Джаакіна Расіні

Севільскі цырульнік

камічная опера ў 2 дзеях

Рэкамендаваны ўзрост 12+

Даты спектакля

Лібрэта – Чэзарэ Стэрбіні па аднайменнай камедыі П'ера дэ Бамаршэ

Дырыжор-пастаноўшчык – Уладзімір Авадок

Рэжысёр-пастаноўшчык – Альда Тарабэла (Італія)

Мастак-пастаноўшчык (сцэнаграфія і касцюмы) – Энрыка Мусеніч (Італія)

Хармайстар-пастаноўшчык – народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Ламановіч

Мастак па святлу – Людміла Кунаш

Дырыжор – дыпламант міжнароднага конкурсу Юрый Караваеў

Выконваецца на італьянскай мове з рускімі субтытрамі

Прэм'ера – 6, 7 чэрвеня 2023 года

12

Дзея першая

 

На досвітку пад балконам аднаго з дамоў Севільі збіраюцца музыканты: граф Альмавіва запрасіў іх, каб выканаць серэнаду для прыгажуні Разіны. Але намаганні закаханага марныя — акно Разіны зачынена. Цішыню парушае толькі песенька мясцовага цырульніка Фігара, які хваліцца сваёй спрытнасцю і майстэрствам. Граф даўно ведае гэтага малага, і ён рады сустрэчы, спадзеючыся, што Фігара зможа дапамагчы яму зладзіць спатканне з Разінай. Фігара ахвотна бярэцца за справу. Падслуханая размова раскрывае ім намеры апекуна дзяўчыны — доктара Бартала: стары скнара збіраецца ажаніцца з ёй.

 

Фігара імгненна распрацоўвае план. Граф, які не жадае раскрываць сваё сапраўднае становішча каханай, прадстаўляецца бедным юнаком Ліндора, усё багацце якога - адданае сэрца. На гэты раз Разіна адразу адказвае на яго спевы, але адказ яе перарываецца: відаць, нехта ўвайшоў у пакой. Фігара прапануе графу, пераапрануўшыся салдатам (у горад як раз уступае полк), заняць дом Бартала, бо жыхары абавязаны прымаць салдат на пастой. А каб выклікаць менш падазрэнняў — варта яшчэ і прыкінуцца п’яным.

 

Фігара, які мае доступ у дом Бартала, знаходзіць магчымасць пагутарыць з Разінай і запэўніць яе ў сваёй падтрымцы: ён дакладна ведае, як аб’яднаць закаханыя сэрцы.

Доктар Бартала сустракаецца са сваёй даверанай асобай — настаўнікам музыкі донам Базіліа. Базіліа тлумачыць, якім чынам можна адвадзіць маладога прыхільніка: ёсць выпрабаваны сродак — паклёп. Але доктар, нягледзячы ні на што, вырашае дзейнічаць па-свойму.

Фігара падслухоўвае размову інтрыганаў і пасля іх сыходу паведамляе Разіне пра небяспеку, якая ёй пагражае. Дзяўчына шчаслівая: цяпер яна дакладна ведае, што Ліндора яе любіць. Фігара бярэ ў яе ліст, каб перадаць графу.

 

Неўзабаве ў доме з'яўляецца Альмавіва, пераапрануты салдатам. Ён разыгрывае п'янага і махае перад носам доктара паперай аб пастоі. Граф ўваходзіць у ролю падпітога воіна і паднімае такі скандал, што ў яго ўмешваецца паліцыя. Назойлівага салдата збіраюцца весці ў турму, але той дае начальніку варты паперу, якая сведчыць аб яго сапраўдным імені і званні, і бравы афіцэр, застыўшы ад здзіўлення, аддае графу чэсць.

