Алена Сало працягвае свой аўтарскі цыкл «Партрэты» праграмай, прысвечанай Аляксандру Цфасману. У Камернай зале яна прагучыць 15 лістапада.
– Імя савецкага піяніста, кампазітара, аранжыроўшчыка, дырыжора, кіраўніка аркестра Аляксандра Цфасмана да гэтага часу застаецца ў цені для многіх сучасных людзей. Але не яго творы, – упэўнена заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Сало. – Гарантую: калі гледачы толькі пачуюць гэтыя мелодыі, зразумеюць, што гэтая музыка была ім вядомая з дзіцячых гадоў. На ўвечары 15 лістапада абавязкова прагучаць такія шэдэўры, як: «Няўдалае спатканне», «Паспачувайце вы хлопцу нежанатаму...» (у свой час гэтую песню душэўна выконваў Уладзімір Трошын), «Тры вальса», «Стомленае сонца» (Цфасман зрабіў геніяльную аранжыроўку танго Ежы Пецярсбурскага для джаз-аркестра), «Развітальны прамень», «Мне бясконца шкада...».
Аляксандр Цфасман быў бязмежна таленавіты. Яго творы друкаваліся ў нотных выданнях і былі нарасхват, калі самому аўтару не было і 18-ці гадоў – ён яшчэ толькі вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. Вядомы факт, калі аднойчы да Цфасмана з просьбай звярнуўся Дзмітрый Шастаковіч: «Я тут напісаў адзін твор, але сыграць яго не магу... Можа быць, ты?..» Аляксандр быў віртуозным піяністам! Ён бліскуча выконваў самыя хуткія і тэхнічна складаныя варыяцыі, з якімі змог бы справіцца не кожны музыка. І яго джазавыя кампазіцыі такія ж віртуозныя! Так, мы можам казаць, што яго музыка лёгкая – яна дорыць радасць і ўсмешку. Але назваць яго творы лёгкімі ў плане выканання ніяк нельга. Граць яго сачыненні могуць музыканты найвышэйшага класа. Несумненна, пашанцавала, што разам са мной рыхтуе гэтую праграму канцэртмайстар Ілля Пятроў, які не раз звяртаўся да джаза. Думаю, гэта будзе трапленне ў «дзясятку». Ілля з задавальненнем бярэцца за самыя складаныя творы – і яны яму скараецца. Дарэчы, 15 лістапада на сцэне Камернай збярэцца цэлая джаз-банда: фартэпіяна, кантрабас, ударныя і, магчыма, саксафон. Але ўсе карты раскрываць не буду. Таму што на гэтым вечары гледачоў сапраўды чакае нямала сюрпрызаў.
Калі я маленькай слухала бабуліны патэфонные пласцінкі, мяне заўсёды зьдзіўляла адна асаблівасць твораў Цфасмана. Усе яго сачыненні будаваліся такім чынам, што дзве траціны кампазіцыі займала музыка і толькі траціна аддавалася на водкуп вакалісту. Напрыклад, слухала я, як цудоўна грае аркестр, і тут – раз! – хтосьці заспяваў ... У дзяцінстве мяне гэтая нечаканасць забаўляла. Цяпер, вядома, той факт, што Цфасман не надаваў вялікага значэння вакалісту, мне не вельмі падабаецца. Але трэба аддаць належнае: пасля ён выправіўся (усміхаецца).
У канцэрце «Гукі джаза» я вазьму на сябе ролю не толькі спявачкі, але і вядучай. Лёс Аляксандра Навумавіча надзвычай цікавы. І, як у кожнай сваёй праграме, у «Партрэце» Цфасмана я таксама знайшла нешта агульнае з маім героем. Гэта – любоў да зямлі... Калі для джаза наступілі цёмныя часы, «музыка тоўстых» апынулася ў выгнанні, савецкі чалавек не павінен быў яе слухаць, тым больш – граць, Аляксандр Навумавіч адправіўся на дачу – саджаць ружы. Усе суседзі не хавалі свайго захаплення. «Больш прыгожага саду мы і не бачылі!» – казалі яны. І ўсё ж такі дадавалі: “Але было б нядрэнна, калі б вы не забывалі і пра музыку, пра свой джаз...»