Вячаслаў Кузняцоў
Анастасіяхарэаграфічная легенда ў 2 дзеях Рэкамендаваны ўзрост 12+ |
Даты спектакля
|
Музыка – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кузняцоў
Аўтар лібрэта – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Анатоль Дзялендзік
Харэограф, балетмайстар-пастаноўшчык – народны артыст Беларусі Юрый Траян
Мастак-пастаноўшчык (сцэнаграфія) – уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Касцючэнка
Мастак-пастаноўшчык (касцюмы) – Кацярына Булгакава
Мастак па святлу – Ірына Вторнікава
Мастак відэакантэнту – Мікалай Ярунін
Дырыжоры – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, Юрый Караваеў
Працягласць – 2 гадзіны з адным антрактам
Прэм'ера – 30 кастрычніка 2018 года
Генеральны партнёр пастаноўкі
12
І акт
Карціна першая
Сустрэча юнай Анастасіі Мсціслаўскай і князя Міхаіла Глінскага, першае дакрананне, першы пацалунак. Першая закаханасць князёўны і яе марнае намаганне ўтрымаць Міхаіла...
Праз гады. Бацька Анастасіі князь Іван Мсціслаўскі ладзіць раскошны баль у гонар Анастасіі і яе выбранніка – Сямёна Міхайлавіча Алелькавіча, князя Слуцкага, нашчадка вялікіх Гедыміна і Альгерда. Рукі Анастасіі і Сямёна злучаюцца, і цяпер гэта дотык не нявесты і жаніха, а жонкі і мужа...
Фанфары абвяшчаюць прыбыццё новых гасцей. Гэта князь Міхаіл Глінскі, які вярнуўся пасля гадоў знаходжання ў Еўропе. З ім крымскі хан Ахмат, - хітры, спрытны воін, - і яго дачка Заіра, -усходняя прыгажуня, заліхвацкая наезніца і ваяўніца.
Князь Глінскі ўражаны дарослай Анастасіяй і не ўтойвае пачуццяў, што нарынулі на яго, але яе сэрца ўжо занятае Сямёнам. Заіра не можа адвесці вачэй ад прыгажуна Міхаіла.
Хан Ахмат прапануе пацешыць публіку маладзецкім паядынкам, прызам у якім стане цудоўны татарскі бізун. Сутычка моцнага, але нязграбнага татарскага воіна і спрытнага, дасведчанага ў дуэлях Міхаіла Глінскага сканчваецца эфектнай перамогай князя. Захопленая Заіра віншуе пераможцу, уецца вакол яго, але разумее, што яго сэрца і думкі занятыя княгіняй Слуцкай.
Князь Сямён бачыць разгубленасць Анастасіі і выклікае пераможцу на новы паядынак. Складаная, небяспечная і дынамічная сутычка заканчваецца перамогай князя Слуцкага. Анастасія радасна абдымае мужа.
Шчаслівы бацька князь Іван Мсціслаўскі разам з гасцямі віншуе зяця з перамогай. Шчасце Анастасіі - апафеоз свята. Аднак не ўсе далучаюцца да агульнай весялосці. Мучыцца Міхаіл, лютуюць Ахмат і Заіра.
Карціна другая
Зімовае свята ў Слуцку. Ідзе снег.
Па вуліцы крочаць хлопчык і дзяўчынка – гэта Юрый і Аляксандра, дзеці князёў Слуцкіх Анастасіі і Сямёна. Перад імі ўстае іх родны горад. З розных бакоў з'яўляюцца калядоўшчыкі, іх смешныя крыўлянні і скокі вяселяць дзяцей. Урачысты выхад князя і княгіні Слуцкіх.
Свята скончана. Княжая сям'я ў пакоях. Анастасія і Сямён нарэшце застаюцца ўдваіх, нарэшце яны могуць зноў сказаць словы кахання. Зноў рука ў руцэ – дуэт кахання дарослых людзей, якія тонка адчуваюць адзін аднаго.
Раптам рэзкія ўдары званоў пранізваюць цішыню ночы. Чутны грукат капытоў, хаты ахоплены пажарам, у паніцы мітусяцца людзі. Вераломны набег узначальваюць хан Ахмат і яго дачка Заіра. Жудасная карціна гвалту, разбурэнняў, пакутаў… У самым цэнтры сутыкнення князь Сямён, - ён сталы воін, якога не адолець у справядлівым баі. Зыход вырашае падступны ўдар Заіры ў спіну князя.
Смерць князя робіць горад безабаронным. Аплаквае мужа Анастасія. Схіліўшы галовы, мужчыны нясуць цела свайго Князя. Але зноў з'яўляюцца ворагі. Ахмат, Заіра і татарскія ваяры, раскідаўшы спалоханых жанчын, кружаць вакол змучанай і безабароннай княгіні... Вялікая сетка накінута на Анастасію, княгіня ў палоне.
ІІ акт
Карціна трэцяя
Світанак у татарскім стане.
Пасля ранішняй малітвы вялікі хан Ахмат склікае сваіх воінаў на свята ў гонар перамогі над князем Сямёнам. Нясецца нястрымны татарскі танец, і ў самым яго цэнтры – Заіра.
Гукі трубы апавяшчаюць аб прыбыцці князя Міхаіла. Хан Ахмат загадвае прынесці свой падарунак дарагому госцю – аплецены сеткай кокан. Міхаіл падыходзіць да яго, разгортвае і бачыць Анастасію – зганьбаваную, знясіленую, але нязломную княгіню.
Міхаіл па-ранейшаму любіць яе, чакае такіх жа пачуццяў, але Анастасія адхіляе яго. Князь адпускае яе на волю. Уражаная князевай высакароднасцю, Анастасія сыходзіць. Татары, якія вярнуліся на чале з ханам Ахматам, раз'юшаныя ўчынкам князя. Ён грэбаваў іх падарункам і даў збегчы галоўнай здабычы.
Карціна чацвертая
Княжы палац у Слуцку.
Анастасія ў пакоях з дзецьмі. Яна разгубленая, толькі малітва прыносіць ёй заспакаенне і надзею. У горад зноў прыходзяць татары. Дарагімі падарункамі яны спрабуюць схіліць Анастасію да саюзу, але княгіня не прымае дары. З'яўляецца і князь Міхаіл Глінскі, жадаючы стаць на чале Слуцка. Анастасія рашуча адмаўляе яму. Абураны хан Ахмат аб'яўляе вайну. Раззлаваныя татары сыходзяць. Сыходзіць і засмучаны Міхаіл.
Успаміны даюць Анастасіі духоўныя сілы. Вобраз мужа, яго моц, падтрымка і ўпэўненасць жывуць у душы самотнай княгіні. Сямён заўсёды побач з ёй, менавіта ён дае Анастасіі сілы да жыцця і барацьбы. Яна гатовая да абароны сваёй сям'і, свайго роду, свайго горада. Войска на чале з княгіняй ідзе на бітву.
Зноў чуецца жалезны поступ татарскіх воінаў, грукат капытоў іх коней. Ізноў гвалт, пакуты жанчын і дзяцей… Аднак азвярэлыя татары сустракаюць нечаканы адпор ад князя Міхаіла Глінскага, які вырашыў стаць на бок Анастасіі. Міхаіл б’ецца з Ахматам і перамагае. Спроба вераломнага ўдара нажом у спіну князя Міхаіла спыняецца рукой Анастасіі. Зняможаны князь падводзіць да Анастасіі яе дзяцей. Менавіта яна, вытрымаўшы ўсе нягоды і прыніжэнні, павяла за сабой народ і перамагла.