6 лiпеня ў малой зале тэатра ў выкананні вядучых салістаў Вялікага прагучаць творы Булата Шалвовіча Акуджавы. У гэты вечар Аксана Якушэвіч, Алена Сало, уладальнікі медаля Францыска Скарыны Таццяна Траццяк, Таццяна Пятрова, лаурэаты міжнародных конкурсаў Іна Русіноўская, Алена Таболіч, Ганна Гур'ева, Марына Ліхашорст, а таксама Марына Аксёнцова праспяваюць душэўныя песні «Дзве дарогі», «Вашае благароддзе», «Мы за цаной не пастаім», «Пажаданне сябрам», «Каханне і расстанне», «Малітва» і інш.
«Не памятаю, калі ўпершыню пазнаёмілася з творчасцю Акуджавы, але кожны раз, калі чую яго песні, нібы вяртаюся дадому, - кажа рэжысёр канцэрта Наталля Кузьмянкова. - Яны будуць са мною ўсё жыццё, ідуць побач, некаторыя з іх сталі неад'емнай часткай маёй душы. Для мяне галоўная прыцягальная сіла песень Булата Акуджавы - іх шчырасць і спавядальнасць. Кожны, хто спявае яго песні сёння, не важна - стары ён ці малады, - спявае пра сябе, пра сваё жыццё, сваю любоў, пра свае страты і надзеі... Яго песні адкрываюць людзям вочы на саміх сябе, наводзяць на разважанні аб вечных каштоўнасцях, пра сутнасць быцця, абуджаюць у чалавеку мудрую свядомасць простых і сумленных ісцін і сумную іронію з нагоды таго, як далёкае наша знешняе жыццё ад жыцця нашай душы - галоўнага жыцця, без якога няма чалавека. Гэтыя песні адрасаваны і ўсім разам, і кожнаму паасобку».
Гледачы змогуць акунуцца ў душэўны, часам сумны, часам суровы свет Булата Акуджавы, якога называюць паэтам глыбокай чалавечай мудрасці і высакароднасці.
За раялем - лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў Ірына Целяпнёва.