 

 

Дзея другая

Зноў Альмавіва з'яўляецца ў доме доктара Бартала. На гэты раз − у ролі настаўніка спеваў. Ён паведамляе, што дон Базіліа, настаўнік Разіны, хворы і таму паслаў замест сябе яго, дона Алонса, свайго вучня. Занепакоены Бартала збіраецца наведаць хворага, але “дон Алонса” спыняе яго. Ён прынёс выпадкова знойдзены ліст Разіны, каб падчас урока паказаць дзяўчыне, сказаўшы, што яго перадала палюбоўніца графа. І той будзе зганьбаваны! Бартала ў захапленні. З'яўляецца Разіна. У новым настаўніку спеваў яна адразу пазнае свайго каханага Ліндора. Ледзь распачаты ўрок перапыняе Фігара: ён прыйшоў пагаліць доктара. Доктар вымушаны пагадзіцца: няхай цырульнік возьме ключы ад кабінета і прынясе брытвенныя прыналежнасці. Фігара весела падміргвае закаханым і сыходзіць. З кабінета раздаецца звон разбітага посуду, Бартала спяшаецца туды, вымушана пакідаючы шчаслівых закаханых адных.

Раптам з'яўляецца сапраўдны настаўнік спеваў, дон Базіліа. Бартала здзіўлены, бо той захварэў! Фігара спрабуе адцягнуць яго ад роспытаў “хворага” -пара галіцца. “Дон Алонса” кажа доктару, што Базіліа не ведае пра запіску і трэба яго выправадзіць. Усе са знаходлівасцю пачынаюць пераконваць настаўніка музыкі, што яго трасе ліхаманка, а калі Альмавіва яшчэ запіхвае яму ў руку кашалёк, дон Базіліа разумее, што лепш за ўсё яму сапраўды пайсці дадому і легчы ў ложак.

 

Падчас “урока” закаханыя не могуць застацца сам-насам. Апякун не адыходзіць ад іх ні на хвіліну. Праўда, мудрагелісты Фігара клапоціцца пра тое, каб Бартала не атрымаў задавальнення ад падглядвання. Разіна з графам дамаўляюцца аб сустрэчы апоўначы. Граф спрабуе папярэдзіць Разіну аб вымушанай (для пераканаўчасці) перадачы Бартала яе ліста, але яго словы чуе доктар; страціўшы самакантроль ад злосці, ён жыва гоніць прэч Фігара і няпрошанага настаўніка музыкі. Цяпер ужо ні на хвіліну не жадаючы адкладаць сваю жаніцьбу, Бартала неадкладна адпраўляе Базіліа за натарыусам. Яго асяняе ідэя выкарыстаць ліст, перададзены яму графам у якасці доказу здрады яе прыхільніка. Значыць, той заляцаецца да Разіны ў якасці падстаўной асобы багатага графа Альмавівы. Убачыўшы адчай дзяўчыны і даведаўшыся, што апоўначы Граф і Фігара прыйдуць за ёй, Бартала бяжыць па дапамогу да паліцыі.

 

Пачынаецца бура. У дом праз балкон пранікаюць Фігара і Альмавіва. Яны тлумачаць Разіне, што Ліндора і граф Альмавіва − адна і тоя ж асоба. Надышоў нарэшце момант, калі яна можа вызваліцца з палону апекуна і ўступіць у шлюб з каханым. У гэты час вяртаецца Базіліа з натарыусам, за якім яго пасылаў доктар. Хітры цырульнік тут жа прыдумляе новы план: ён прадстаўляе Разіну натарыусу ў якасці сваёй пляменніцы, нявесты графа Альмавівы. Сведка −дон Базіліа. Той спрабуе пратэставаць, але граф дае яму зразумець, што перад ім выбар: альбо пярсцёнак з каштоўным каменем, альбо куля ў лоб. Адказ Базіліа імгненны. Кантракт складзены і паспяхова падпісаны. Ідылію парушае толькі з'яўленне Бартала ў суправаджэнні салдат, ён патрабуе арышту злодзеяў. Афіцэр прапануе графу назваць сябе, што той голасна і робіць, прадставіўшы Разіну сваёй законнай жонкай. Бартала абдураны!

Цяпер ён ужо не зможа перашкодзіць шчасцю закаханых.

Партнёры