Опера «Сівая легенда» была напісана 45 гадоў назад. У верасні 2012 года прэм'ерай яе новай рэдакцыі Вялікі тэатр Беларусі адкрыў свой юбілейны 80-ты сезон. Грандыёзны спектакль велізарнага нацыянальнага значэння, твор, напісаны ў лепшых традыцыях опернага жанру – такія эпітаты атрымала пастаноўка ад крытыкаў і публікі. Гэты спектакль называлі операй пра любоў да беларускай зямлі і яе народа, адзначалі арыгінальнасць кампазіцыі, паэтычнасць мовы і эмацыйнасць гучання. У яе стварэнне сваю працу і талент уклалі класікі беларускага мастацтва – кампазітар Дзмітрый Смольскі і аўтар лібрэта Уладзімір Караткевіч.
Патрыятычнае гучанне літаратурнай першакрыніцы, глыбіня і актуальнасць думак і ідэй, закладзеных у тэксце, знайшлі свой выраз у музыцы оперы. Агранёная глыбокім і тонкім рэжысёрскім бачаннем, прыгажосцю і дакладнасцю сцэнаграфіі, «Сівая легенда» гаворыць пра вялікую сілу кахання, якое здольна пераадолець раскол, варожасць і самыя страшныя войны.
1 лістапада партыю Ірыны выканае народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна. У ролі Любкі выступіць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Якушэвіч. Галоўныя мужчынскія партыі – за народным артыстам Уладзімірам Громавым (Кизгайла), заслужаным артыстам рэспублікі Алегам Мельнікавым (Найміт) і ўладальнікам медаля Францыска Скарыны Дзмітрыем Шабецяй. (Раман).
Малады тэнар Дзмітрый Шабеця ўпершыню выйдзе ў гэтай ролі: «Гэта партыя, якая распальвае кроў. Бясконца прыгожая музыка, моцнае беларускае слова, моц беларускага духу, каханне і чысціня ўва ўсіх сваіх праявах… Музыка перадае шматстайны свет чалавечых пачуццяў – кахання і рэўнасці, помсты і нянавісці, але над усім гэтым узвышаецца, гарыць образ кахання, здольнага перанесці самыя цяжкія выпрабаванні… З выдатнымі калегамі мы не раз сустракаліся ў самых розных спектаклях, але кожнае выйсце на сцэну з такімі майстрамі – гэта вялікае задавальненне», – кажа Дзмітрый.
За дырыжорскім пультам у гэты вечар – Юрый Караваеў.