На сцэне Вялікага тэатра Беларусі опера «Вілісы. Фатум» ставіцца ўпершыню. Гэта першая опера Джакама Пучыні, які напісаў яе для конкурсу, абвешчанага ў 1883 годзе адным з міланскіх тэатраў. Асновай лібрэта стала старагерманская легенда, сюжэт якой раней быў выкарыстаны ў балеце «Жызэль» французскага кампазітара Адольфа Адана.
Па дзіўным збегу абставінаў опера маладога кампазітара нават не была дапушчана да конкурсу. Аднак ужо ў хуткім часе з поспехам была пастаўлена ў Мілане. Публіка горача прывітала кампазітара. «У музыцы маладога маэстра, - адзначаў адзін з рэцэнзентаў, - шмат такіх эпізодаў, якія кранаюць сэрца, таму што яны зыходзяць з сэрца».
Над пастаноўкай спектакля ў Вялікім тэатры Беларусі працуюць: дырыжор Іван Касцяхін, рэжысёр Аксана Волкава (гэта дэбютная праца знакамітай беларускай спявачкі), мастак Этель Іошпа (мастак-пастаноўшчык Маскоўскага музычнага тэатра імя К.С.Станіслаўскага і Ул.І.Неміровіча-Данчанкі), хормайстар Ніна Ламановіч, мастак па святлу і відэакантэнту Станіслаў Свістуновіч (Расія), балетмайстар Канстанцін Кузняцоў.
«Каб выбраць оперу для пастаноўкі, переслушала вялікую колькасць рознага музычнага матэрыялу, - распавяла Аксана Волкава. - Але менавіта гэтая зачапіла прыгажосцю і эмацыянальнасцю. Ды і сутыкненне светаў - рэальнага і эфемернага - вельмі добрая глеба для тэатральнай сцэны. Мяне ўсхвалявалі героі. Персанажы вельмі выразныя, а з дапамогай сучасных мастацкіх сродкаў мы можам ярка і дынамічна распавесці гісторыю кожнага з іх. Гэта гісторыя - пра сутыкненне дабра і зла, пра каханне і здраду, але самае галоўнае - аб злачынстве і пакаранні, а апошняе заўсёды чакае чалавека за тыя ўчынкі і дзеянні, якія ён здзяйсняе».
Вядучыя партыі ў спектаклі рыхтуюць: салісты оперы Марыя Галкіна, Марта Данусевіч, Анастасія Масквіна, Клаўдзія Пацёмкіна (Ганна), Іван Бярэзін, Васіль Мінгалёў, Тарас Прысяжнюк, Дзмітрый Шабеця, Аляксандр Міхнюк (Раберта), Уладзімір Громаў, Уладзімір Пятроў, Ілля Сільчукоў (Гульельма), салісты балета Вольга Гайко і Таццяна Уласень (Сірэна).
Партнёр: