Большой театр Беларуси

 

21 снежня 19:00

Пётр Чайкоўскі

Яўген Анегін

опера ў 3-х дзеях

Большой театр Беларуси

 

21 студзеня 19:00

Джузепе Вердзі

Макбэт

опера ў 3-х дзеях

Большой театр Беларуси

 

23 студзеня 19:00

Джузепе Вердзі

Травіята

Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Гісторыя тэатра пачынаецца ў 20-х гадах ХХ стагоддзя на сцэне першага Дзяржаўнага драматычнага тэатра, які меў у сваім складзе салістаў оперы, харавую і балетную групы і сімфанічны аркестр. Там ставіліся музычна-драматычныя спектаклі, оперы і балеты, гучала народная музыка. У гэты перыяд будучыя зоркі беларускага опернага і балетнага мастацтва атрымлівалі адукацыю ў музычных тэхнікумах Мінска, Віцебска, Гомеля. А таксама ў створанай у 1930 годзе Дзяржаўнай студыі оперы і балета.

 

За тры гады студыя падрыхтавала цэлую плеяду прафесійных артыстаў і ажыццявіла пастаноўкі опер "Залаты пеўнічак" М.Рымскага-Корсакава (1931) і "Кармэн" Ж.Бізэ (1932).

     

25 мая 1933 года Дзяржаўны тэатр оперы і балета ў Мінску быў адкрыты операй "Кармэн" з вялікай беларускай спявачкай Ларысай Александроўскай у загалоўнай партыі. Беларусь здабыла цэнтр высокапрафесійнай музычна-драматычнай творчасці і выканальніцкага мастацтва, далучылася да еўрапейскай опернай спадчыны, увайшла ў сусветны культурны працэс.

Першыя спектаклі 1933 года, акрамя "Кармэн" – оперы "Яўген Анегін" і "Пікавая дама" П.Чайкоўскага, "Царская нявеста" М.Рымскага-Корсакава і першая балетная пастаноўка тэатра – "Чырвоны мак" Р.Гліэра. Першае пакаленне мастацка-творчага складу тэатра - І.А. Гітгарц (мастацкі кіраўнік), Г.Н. Пятроў (дырыжор), В.М. Барысевіч (рэжысёр), Л.В. Крамарэўскі і К.Н. Мулер (балетмайстры); оперныя выканаўцы - Л.П. Александроўская, Р.В. Млодэк, С.Ю. Друкер, І.М. Балоцін, М.І. Дзянісаў; салісты балета - А.В. Нікалаева, Т.С. Узунова, Ю.В. Хіраска, С.В. Дрэчын. Акрамя таго, сваім імклівым творчым станаўленнем малады калектыў быў шмат у чым абавязаны буйным майстрам рускай тэатральнай сцэны – дырыжорам Н.Б. Грубіну і У.І. Пірадаву, рэжысёрам І.Ю. Шляпянаву і Б.А. Пакроўскаму, балетмайстрам Ф.В. Лапухову і А.Н. Ярмалаеву, мастаку С.Ф. Нікалаеву.

 

  

У перыяд з 1933 па 1939 год тэатр асвоіў класічныя оперныя шэдэўры заходнееўрапейскага і рускага рэпертуара, сярод якіх – "Князь Ігар" А.Барадзіна, "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні, "Рыгалета" Дж.Вердзі, "Тоска" Дж.Пучыні, "Русалка" А.Даргамыжскага. Пры тэатры працавала балетная студыя, дзе займаліся адораныя дзеці і ўдзельнікі самадзейных кружкоў з усёй Беларусі. Балетная трупа тэатра складалася ў той час больш чым за 100 артыстаў, якія адрозніваліся даволі высокай прафесійнай падрыхтоўкай. Былі пастаўлены балеты "Капелія" Л.Дэліба, "Канёк-гарбунок" Ц.Пуні, "Марная засцярога" П.Гертеля, "Лебядзінае возера" П.Чайкоўскага.

