Людвіг Мінкус

Гран-па з балета "Пахіта"

 

Рэкамендаваны ўзрост +

Даты спектакля

Харэаграфія - Марыус Петыпа
Пастаноўка - Павел Сталінскі
Сцэнаграфія - народны мастак СССР Сымон Вірсаладзе
Мастак па касцюмах - Кацярына Булгакава
Адказны рэпетытар - народная артыстка Беларусі Таццяна Яршова
Дырыжор - заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка
Працягласць - 40 хвілін
Прэм'ера - 12 мая 2008 года
Аднаўленне - на 21 верасня 2016 года

У доме знатнага іспанскага вяльможы – свята з нагоды вяселля прыгажуні Пахіты і Люсьена. Шыкоўны баль пачынаецца з дзіцячай мазуркі. У сольным танцы віртуознае майстэрства дэманструюць сяброўкі Пахіты. Напрыканцы свята – танец галоўных герояў Пахіты і Люсьена.

Гістарычная даведка

«Пахіта» – так коратка называюць сёння Гран-па на музыку Людвіга Мінкуса з аднайменнага балета, пастаноўку якога ажыццявіў Марыус Петыпа. Упершыню балет з такой назвай быў пастаўлены ў Парыжы ў 1846 годзе. Аўтарамі музыкі і харэаграфіі былі Жозаф Мазілье і Эдуар Дэльдэвез. Спектакль карыстаўся вялікім поспехам у Парыжы і Лондане, і таму нядзіўна, што «Пахіта» стала першым спектаклем, які 29-гадовы Марыус Петыпа паставіў у Пецярбургу.
Вобраз галоўнай гераіні і асноўныя сюжэтныя лініі спектакля запазычаныя з навелы Мігеля Сервантэса Сааведра «Цыганачка».

Пахіта – маладая прыгажуня і выдатная танцоўшчыца. Яна нарадзілася ў знатнай сям’і, аднак у дзяцінстве была выкрадзена цыганамі і вандруе па Іспаніі з цыганскім табарам. У выніку розных падзей Пахіта пазнае праўду пра сваю сям’ю і знаходзіць тых, каго згубіла – сваякоў і жаніха Люсьена, закаханага ў яе маладога двараніна. Шчаслівы фінал заблытанай гісторыі – пышнае вяселле Пахіты і Люсьена.

Поспех «Пахіты» на петярбургскай сцэне быў значна большы, чым гэтага чакалі. І, тым не менш, праз некалькі гадоў гэты пантамімны балет уступіў месца ў рэпертуары пастаноўкам знакамітых французскіх харэографаў Жуля Перо і Артура Сен-Леона.
Марыус Петыпа вярнуўся да «Пахіты» праз трыццаць гадоў, калі ім былі ўжо пастаўленыя балеты «Дачка фараона», «Дон Кіхот» і «Баядэрка». Нагодай для ўзнаўлення «Пахіты» стаў бенефіс балерыны Кацярыны Вазем. Для новага спектакля па просьбе Петыпа кампазітар Людвіг Мінкус напісаў параднае Гран-па, якое стала кульмінацыяй усяго балета. Дзякуючы класічнаму Гран-па вясельны баль ператварыўся ў выдатную харэаграфічную кампазіцыю.

У савецкія часы «Пахіта» знікла з рэпертуараў тэатраў, а фінальнае Гран-па, захаваўшы ад былога балета толькі назву, пачало самастойнае жыццё і ўпрыгожвае сёння рэпертуар многіх тэатраў свету. Форма разгорнутай танцавальнай сцэны – Гран-па – адпавядае агульнаму канону харэаграфічных структур класічнага спектакля: антрэ, адажыо, варыяцыі, кода. Бравурнасцю і сінхроннасцю адзначаныя парадныя выхады кардабалету і салістак. Затым ідуць жаночыя варыяцыі салістак. Кожная з варыяцый «Пахіты» – маленькі шэдэўр са сваім уласным характарам і стылем. І на вяршыні ўсёй гэтай пышнасці – вядучая балетная пара, якая дэманструе акадэмізм і прыгажосць класічнага танца.

Паглядзіце «Пахіту», і вы, безумоўна, зразумееце балетаманаў мінулых стагоддзяў, якія пасля спектакля накіроўваліся ўслед за карэтай балерыны альбо з асалодай пілі шампанскае з балетнага туфліка сваёй багіні.

Пастаноўшчыкам Гран-па з балета «Пахіта» на беларускай сцэне з’яўляецца вядомы пецярбургскі педагог і балетмайстар Павел Сталінскі. Выпускнік Ленінградскага акадэмічнага харэаграфічнага вучылішча імя А. Я. Ваганавай, на працягу многіх гадоў ён выступаў на сцэне Ленінградскага тэатра оперы і балета імя Кірава (зараз – Марыінскі тэатр) і Ленінградскага акадэмічнага Малага тэатра оперы і балета (зараз – Міхайлаўскі тэатр). Па запрашэнню выдатнага рускага танцоўшчыка Канстанціна Сяргеева прымаў удзел у пастаноўцы балета «Карсар» на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве.

Павел Сталінскі шмат гадоў супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным харэаграфічным коледжам. У 1996 годзе для Нацыянальнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь Павел Сталінскі паставіў балетную сцэну «Палавецкія танцы» (харэаграфія Міхаіла Фокіна) у оперы А. Барадзіна «Князь Ігар». З вялікім поспехам на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь ідзе пастаўлены ім у 2005 годзе класічны балет «Баядэрка» (харэаграфія Марыуса Петыпа).

Партнёры