Як жылі нашы продкі два стагоддзі таму? Якім чынам узважвалі прадукты і чым прасавалі адзенне? Якая роля належала поясу ў народным строі – як у мужчынскім, так і жаночым убранні? Як выкарыстоўвалі ў гаспадарцы посуд, які называлі «спарыш» і «рынка»? І чаму драўляная кадушка – дзежка – стала важным сімвалам для жанчын, якія збіраюцца замуж, а ручнік – вясельным аксесуарам у цэлым?
У аўторак, 28 студзеня, у 18:10 мы чакаем нашых любімых гледачоў у Вялікім тэатры Беларусі, каб адкрыць «Скарбы з вясковых куфраў». Так называецца выстаўка аднаго дня, якую тэатр правядзе сумесна з Музеем старажытнабеларускай культуры. Даўні сябар тэатра – загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыс Лазука ўжо збірае два вялікія куфры з сапраўдным багаццем – прадметамі, якія акружалі нашых продкаў, здавалася б, зусім нядаўна – сто гадоў таму. Гэты час, калі якраз і адбываюцца падзеі ў оперы У.Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”. Перад нацыянальнымі операмі, якія ўпрыгожваюць рэпертуар Вялікага тэатра Беларусі, мы па традыцыі і праводзім нашы Вечары беларускай культуры.
Посуд, наміткі, абразы, маляванкі, дакументы, фатаграфіі, падарункі, каштоўныя рэчы… Што захоўвалася ў куфрах і чаму гэтыя прадметы знаходзіліся менавіта ў іх? І ці можна самі куфры лічыць творамі мастацтва? Шмат пра што пагаворым на адкрыцці выстаўкі, якую прадставяць Барыс Лазука і яго калегі – навуковы супрацоўнік Паліна Богдан і галоўны захавальнік фондаў Вольга Кір'янава.