Адной з галоўных сваіх задач тэатр оперы і балета Беларусі лічыў стварэнне нацыянальнага рэпертуара. 10 сакавіка 1939 года прэм'ерай оперы беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага "Міхась Падгорны" было адзначана адкрыццё ўласнага будынка тэатра на Траецкай гары, пабудаванага па праекце вядомага архітэктара Іосіфа Лангбарда. Першым балетным спектаклем, прадстаўленым на новай сцэне ў пастаноўцы знакамітага харэографа Касьяна Галейзоўскага, стаў "Бахчысарайскі фантан" Б.Асаф'ева, які адкрыў новы сезон 1939-1940 гг.

  

У цэлым, гэты перыяд стаў вельмі плённым для тэатра – былі пастаўлены тры нацыянальныя оперы: "У пушчах Палесся" А.Багатырова, "Міхась Падгорны" (2-я рэдакцыя) Я.Цікоцкага і "Кветка шчасця" А.Туранкова. Акрамя таго, найважнай падзеяй для нацыянальнай культуры і тэатра стала пастаноўка першага беларускага балета "Салавей" М.Крошнера. У чэрвені 1940 года гэтыя спектаклі з вялікім поспехам прайшлі ў рамках Дэкады Беларускага мастацтва ў Маскве.

   

 

Да вайны прыкметнымі спектаклямі беларускага тэатра, якія шмат у чым вызначылі яго будучае творчае аблічча, сталі: "Мадам Батэрфляй" ("Чыа-Чыа-сан") Дж.Пучыні, "Казкі Гофмана" Ж.Афенбаха, балет "Дон Кіхот" Л.Мінкуса. Апошняя прадваенная прэм'ера тэатра - "Травіята" Дж.Вердзі, якая прайшла 22 сакавіка 1941 года.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945) Беларусь была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі. Сталіца падверглася найжорсткім бамбаванням і была пераўтворана ў руіны. Шмат артыстаў тэатра адышло на фронт або далучылася да партызанскага руху, шмат стварала франтавыя канцэртныя брыгады і выступала перад салдатамі Савецкага Войска. Тэатр оперы і балета быў эвакуіраваны ў Паволжа Расіі (гарады Горкі і Каўроў), дзе працягваў актыўную творчую дзейнасць.

Адразу пасля вызвалення сталіцы калектыў вярнуўся ў Мінск і ў снежні 1944 года адкрыў сезон прэм'ерай оперы "Алеся" Я.Цікоцкага (дырыжор-пастаноўшчык - М.Э.Шнэйдэрман, рэжысёр-пастаноўшчык - Б.А.Пакроўскі, мастак-пастаноўшчык - С.Ф.Нікалаеў). Гэта падзея адзначыла адраджэнне Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі. Пасля рамонту і рэканструкцыі пашкоджанага бамбёжкай будынка тэатра, яго праца аднавілася, і вельмі хутка тэатр увайшоў у лік прызнаных лідараў у культурнай прасторы былога Савецкага Саюза.

   

