і гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

– Гэты праект – нацыянальны культурны код. Сёння без гістарычнай памяці і без перадачы гэтай памяці наступным пакаленням мы не ўяўляем ні адной хвіліны свайго існавання. Таму, калі ўзнікла пытанне пра стварэнне гэтага твора, у першую чаргу мы падумалі пра тое, што гэта павінна быць вельмі сур'ёзная кампазіцыя, якая стане своеасаблівым манументам памяці людзям, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну, – лічыць рэжысер-пастаноўшчык спектакля Ганна Маторная.

 

Мастацтва валодае дзівоснай здольнасцю – гаварыць з гледачамі на глыбокім эмацыйным узроўні. «…Дзённік памяці» у гэты вечар стане мостам паміж мінулым і сучаснасцю, бо на гэты праект ускладзена вельмі важная місія – захавання гістарычнай памяці. Каб падобнае ніколі больш не здарылася на нашай зямлі…

 

У праекце заняты ўсе калектывы тэатра: трупы оперы, балета, хору, міманса, Дзіцячага музычнага тэатра-студыі – каля 300 чалавек.

 

7 мая ў галоўных партыях выступяць вядучыя салісты оперы – Аксана Якушэвіч, Таццяна Пятрова, Марыя Галкіна, Алена Золава, Марыя Булда, Кацярына Міхнавец, Анастасія Храпіцкая, Дзмітрый Капілаў, Уладзіслаў Зазулька, Іван Бярэзін, Дзяніс Янцэвіч, Андрэй Сялюцін, Віктар Мендзелеў, Андрэй Кліпо, Сяргей Лазарэвіч. За дырыжорскім пультам – Віталь Грышчанка. Пачатак у 19:00.

 

Менавіта за стварэнне гэтага унікальнага спектакля калектыў Вялікага тэатра Беларусі ўдастоены Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

 

У 2025-м «Патэтычны дзённік памяці» быў прадстаўлены ва ўнікальных дэкарацыях Брэсцкай крэпасці, а таксама гледачам Вялікага тэатра Расіі (Новая сцэна, Масква).

Партнёры