Большой театр Беларуси

 

6 сакавiка 19:00

Джакама Пучыні

Багема

опера ў 4 дзеях (выконваецца з адным антрактам)

Большой театр Беларуси

 

4 сакавiка 19:00

Джакама Пучынi

Турандот

опера ў 3 дзеях

Большой театр Беларуси

 

1 сакавiка 18:00

Гаэтана Даніцэці

Любоўны напой

опера-буффа ў 2 дзеях

.

Да юбілею Сяргея Картэса

 

18 лютага 2025 года − 90 гадоў з дня нараджэння аднаго з найбольш яркіх беларускіх кампазітараў народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Сяргея Картэса. Дзейнасць кампазітара была цесна звязана з беларускім музычным тэатрам: аўтар пяці опер і балета, з 1991 года Сяргей Картэс з'яўляўся дырэктарам, а з 1993 года мастацкім кіраўніком творчага аб'яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь», у 1996-2002 гадах − дырэктарам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. Да юбілею Сяргея Картэса публікуем артыкул музыказнаўцы, кандыдата мастацтвазнаўства Наталлі Ганул.

 

СЯРГЕЙ АЛЬБЕРТАВІЧ КАРТЭС
(1935 – 2016)
90-гадовы юбілей


Сяргей Картэс − яркая творчая асоба і шматпланавая фігура ў беларускай музычнай гісторыі найноўшага часу, адзін з лідараў айчыннай кампазітарскай школы апошняй трэці ХХ – пачатку XXI стагоддзя. Яго музыка заахвочвае задумацца аб вечных каштоўнасцях, яна пранізана духам тэатральнасці, у ёй рамантычны парыў і глыбокія філасофскія разважанні. Вызначальнымі ў асобасным і творчым партрэце кампазітара сталі актыўная жыццёвая пазіцыя, абвостранае ўспрыманне і асэнсаванне рэчаіснасці, філасофска-этычная натхнёнасць. Сувязь з духоўнымі патрэбамі часу, абранне ўніверсальных сюжэтных калізій, іншасказальнасць, а таксама выяўленне ў нацыянальнай традыцыі агульназначных канстант і сімвалаў з'яўляюцца найбольш паказальнымі асаблівасцямі музычнай паэтыкі Сяргея Картэса і яго музычнага тэатра прыпавесці.
Музычная спадчына Сяргея Картэса багата ў дачыненні да выбару тэм-ідэй і жанраў: оперы, балет, інструментальныя і вакальна-сімфанічныя сачыненні, камерныя опусы, музыка да кінафільмаў, драматычных спектакляў.

 

Перакрыжаванні лёсу. Расія-Чылі-Аргенціна-Беларусь

 

