Пётр Чайкоўскі

Іаланта

опера ў 2 дзеях

Рэкамендаваны ўзрост 6+

Даты спектакля

Лібрэта – Мадэст Чайкоўскі па драме Генрыка Герца "Дачка караля Рэнэ"

Дырыжор-пастаноўшчык – народны артыст Рэспублікі Башкортастан Арцём Макараў

Рэжысёр-пастаноўшчык – уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная

Мастак-пастаноўшчык (сцэнаграфія і касцюмы) – Любоў Сідзельнікава

Хармайстар-пастаноўшчык – Сяргей Аграновіч

Мастак па святлу – Яўген Лісіцын

Дырыжор – дыпламант міжнароднага конкурсу Юрый Караваеў

Выконваецца на рускай мове

Працягласць – 1 гадзіна 50 хвілін з адным антрактам

Прэм'ера – 10 снежня 2023 года 

6

I дзея

У далёкіх гарах Паўднёвай Францыі, у адасобленым замку караля Рэнэ, прыхаваная ад знешняга свету, жыве чароўная прынцэса Іаланта. Дзяўчына з дзіцячых гадоў не бачыць навакольны свет і па загаду яе бацькі ніхто не можа сказаць ёй пра слепату. Уваход у замак старанна ахоўваецца, ён зачынены для старонніх, а ўсім, хто жыве тут, пад страхам смяротнага пакарання забаронена згадваць пра Прыгажосць, Святло і магчымасць чалавека бачыць.

 

Усе, хто жыве ў таемным замку − бацька, сяброўкі, карміцелька,- незвычайна ветлівыя і ласкавыя з Іалантай. Яна − цэнтр іх свету, іх Сусвет, іх боль, таямніца і надзея на выратаванне. Усе насельнікі замка жывуць надзеяй і горача чакаюць святога дня вылячэння Іаланты.

І ўсё ж... Адкуль у сэрцы гэтай юнай дзяўчыны такая невымоўная туга? З-за чаго столькі слёз? Чаму яе жыццё перастала быць радасцю? Адкуль столькі сумневаў у яе добрым сэрцы?

Не, яна не падасць выгляду сяброўкам, не будзе азмрочваць іх светлую размову, голас не здрыганецца. І толькі добрая Марта, адданая і чулая, змагла адчуць...

Голас мой — цвёрды і роўны быў, вачэй маіх не кранула ты,

Адкуль жа ты ведаеш пра гэтыя слёзы?

Не, тут нешта ёсць, чаго сказаць мне нельга!

 

О, будзь спакойная, цудоўная прынцэса, свет вакол цябе поўны гармоніі. І зноў кветкі, чароўныя спевы, водары... І сон. Гэтае таемнае месца жыве па сваіх законах: у самым сэрцы дзівоснага саду схавана вялікая таямніца, і ніводны выпадковы позірк не пракрадзецца туды. Ёсць усяго некалькі чалавек са знешняга свету, хто ведае сакрэт замка караля Рэнэ, і толькі верны вартаўнік рыцар Бертран адчыніць вароты.

 

Прызыўны рог − і на мяжы замка новы чалавек. Рыцар Альмерык, новы збраяносец караля, папярэднічае прыезд Рэнэ з важным госцем. Кароль Рэнэ вось ужо пятнаццаць гадоў марыць аб вылячэнні дачкі, бо яе слепата – не простае няшчасце, гэта крах усіх яго надзей. Ён міралюбівы кароль, які не церпіць войнаў і звад, Іаланта ж з маленства заручаная з Рабэртам, герцагам Бургундскім, а вестка аб слепаце нявесты можа скасаваць не толькі шлюб, але і планы на мір з суседзямі. Шмат гадоў таму кароль прыняў цяжкае рашэнне хаваць хваробу дачкі ад усяго свету і ад яе самой, але ён апантана верыць у тое, што яго дзіця яшчэ зможа бачыць, ён пакліча лепшыя розумы, ён аддасць усё!

Аднак лепшыя лекары аказаліся бяссільнымі. Прынцэсе ўжо шаснаццаць, яна цудоўная і гэтак жа духоўна светлая, як сляпая фізічна. Магчыма, сёння наступіць той самы вырашальны дзень, калі яго дзіця зноў атрымае здольнасць ўбачыць свет Божы?

 

Рэнэ прывозіць у замак славутага маўрытанскага лекара Эбн-Хакіа − яго мудрасць вялікая, а навука цёмная і невытлумачальная. І які ж вердыкт?

 

Так, ваша міласць, магчыма вылячэнне,

Але толькі... Яна павінна спазнаць сваё няшчасце.

 

Кароль у роспачы. «Аб змрочнай долі ўбоства ёй павінен расказаць, не чакаючы добрага канца?»

Але ці будзе ёй дадзена святло?

 

Мудрэц непахісны: убачыць Святло магчыма толькі тады, калі дух і розум хочуць яго спазнаць. Іаланта не толькі павінна ведаць, што яна сляпая, яна павінна жадаць здабыць здольнасць бачыць! Ці магчыма? Столькі гадоў... Ён выгадаваў гэты дзівосны сад, ён стварыў для дачкі чароўны свет, дзе дабрыня слоў аплятае яе шчыльней, чым расліны аплятаюць сцены замка, і цяпер ён павінен сам яго разбурыць? Не такі сапраўдны кароль:

 

Уваход сюды цаной жыцця заплаціць

Хто пажадае тайну ёй адкрыць.