Яскравымі падзеямі ў гісторыі нацыянальнага тэатральнага мастацтва пасляваеннага перыяду сталі прэм'еры балета "Князь-возера" В.Залатарова і оперы "Кастусь Каліноўскі" Дз.Лукаса (1949 год). Акрамя таго, у 50-е гады значныя дасягненні беларускага тэатра звязаны з інтэрпрэтацыямі рускай і замежнай опернай класікі – опер "Іван Сусанін" М.Глінкі, "Фаўст" Ш.Гуно, "Дэман" А.Рубінштэйна, "Паяцы" Р.Леанкавала, "Страшны двор" С.Манюшкі, "Мазепа" і "Іяланта" П.Чайкоўскага, "Барыс Гадуноў" М.Мусаргскага, "Садко" М.Рымскага-Корсакава і інш. У 1953 годзе быў пастаўлены і адзін з найпапулярных спектакляў тэатра, які з вялікім поспехам выконваўся да 2008 года – опера Дж.Вердзі "Аіда" (дырыжор-пастаноўшчык - Л.Любімаў, рэжысёр-пастаноўшчык - Л.Александроўская). Разам з тым, важную частку творчага працэсу склалі пастаноўкі твораў савецкіх і нацыянальных кампазітараў – опер "Ціхі Дон" І.Дзяржынскага, "Маладая гвардыя" Ю.Мейтуса, "Марынка" Г.Пукста, "Купальская ноч" і "Ясныя світанак" А.Туранкова, "Надзея Дурава" А.Багатырова; балетаў "Аповесць пра каханне" і "Паламяныя сэрцы" В.Залатарова, "Падстаўная нявеста" Г.Вагнера, а таксама класічных балетаў – "Эсмеральда" Ц.Пуні, "Жызэль" і "Карсар" А.Адана, "Баядэрка" Л.Мінкуса, усе балеты П.Чайковского.

У наступныя гады, аж да распаду СССР, беларускі тэатр меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыццяздольных калектываў. Яго высокі мастацкі ўзровень у розны час вызначалі такія вядомыя дырыжоры, як: Анісім Брон, Леў Любімаў, Таццяна Каламійцава, Яраслаў Вашчак, Уладзімір Машэнскі, Генадзь Праватораў, Аляксандр Анісімаў; рэжысёры Алег Маралёў, Дзмітрый Смоліч, Юрый Южанцаў, Сямён Штэйн, Вячаслаў Цюпа, Маргарыта Ізворска-Елізар'ева; мастакі Яўген Чамадураў, Эрнст Гейдэбрэхт, Яўген Ждан, Вячаслаў Окунеў.

Новы этап развіцця нацыянальных традыцый у балеце звязаны з творчасцю кампазітара Яўгена Глебава – на сцэне тэатра былі пастаўлены тры яго балета – "Мара", "Альпійская балада" і "Выбранніца". Сярод беларускіх опер, прысвечаныя розным этапам гісторыі нашай краіны - "Зорка Венера" (1970) і "Новая зямля" (1982) Ю.Семянякі, "Сівая легенда" (1978) Дз.Смольскага, "Сцежкаю жыцця"(1980) Г.Вагнера, "Дзікае паляванне караля Стаха" (1989) У.Солтана, "Князь Наваградскі" А.Бандарэнкі (1992), "Джардана Бруна" (1977), "Візіт дамы" (1995) і "Юбілей" (2002) С.Картэса, "Майстар і Маргарыта" (1992) Я.Глебава, "Запіскі вар'ята" (2005) В.Кузняцова, "Сіняя Барада і яго жонкі" (2006) В.Капыцько і шэраг іншых. Разам з тым, аснову опернага рэпертуара тэатра склалі шэдэўры італьянскага bel сanto - "Набука", "Баль-маскарад", "Аіда", "Атэла" Дж.Вердзі, "Мадам Батэрфляй", "Тоска", "Багема" і "Турандот" Дж.Пучыні, класічныя оперы рускіх кампазітараў. Найважнымі падзеямі ў гісторыі беларускага тэатра сталі грандыёзныя пастаноўкі опер "Арэстэя" С.Танеева, "Вайна і мір" С.Пракоф'ева, "Барыс Гадуноў" і "Хаваншчына" М.Мусаргскага, "Ледзі Макбет Мцэнскага павета" ("Кацярына Ізмайлава") Дз.Шастаковіча.

Дзейнасць балетнай трупы ў 80-90-е гады характарызуецца бесперапынным узбагачэннем рэпертуара шэдэўрамі класікі і далейшым засваеннем лексікі сучаснай харэаграфіі. Пастаноўкі Валянціна Елізарьева - "Кармэн-сюіта", "Стварэнне свету", "Спартак", "Шчаўкунок", "Балеро", "Жар-птушка", "Вясна свяшчэнная" – сталі візітнай карткай калектыва, як на Радзіме, так і за мяжой.

