У гісторыі нашага тэатра оперная гісторыя легендарнага доктара ўжо атрымлівала сцэнічнае ўвасабленне, і кожны раз над ёй працавалі не менш легендарныя майстры: упершыню беларускія артысты ажывілі «Фаўста» яшчэ ў 1928 годзе, гэта была першая пастаноўка «прабацькі» тэатра – музычнага тэхнікума, ажыццёўленая пад мастацкім кіраўніцтвам А. Бяссмертнага і выкананая на беларускай мове; другі раз опера была пастаўлена ў 1950 дырыжорам Т. Каламійцавай, рэжысёрам Ул. Шахраем, мастаком С. Мікалаевым і балетмайстрам К. Мулерам; трэці раз – у 1972 годзе, у пастановачную групу ўвайшлі дырыжор І. Абраміс, рэжысёр С. Штэйн, мастак Я. Ждан, балетмайстар С. Дрэчын. Апошняя пастаноўка пратрымалася ў рэпертуары тэатра да 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Сучаснае пакаленне выканаўцаў будзе працаваць над ёй упершыню.
Пастановачная група новага спектакля таксама прадставіць новае для Вялікага тэатра Беларусі імя – рэжысёра-пастаноўшчыка Ганны Маторнай. Нягледзячы на тое, што ў Вялікім тэатры рэжысёру трэба будзе тварыць ўпершыню, вопыт яе працы ў сферы музычнага тэатра ўжо досыць вялікі: з 2010 года ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры пастаўлена не менш за восем спектакляў, а таксама шэраг буйных канцэртных праграм.
Рэжысёрская канцэпцыя будучай пастаноўкі закранае сур'ёзныя філасофскія пытанні і заклікае задумацца над сутнаснымі маральна-этычнымі праблемамі. Для гэтага сам глядач нібы змяшчаецца ў атмасферу фаўстаўскага эксперыменту, дзе ён увесь час балансуе на мяжы рэальнасці і нерэальнасці, ілюзіі і зададзенасьці, усвядомленага прадстаўлення і адчуваньні.
Сваё ўяўленне аб оперы "Фаўст" рэжысёр апісвае так:
«Гісторыя пра доктара Фаўстуса – гэта як раз "тая самая гісторыя": гісторыя, якая прымушае разважаць пра тое, хто мы, навошта мы тут і што варта зрабіць нам для таго, каб тыя, хто прыйдуць пасля нас, можа быць, жылі лепш чым мы ці хаця б задумаліся пра тое, што не варта губляць.
Гісторыя, якую хочам расказаць мы, з аднаго боку можа быць названая абсалютна традыцыйнай, з другога боку – цалкам ілюзорнай, з трэцяй – абсалютна фантасмагарычнай. Мы прадставім гледачу метамарфозу. «Фаўст» – гэта ілюзія. «Фаўст» – гэта тое, што ёсць вакол нас. Мефістофель – гэта тое, што ёсць усюды. Якім чынам мы выбіраем паміж дабром і злом? Напэўна, у гэтым і ёсць сутнасць таго, што адбываецца.
Што для нас біяграфія Фаўста? Калісьці даўно існавалі гісторыі пра доктара Фаўстуса. Магчыма, рэальным чалавеку, магчыма – зборны вобраз. Але аднойчы з'явіўся вялікі Гётэ, і ўсе гісторыі пра Фаўста ператварыліся ў канцэпт – тую самую гісторыю рамантычнага героя, гісторыю страшнага грэхападзення і адкуплення. І ніхто на сённяшні дзень не напісаў нічога лепш, чым гэтая самая трагедыя. Пазней спадар Гуно піша оперу. Пасля яго гэтую гісторыю выкарыстоўвае мноства кампазітараў, але нічога на сённяшні дзень лепш, чым напісаў у свой час Гуно, не існуе.
Опера Гуно, якую мы хочам сёння ўявіць – гэта безумоўны бэстсэлер. У першую чаргу таму, што сам матэрыял мяркуе абсалютную бездань сэнсаў, але самае галоўнае – ён валодае неверагоднай эмацыянальнасцю, якая можа прымусіць вас суперажываць».
Партнер: