Вялікі тэатр Беларусi
Вялікі тэатр Беларусi
|
Джузепе Вердзі
Набукаопера ў 4-х дзеях Рэкамендаваны ўзрост 12+ |
Даты спектакля
|
Лібрэта — Тэмістакле Салера
Дырыжор-пастаноўшчык — народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў
Рэжысёр-пастаноўшчык — Джанкарла дэль Монака (Італія)
Хормайстар-пастаноўшчык — народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Ламановіч
Мастак-пастаноўшчык — Джанкарла дэль Монака (Італія)
Мастак па святлу — Людміла Кунаш
Дырыжоры — дыпламант міжнароднага конкурсу Юрый Караваеў, Віталь Грышчанка
Прэм’ера — 21 і 22 сакавіка 2026 года
Выконваецца на італьянскай мове
12
Дзея I «Іерусалім»
Войскі асірыйскага цара Навухаданосара (Набука) аблажылі Іерусалім. Жыхары горада і першасвяшчэннікі сабраліся ў галоўным храме – Храме Саламона, – і моляць Бога абараніць іх. Вярхоўны жрэц іудзеяў Захарыя супакойвае народ. Выратаванне яшчэ магчыма, бо дачка Набука Фенена знаходзіцца ў абложаным горадзе. Дзяўчына закахана ў палкаводца Ізмаіла, пляменніка Іерусалімскага цара Седэкіі. Фенена спачувае яўрэям.
У храм забягае Ізмаіл, ён прыносіць страшную вестку: Іерусалім здаўся пад націскам Навухаданосара. Народ у роспачы, толькі вярхоўны жрэц не губляе самавалодання. Захарыя верыць у вызваленне і злучае рукі Фенены і Ізмаіла, благаслаўляючы іх. Маладыя застаюцца ўдваіх. Яны сустрэліся, калі асірыйцы і яўрэі жылі ў міры, а Ізмаіл быў паслом у Вавілоне. Дзеля каханага Фенена перайшла ў іншую веру, але цяпер яе мучаць сумневы, бо яна – дачка ворага іудзеяў.
На чале ўзброенага атрада з'яўляецца Абігайль, якую выратаваў і ўдачарыў Навухаданосар шмат гадоў таму. Для ўсіх яна – родная дачка вавілонскага цара, сястра Фенены. Абігайль таксама неабыякавая да ізраільскага воіна і прапануе Ізмаілу выратаванне, калі ён пагодзіцца быць з ёй. Калі юнак адмовіцца, яго чакае смерць разам з Фененай, якая змяніла веры продкаў. Ізмаіл горда адхіляе прапанову Абігайль.
У храм збягаюцца людзі, якія ратуюцца ад асірыйскіх салдат. Сярод іх Захарыя і яго сястра Ганна. На чале войскаў у горад заязджае Навухаданосар. Ён з'яўляецца ў храме верхам на кані. Вярхоўны жрэц праклінае бязбожніка. У адказ вавілонскі цар пагражае гібеллю ўсім палонным і самому Захарыі, але Фенена ўстае на абарону яўрэяў. Цар здзіўлены дзіўнымі паводзінамі дачкі. Захарыя заносіць над дзяўчынай кінжал: ён гатовы забіць яе, калі асірыйцы не праявяць міласэрнасці да пераможаных. Ізмаіл спыняе жраца, ратуючы Фенену. Цар, разгневаны паводзінамі Захарыі, загадвае зраўняць храм з зямлёй і адвесці ўсіх палонных.
Дзея II. «Бязбожнік»
Вавілон. Абігайль адна. Прыгажуня абураецца, у яе руках дакумент, які сведчыць, што яна − дачка рабоў. Навухаданосар перадае ўладу на час сваёй адсутнасці законнай дачцэ − Фенене. Абігайль адчувае сябе абражанай: Фенене належыць і ўлада, і сэрца Ізмаіла. Яна вырашае адпомсціць. Вярхоўны жрэц Ваала заклікае яе захапіць трон: Фенена занадта мяккасардэчна і ўсе палонныя яшчэ жывыя, Навухаданосар пацярпеў паражэнне і, магчыма, загінуў. Абігайль падтрымлівае прапанову жраца: дачка рабыні павінна стаць царыцай. Яна зрыне сястру і сілай возьме ўладу ў свае рукі.