Вялікім мастацкім дасягненнем балетнай трупы стала пастаноўка балета "Тыль Уленшпігель" (музыка Я. Глебава, сцэнаграфія Я. Лысіка). Гісторыя і сучаснасць знайшлі сваё адлюстраванне ў балеце на музыку С. Пракоф'ева "Рамэо і Джульета". Упершыню на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ўвасобілася ў тэатральным дзеянні знакамітая сцэнічная кантата К.Орфа "Carmina Burana". Культурнай падзеяй, якая атрымала значны грамадскі рэзананс, стала пастаноўка балета "Страсці (Рагнеда)" А.Мдзівані, прысвечанага адной з самых трагічных старонак славянскай гісторыі пачатку Х стагоддзя.

У 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатр падзяліўся на тры самастойныя структуры. У 2008 годзе было прынята рашэнне зноў аб'яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

8 сакавіка 2009 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці тэатра пасля рэканструкцыі.

12 мая 2010 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт асвяціў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

 

 

 

 

 

 

 

НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ ТЭАТРА
З 2009 ГОДА ПА СЁННЯ

Рэпертуар – больш за 80 назваў опер і балетаў (нацыянальныя спектаклі, шэдэўры сусветнай класікі і сучасныя пастаноўкі). Каля 60 прэм'ерных пастановак ажыццёўлена ў перыяд з 2009 па 2018 год.

Сёння ў тэатры служаць 49 уладальнікаў медаля Францыска Скарыны, 3 ўладальніка ордэна Францыска Скарыны, 35 заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь, 13 народных артыстаў Беларусі, 2 заслужаных дзеяча культуры і мастацтваў Рэспублікі Беларусь, 8 лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Гастролі творчых калектываў тэатра больш чым у 30 краінах свету.

Падпісана 30 мемарандумаў аб супрацоўніцтве з найбуйнейшымі тэатрамі блізкага і далёкага замежжа.

2009
Адкрыццё Музычнай гасцёўні (цяпер – Камерная зала імя Ларысы Александроўскай).

2011
Стварэнне стажорскай групы маладых салістаў оперы з ліку студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

2012
Адкрыццё Малой балетнай сцэны.
Адкрыццё трох філіяльныя пляцовак Вялікага тэатра Беларусі ў Магілёве, Наваполацку і ​​Гомелі.

2015
Уступленне Вялікага тэатра Беларусі ў еўрапейскую асацыяцыю оперных труп і фестываляў Opera Europa.

Праекты Вялікага тэатра Беларусі:

з 2010 года
• Вялікі навагодні Баль у Вялікім тэатры
• Оpen-air фестываль опернага і балетнага мастацтва «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў»
• Унікальнае друкаванае выданне – часопіс «Партэр»
• Мінскі міжнародны Калядны оперны форум

з 2012 года
• Маладзёжны оперны форум краін СНД
• Міжнародны конкурс Competizione dell'Opera

з 2013 года
• Калядны дабрачынны Баль кнігі
• Эксклюзіўнае выданне – «Вялікая энцыклапедыя Вялікага тэатра Беларусі»

з 2014 года
• Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў
• «Вялікі тэатр – дзецям»
• Конкурс «Навагодняя сямейная цацка»

з 2015 года
• «Дзень адчыненых дзвярэй», прымеркаваны да дня нараджэння тэатра

з 2016 года
• «Моладзевыя праграмы Вялікага»

з 2018 года
• «Майстры мастацтваў – ваеннаслужачым унутраных войскаў і супрацоўнікам органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь».

Узнагароды і прэміі Вялікага тэатра Беларусі

2010
Афіцыйны інтэрнэт-сайт Вялікага тэатра Беларусі заваяваў 1 месца ў намінацыі «Культура і мастацтва» па выніках конкурсу на лепшы Інтэрнэт-рэсурс «Інтэрнэт-прэмія «TIBO-2010».

