14 лютага ў Вялікім тэатры Беларусі операй Р. Леанкавала «Паяцы» будзе дырыжыраваць Уладзімір Авадок.
Калі маэстра Рыкарда Муці вырашыў адкрыць сваю школу - Італьянскую оперную акадэмію ў Равэне, музыкаў, якія жадалі патрапіць туды было не злічыць. З двухсот чалавек выбралі 10. У ліку гэтых 10-ці быў і Уладзімір Авадок. У далейшым менавіта Уладзімір прыняў удзел у пастаноўцы оперы «Фальстаф» Дж. Вердзі, пасля чаго кожны год атрымліваў запрашэнні ў акадэмію Маэстра. А праз два гады, у 2017-м, Авадок стаў дырыжорам-пастаноўшчыкам Равэна-фестывалю, дзе разам з рэжысёрам Крысцінай Мадзавілані-Муці працаваў над операмі «Тоска», «Паяцы» і «Сельскі гонар». Італьянскі часопіс Connessi all'Opera пісаў у рэцэнзіі на оперу «Паяцы»: «Найлепшых адзнак заслугоўвае моладзевы аркестр і дырыжор Уладзімір Авадок. Яны прадэманстравалі выдатнае выкананне: перш за ўсё прыгажосць гучання ў цэлым і майстэрства выканання асобных частак… Верагодна, Уладзімір Авадок пазнаў таінства музыкі Рыкарда Муці, у якога ў 2015 годзе ён вучыўся ў Італьянскай опернай акадэміі».
У цяперашні час Уладзімір Авадок з'яўляецца дырыжорам Белтэлерадыёкампаніі, выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Засталося дадаць, што ў гэты вечар 14 лютага галоўныя партыі ў оперы Р. Леанкавала «Паяцы» выканаюць: народныя артысты Беларусі Настасся Масквіна (Неда), Сяргей Франкоўскі (Каніа), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (Тоніа), Уладзімір Громаў (Сільвіа) , лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Гарадзецкі (Бепа).