Турма, у якой пакутуюць палонныя яўрэі і Захарыя. Першасвяшчэннік моліць Бога абараніць няшчасных і дапамагчы ім здабыць свабоду. Святары праклінаюць Ізмаіла, які ўступіў у саюз з дачкой ворага, толькі сястра Захарыі Ганна ўступаецца за юнака.
Начальнік варты Навухаданосара Абдала паведамляе прынцэсе пра змову, на чале якой стаіць Абігайль. Фенена не хоча бегчы. Жрацы абвяшчаюць Абігайль намесніцай Вавілона і патрабуюць пакарання палонных. Нечакана вяртаецца сам цар. Ён прымае з рук Фенены сваю карону. Жрацы і Абігайль вымушаны адступіць. Навухаданосар дабіўся шэрага важных ваенных перамог і цяпер лічыць сябе роўным Богу. Дарэмна Захарыя перасцерагае цара аб немінучай карэ за богазневажанне, Навухаданосар не слухае жраца. Канчаткова паверыўшы ў сваю веліч, цар называе сябе сапраўдным Богам. Удар маланкі збівае карону з галавы поўнага трыумфу Навухаданосара. Яго паражае вар'яцтва. Фенена стараецца дапамагчы няшчаснаму. Абігайль падымае карону, якая ўпала з галавы Навухаданосара, і абвяшчае сябе правіцельніцай Вавілона.
Дзея III. «Пароцтва»
Абігайль дабілася свайго. Яна кіруе Вавілонам. Рабыні славяць сваю спадарыню і Бога Ваала. Вярхоўны жрэц заклікае царыцу не марудзіць з пакараннем смерцю палонных. Сястра Абігайль таксама павінна памерці, бо яна адраклася ад веры сваіх продкаў.
У суправаджэнні Абдала ў тронную залу ўваходзіць Навухаданосар. Свядомасць то пакідае яго, то вяртаецца зноў: ён здзіўлены, што не бачыць сваіх воінаў, не адразу пазнае Абігайль. Царыца просіць падпісаць загад аб пакаранні палонных іудзеяў. Навухаданосар ставіць сваю пячатку, але тут жа ўсведамляе, што сярод асуджаных яго родная дачка Фенена. Аднак Абігайль непахісная. Яна заяўляе бацьку, што ў таго ёсць яшчэ другая дачка. Набука нагадвае Абігайль пра яе паходжанне. Царыца ў шаленстве. Гучыць сігнал да пачатку пакарання. Набука зноў моліць вярнуць яго законную дачку. Абігайль загадвае арыштаваць забітага горам зрынутага цара.
Палонныя яўрэі чакаюць хуткай смерці. Іх думкі звернуты да Радзімы. Захарыя моліцца. У экстазе яму бачыцца падзенне Вавілона. Ён натхняе страціўшых надзею іудзеяў і ўсяляе ў іх непахісную ўпэўненасць у будучай перамозе.
Дзея IV. «Знішчаны ідал»
Навухаданосар адзін. У яго запаленым мозгу віхурай праносяцца ўспаміны пра перамогі і пакаранні за сваю ганарыстасць. З плошчы перад палацам даносіцца шум – палонных іудзеяў разам з Фененай вядуць да месца пакарання смерцю. Страціўшы надзею арыштаваны Навухаданосар просіць Бога іудзеяў вярнуць яму розум і аказаць дапамогу ў вызваленні палонных і дачкі. Навухаданосар раскайваецца ў сваім богазневажанні. Да яго зноў вяртаюцца розум, свядомасць і сіла. Ён загадвае адкрыць дзверы вязніцы. На дапамогу спяшаюцца воіны на чале з адданым Абдала. Военачальнік асірыйцаў уручае Навухаданосару яго меч. Бацька поўны рашучасці выратаваць сваю дачку.
Жалобнае шэсце спыняецца ля гары, прысвечанай Ваалу. Захарыя заклікае асуджаных звярнуцца да Бога з апошняй малітвай. Раптам урываюцца воіны Навухаданосара. Цар заклікае вярхоўнага жраца і загадвае салдатам разбурыць ідал Ваала. Прароцтва Захарыі спраўдзілася. Яўрэі атрымліваюць свабоду і могуць спакойна вярнуцца на радзіму. Абігайль прымае яд. Паміраючы, яна просіць Фенену і Ізмаіла дараваць ёй. Яўрэі і асірыйцы славяць магутнасць Бога.