2013
Часопіс «Партэр» стаў пераможцам IX Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая літара».

2014
Вялікі тэатр Беларусі ўдастоены памятнай медалі ЮНЕСКА «Пяць кантынентаў» за выбітны ўклад у папулярызацыю харэаграфічнага і опернага мастацтва ва ўсім свеце і з нагоды 60-годдзя сяброўства Беларусі ў ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

Тэатр неаднаразова станавіўся лаўрэатам прэміі «36 любімых месцаў Мінска» па выніках сацыялагічных апытанняў ў сетцы інтэрнэт. Лаўрэаты Нацыянальнай тэатральнай прэміі: спектаклі «Набука» Дж.Вердзі (2010), «Аіда» Дж.Вердзі (2012), «Лятучы галандзец» Р.Вагнера (2014), «Вітаўт» В.Кузняцова (2014), «Маленькі прынц» Я.Глебава (2016), «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (2016). Лаўрэаты Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва: стваральнікі спектакляў «Чужое багацце нікому не служыць» Я.Д.Голанда (2009), «Сівая легенда» Д.Смольскага (2012), «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (2015). За пастаноўку балета «Вітаўт» калектыў Вялікага тэатра Беларусі ўдастоены высокай узнагароды – прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2014). Творчаму калектыву оперы Д.Смольскага «Сівая легенда» прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2017).

 

АРХІЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ВЯЛІКАГА ТЭАТРА ОПЕРЫ І БАЛЕТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Гісторыя кожнай установы захоўваецца ў дакументах і пацвярджаецца дакументамі, для гэтага ствараюцца архівы, у якіх па крупінках збіраюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць шлях станаўлення і развіцця той ці іншай установы.

У тэатры оперы і балета створаны архіў, які збірае, апрацоўвае і захоўвае кіраўнічыя, творчыя дакументы, а таксама дакументы па асабістаму складу (дакументы пастаяннага тэрміну захоўвання перадаюцца ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва), часовыя рамкі кіраўнічых і творчых дакументаў ахопліваюць перыяд з 1933 года, а па асабістаму складу з 1942 года.

Асаблівая ўвага ў тэатры заўсёды надавалася збору і захоўванню творчых дакументаў, якія з'яўляюцца пацвярджэннем асноўнай дзейнасці калектыву.

Гісторыя тэатра пачыналася задоўга да яго афіцыйнага адкрыцця. Першай старонкай быў Беларускі музычны тэхнікум, у якім у 1928 г. адкрыўся вышэйшы оперны клас, яго арганізатарам і кіраўніком з'яўляўся Боначич Антон Пятровіч. На базе гэтага класа ў кастрычніку 1930 года была створана Беларуская студыя оперы і балета з мэтай падрыхтаваць у рэспубліцы адкрыццё тэатра оперы і балета. У 1933 году студыя рэарганізавана ў тэатр.

У архіве захоўваюцца афішы, праграмы, фотаздымкі, друкаваныя матэрыялы, пачынаючы з 1926 года і па цяперашні час. Шмат было сабрана дакументаў па гісторыі тэатра, але падчас вайны ўсё было разрабавана і вывезена нямецкімі акупантамі. Пасля вяртання тэатра з эвакуацыі пачалося яго адраджэнне, ставіліся новыя спектаклі, ствараліся афішы, праграмы, фатографы запечатляли сцэнічнае дзеянне ў фотаздымках, пісаліся водгукі. Усё гэта беражліва збіралася і захоўвалася, збіралася і тое, што засталося ў саміх акцёраў пра дзейнасць тэатра.

На сённяшні дзень тэатр мае ўсе афіцыйныя архіўныя матэрыялы і найбагатую калекцыю афіш, праграм, фотаздымкаў, плакатаў, друкаваных матэрыялаў пра тэатр за ўсе гады яго існавання.

Партнёры