Так суджана — і бацьку лекар усё ж саступіць.

 

II дзея

Дзень лёсавы і дзень цудоўны. Два маладыя рыцары — герцаг Рабэрт і граф Вадэмон — заблукалі ў незнаёмых краях і выпадкова адшукалі таемны ўваход у райскі сад незвычайнай прыгажосці.

 

 

«Назад вяртайся, кроч сваім ты шляхам — сюды ўваход пад змрочным смерці знакам!» Вадэмон вагаецца, але Рабэрт не жадае болей вандраваць. Ён вырашыў застацца ў гэтым цудоўным месцы і адпачыць, тым больш, што зусім не спяшаецца да месца свайго прызначэння.

 

Яго чакае непрыемная сустрэча і тлумачэнні з нявестай, прызначанай яму, і яе бацькам — каралём Рэнэ. А сама думка пра гэты шлюб яму агідная.

 

Рабэрт закаханы ў непаўторную герцагіню Матыльду, а дзеўчына Іаланта, напэўна, чапурыстая і нудная, як і ўсе выхаванкі манашак. Яго сябар Вадэмон не згодны з такім выбарам. Наадварот, яго не вабяць млявыя позіркі — ён натхнёны паэт і гатовы чакаць з’яўлення свайго нябеснага анёла.

Раптоўна юнакі знаходзяць таемную тэрасу, дзе спакойна адпачывае дзяўчына. Вадэмон зачараваны незнаёмкай, што спіць, а вось Рабэрта яе прыгажосць не кранае — ён ужо гатовы як мага хутчэй пакінуць гэты дзіўны палац, асцерагаючыся за сваё жыццё.

 

Прачнуўшыся, Іаланта чуе незнаёмыя ёй галасы і прыязна вітае нечаканых гасцей. Яна здзіўлена адсутнасцю свайго атачэння, але лёгка можа скласці кампанію наведвальнікам сама. Дзяўчына прапануе рыцарам віно, але Рабэрт, які падазрае пастку, адмаўляецца і сыходзіць у лес на пошукі набліжаных.

Вадэмон застаецца з Іалантай сам-насам і, усё больш зачароўваючыся яе пяшчотным абліччам, выказвае дзяўчыне сваё захапленне. Рыцар просіць сарваць яму на памяць пра сустрэчу кветку духмянай чырвонай ружы. Але Іаланта зрывае белую. Жудасная здагадка асяняе Вадэмона, ён просіць зноў і зноў — дзяўчына кожны раз памыляецца; рыцар разумее: яна сляпая! Першы парыў сысці змяняецца непераадольным жаданнем застацца. Пачуцці ахопліваюць Вадэмона, ён закаханы і не пакіне каханую.

Самазабыўна ён распавядае Іаланце пра бясконцую прыгажосць прыроды, пра Святло — крыніцу пазнання цудоўнага свету. Але Іаланце не патрэбна святло: яна разумее прыгажосць стварэння настолькі глыбока і адухоўлена, што Вадэмон гатовы прызнаць — такому цудоўнаму стварэнню, як яна, не патрэбна Святло, і нават калі сусвет застаецца ў змроку, яна адчувае ўсю яго прыгажосць, бо яна і ёсць СВЯТЛО!

 

Калі вяртаюцца кароль Рэнэ, прыдворныя і лекар, яны разумеюць: таямніца раскрыта. Адважны юнак, які незаконна пранік на тэрыторыю замка, расказаў Іаланце пра яе слепату. Кароль у гневе, але Эбн-Хакіа перакананы — менавіта гэта і ёсць шлях да выратавання. Ён гатовы распачаць лячэнне, але ці хоча дзяўчына бачыць?

 

Ці здольна з жарам прагнуць я

Таго, што цьмяна толькі разумею?

Але калі жадае бацька,

Я слухаюся без сумневу

 

Мудрацу патрэбна не пакорлівасць, а непераадольнае жаданне бачыць! Цяпер і сам кароль згаджаецца з меркаваннем маўрытанскага лекара, але як ён можа абудзіць у дачкі той парыў — гарачае імкненне да прасвятлення? Ён прымае ўмовы мудраца і выказвае пагрозу: калі лячэнне не дасць выніку, Вадэмон будзе пакараны смерцю. Іаланта і яе падданыя не вераць сваім вушам — кароль праяўляе нечаканую для сябе жорсткасць. Але дзяўчына прымае рашэнне: яна гатова на любыя ахвяры дзеля выратавання каханага: «Я буду бачыць, і ён будзе жыць!»

Тым часам Рабэрт разам са сваімі набліжанымі вяртаецца, каб выратаваць сябра. Здзіўлены нечаканай сустрэчай з каралём Рэнэ — ён збянтэжаны і ўзрушаны. Вадэмон публічна просіць сябра адмовіцца ад Іаланты. Кароль уражаны шчырасцю рыцара і прымае мудрае рашэнне: Рабэрт — свабодны, а Вадэмон атрымлівае магчымасць здабыць шчасце.

 

Іаланта свядома ахвяруе сабой дзеля Кахання і шчасця блізкіх ёй людзей. Яна аддае свой унутраны свет, сваю веру і радасць ўсяму навакольнаму свету і за гэта атрымлівае ўсяго толькі магчымасць убачыць свайго каханага, бацьку і... той непаўторна цудоўны зямны свет, які так складана захаваць.

Знаходзячы Любоў, мы атрымліваем маленькую надзею на шчасце жыць вечна.

 

Партнёры