Узімку гэтага года на Канарскіх астравах у 35-ы раз прайшоў Міжнародны фестываль музыкі з удзелам сусветна вядомых калектываў, дырыжораў і салістаў. Гамбургская філармонія пад кіраўніцтвам Кента Нагана, Санкт-Пецярбургская філармонія пад кіраўніцтвам Юрыя Цемірканава, Нямецкі камерны філарманічны аркестр з Брэмена пад кіраўніцтвам Дэвіда Афхама, Лонданскі ансамбль Conchord... Пяць канцэртаў у рамках гэтага фестывалю даў і беларускі калектыў «Камерная Filarmonica Мінска» - 15 музыкаў вядучых сімфанічных аркестраў - Вялікага тэатра і філармоніі.
- Дзве віяланчэлі, тры альта, адзін кантрабас і дзевяць скрыпак - у такім складзе мы ўжо выступалі на міжнародным фестывалі ў Іспаніі ў 2016-м, з задавальненнем прынялі запрашэнне прыняць удзел і ў гэтым годзе, - прызнаецца заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Рэгіна Саркісава. - Музыкі - натуры творчыя, мы заўсёды шукаем цікавыя формы для рэалізацыі свайго патэнцыялу. Менавіта ў той час, калі мы ў камернай зале рыхтаваліся да фестывалю - рэпетавалі, у нас і нарадзілася ідэя: а чаму б не паспрабаваць згуляць гэтую праграму для нашага гледача. Па вяртанні вырашылі ўвасобіць гэтую задуму ў жыццё. Мабыць, такой колькасці музыкаў наша малая сцэна яшчэ не бачыла. Думаю, сталічная публіка ацэніць сапраўды прыгожую праграму. Увечары 19 красавіка гледачы пачуюць чатыры творы: Варыяцыі на тэму Чайкоўскага Антона Арэнскага; Восьмы квартэт Дзмітрыя Шастаковіча ў рэдакцыі Рудольфа Баршая (больш вядомы як «Камерная сімфонія»); «Чатыры станы аднаго і таго ж» Карласа Гансалеса; Сюіту ў старадаўнім стылі «З часоў Хольберга» Эдварда Грыга. Чатыры розных творы, розных станы - адсюль і назва канцэрта.