13 снежня нас чакае не проста канцэрт, а сапраўднае свята – у малой зале тэатра будзе гучаць музыка Георгія Свірыдава. Аўтар вечара Таццяна Старчанка, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі і мастацкі кіраўнік «Музычнай гасцёўні», абяцае: у гэтым канцэрце будуць сабраны самыя розныя творы, але нязменным застанецца адно – высокая камерная музыка, для якой, уласна, і прызначана зала імя Л.П. Александроўскай.
– Свірыдаў, безумоўна, геній ХХ стагоддзя, – кажа Таццяна Старчанка. – З аднаго боку, ён заўсёды ўзнаваемы, з другога ж – яго музыка надзвычай шматгранная. Менавіта гэтыя грані мы і хочам паказаць у праграме.
Дзмітрый Капілаў, з яго амплуа рускага камічнага баса, рэалізуецца ў музыцы Свірыдава на ўсе сто адсоткаў! Калі Капілаў спявае, ствараецца адчуванне, што ўсе гэтыя творы напісаны спецыяльна для яго голаса. На вечарыне ён выканае песні на вершы Р. Бернса, П.-Ж. Беранжэ, У. Маякоўскага.
Зноў у гледачоў будзе магчымасць пачуць цыкл «Адчаліўшая Русь», які, на мой погляд, менавіта ў выкананні Іллі Сільчукова цалкам адказвае задуме кампазітара. У 2014-м у вялікай зале філармоніі ў рамках «Музычнай гасцёўні» прайшоў канцэрт, прысвечаны Свірыдаву, куды я запрасіла пляменніка кампазітара, прафесара з Санкт-Пецярбурга Аляксандра Сяргеевіча Беланенка. Гэта даволі стрыманы ў ацэнках чалавек. Але пасля выканання Іллёй цыклу ад халоднасці Аляксандра Сяргеевіча не засталося і следу – ён быў літаральна ўзрушаны! Яму шчыра спадабаўся ўвесь канцэрт, але асабліва доўга знаходзіўся пад уражаннем ад выканання Сільчукова. «Як гэты малады чалавек змог так глыбока зразумець гэты цыкл? – пытаўся Беланенка ў мяне. – Падобнага я наогул не чуў!»Сапраўды, гэта вельмі няпростая, сур'ёзная, філасофская музыка Свірыдава. І тое, як яе выконвае Ілля, трэба проста чуць...
Мне вельмі імпануе, як працуе Аляксандр Міхнюк, голас у яго таксама – «свірыдаўскі». Нездарма ў 2014-м малады тэнар стаў дыпламантам міжнароднага конкурсу камерных спеваў імя Георгія Свірыдава. Я бачу, як Саша развіваецца, разумею асаблівасць яго голасу і не сумняваюся ў тым, што ў будучыні ён складзе гонар нашага тэатра. Калі ён бліскуча выконвае песенныя цыклы на словы С. Ясеніна або А. Пушкіна, я сама атрымліваю невымоўнае задавальненне.
Шчыра прызнаюся, кожны раз мяне дзівіць і захапляе, як падыходзіць да працы Ўладзімір Пятроў! Воля, характар, фантастычная працаздольнасць... Відаць адразу: гэта – народны артыст! Неяк ён прыйшоў да мяне з прапановай выканаць «Губляе лес барвяны свой убор...». І я безапеляцыйна адказала: нельга раманс, напісаны кампазітарам для баса, перадаваць барытонам. Але калі Ўладзімір Генадзевіч яго заспяваў, я зразумела, што не мела рацыі! У Пятрова ўзрушаюча прыгожая, густая, багатая афарбоўка голасу, якую і меў на ўвазе Свірыдаў. Калі салісты спяваюць так выдатна, мне часам нават шкада, што Георгія Васільевіча ўжо няма з намі.