«Снягурачка» Мікалая Рымскага-Корсакава, «Кветка шчасця» Аляксея Туранкова, «Аскольдава магіла» Аляксея Вярстоўскага, «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага, «Алека» Сяргея Рахманінава, «Пікавая дама» Пятра Чайкоўскага, «Атэла», "Травіята" Джузепе Вердзі, "Сельскі гонар" П'етра Масканьі, "Кармэн" Жоржа Бізэ – знакамітыя хоры і сцэны з гэтых узрушаючых музычных палотнаў ва ўсёй іх пышнасці выканае хор Вялікага тэатра. Гэта сапраўды падзея, бо хор рэдка робіць падобныя праграмы.
Рэжысёр-пастаноўшчык сапраўднага свята музыкі – уладальніца медаля Францыска Скарыны Галіна Галкоўская. За дырыжорскім пультам Сімфанічнага аркестра ўбачым Юрыя Караваева.
«Ці можна ўявіць Оперны тэатр без хору? Канечне не! – усміхаецца народная артыстка Беларусі, галоўны хормайстар Вялікага тэатра Ніна Ламановіч. – Хор у оперы – гэта не проста людзі, якія пастроіліся ў шэраг і выдаюць нейкія гукі. Добры калектыў – гэта прыгожыя галасы, чысціня інтанацый, рытмічная дакладнасць, выразнасць выканання, высокі прафесіяналізм артыстаў, якія праз спевы павінны перадаць розныя пачуцці і эмоцыі. Менавіта таму хор на сцэне – самая сапраўдная дзейная асоба…
У рэпертуары тэатра – каля 40 опер на мове арыгінала. Я люблю кожную пастаноўку! І люблю ўсе спектаклі, якія ствараю. Бо гэты "будынак" я будавала не адзін дзясятак гадоў, а як можна без трапятання ставіцца да сваёй працы?.. Ды і наогул, штосьці рабіць без кахання – немагчыма. Ёсць асаблівыя для мяне пастаноўкі – оперы Вердзі, напрыклад, вялізныя харавыя палотны…
У тэатры няма выпадковых людзей. Тут служаць артысты, якія тэатр любяць па-сапраўднаму. І як жа я люблю свой калектыў, калі артысты робяць усё дакладна – так, як было задумана, так, як рэпеціравалі на ўроках. Калі стаяць – прыгожыя, значныя, годныя! – І ўзрушаюча спяваюць, я проста ганаруся імі! Часам яны на мяне крыўдзяцца: маўляў, рэдка спяваю ім дыфірамбы. Сама ведаю, што на пахвалу я скупа. Жванецкі напісаў: "Бог сочыць за балансам". І гэта абсалютна дакладна. Як толькі я кажу кампліменты артыстам, яны расслабляюцца – і тут жа атрымліваецца які-небудзь брыдкі ляп. Нажаль, гэты закон жыцця працуе заўсёды. Так, прэм'ера прайшла выдатна – выдатна! Але гэта толькі этап, а наперадзе нас чакае наступны. Бо музыка – гэта космас, у якім наўрад ці можна дасягнуць ідэалу. Тут стала ёсць да чаго імкнуцца, мусіць, таму гэтая прафесія мне дагэтуль вар'яцка цікавая…»
Дадамо, што ў гэты вечар на сцэну таксама выйдуць народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна і Сяргей Франкоўскі, уладальнік медаля Францыска Скарыны Дзмітрый Шабеця, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Андрэй Мацюшонак, Сяргей Лазарэвіч і Ілля Пеўзнер, артысты міманса, балета і Дзіцячага музычнага тэатра-студыі.