Жыццё Сяргея Картэса, сведкі шэрагу эпахальных падзей, звязана з рознымі краінамі і кантынентамі, а скрыжаванні яго лёсу, сустрэчы-развітанні, як знакі-сімвалы, знайшлі адлюстраванне ў творчасці кампазітара. Ён нарадзіўся ў горадзе Сан-Антоніа (Чылі) 18 лютага 1935 года. Карані сям'і па матчынай лініі звязаны з пецярбургскімі і маскоўскімі дваранскімі прозвішчамі. Прапрадзед − вядомы рускі географ, аўтар падручнікаў па прыродазнаўстве і батаніцы Мікалай Іванавіч Раеўскі (1835 – 1898), прадзед Аляксандр Фёдаравіч Крычэўскі – уплывовы рускі банкір і юрысконсульт, дзед – адвакат, прысяжны павераны Барыс Мікалаевіч Благавешчанскі. Усе яны жылі ў Пецярбургу ў добрым сэнсе патрыярхальным укладам, са шматгадовымі сталымі сямейнымі традыцыямі, з комплекснай сістэмай выхавання дзяцей, неад'емнай часткай якой было абавязковае навучанне музыцы.
Бабуля, Яўгенія Аляксандраўна Крычэўская (у першым замужжы Благавешчанская), валодала выдатным сапрана, добра іграла на фартэпіяна, была творчай і натхнёнай асобай. Пасля нараджэння дачкі Людмілы, маці будучага кампазітара, яна цалкам прысвяціла сябе сям'і. Страшныя гістарычныя падзеі ў Расіі пачатку ХХ стагоддзя не прайшлі міма. У разгар Першай сусветнай вайны Яўгеніі Аляксандраўне прыйшла вестка, што яе муж прапаў без вестак у баях пад Аўстрыяй. Ужо потым, праз гады, высветлілася, што ён знаходзіўся ў палоне, але пасля вызвалення ў сям'ю ўжо не вярнуўся.
Пасля гэтых трагічных падзей Яўгенія Аляксандраўна звязала свой лёс з Паўлам Пятровічам Шастакоўскім, які паходзіў родам з легендарнай маскоўскай сям'і, главой якой быў Пётр Адамавіч Шастакоўскі, дырэктар філарманічнага таварыства ў Маскве, бліскучы піяніст свайго часу, выпускнік пецярбургскай кансерваторыі. Пётр Адамавіч быў неверагодна харызматычнай натурай, высока цаніў у людзях талент, ён браў урокі ў Ферэнца Ліста, сябраваў з Чэхавымі, у іх сям'і бывалі Рымскі-Корсакаў, Шаляпін, Фет, Арэнскі, найвялікшыя драматычныя актрысы Вольга Садоўская і Марыя Ярмолава. У традыцыях дваранскіх сем'яў ён даў сыну Паўлу бліскучую хатнюю адукацыю, а затым адправіў на вучобу ў кадэцкі ваенны корпус, які знаходзіўся ў Лефортаўскім палацы. У 1912 годзе Паўлу Пятровічу прапанавалі ўзначаліць прадстаўніцтва найбуйнейшага французскага аўтамабільнага завода. Так ён апынуўся ў Пецярбургу. У гады вайны яго прызначылі спачатку начальнікам забеспячэння Паўночна-Заходняга фронту, а затым штабс-капітанам чыгуначных войскаў і дарог. У гэтыя гады ён пазнаёміўся і ажаніўся на Яўгеніі Аляксандраўне, удачарыў Людмілу.

Унікальным гістарычным дакументам сталі мемуары Паўла Шастакоўскага “Шлях да праўды”. У іх ён сведчыць пра самыя розныя падзеі ў жыцці Расіі і эміграцыі, успамінае выбітных прадстаўнікоў палітыкі, эканомікі, культуры розных краін. Асаблівыя пачуцці і настроі выклікае аповед пра вымушаныя ўцёкі сям'і з Петраграда ў лютым 1920-га. Ратуючыся ад чырвонага тэрору, праз пакрыты лёдам Фінскі заліў Павел і Яўгенія Шастакоўскія цягнулі за сабой саначкі, у якіх сядзела ахопленая жахам дачка Люленька (Людміла). Беглі ў пошуках лепшага жыцця з краіны, змучанай вайною, разрухай, голадам і звадамі.
Пасля шматгадовых пераездаў па розных краінах Еўропы (Швейцарыя, Францыя, Італія) Павел Шастакоўскі атрымаў прызначэнне на працу ў Аргенціну, а затым у Чылі (г. Сан-Антоніа), дзе дачка Людміла (*Людміла Паўлаўна Картэс (1910 − 1998) – філолаг, аўтар навучальных дапаможнікаў і прац па англійскай і амерыканскай літаратуры) выйшла замуж за чылійца Альберта Картэса, тапографа па прафесіі.
У сям'і нарадзіліся чацвёра дзяцей − Павел, Яўгенія, Серафіма і самы малодшы, Сяргей. На жаль, сямейнае жыццё не было гладкім і неўзабаве маці з дзецьмі і бацькамі вярнуліся ў Буэнас-Айрэс.

У сям'і вельмі актыўна падтрымліваліся славянскія нацыянальныя, хрысціянскія духоўныя традыцыі, размаўлялі толькі на рускай мове, а вось іспанская і англійская абсалютна натуральна і свабодна ўвайшлі ў жыццё Сяргея Картэса праз знешняе асяроддзе зносін, школу.
Праз многія дзесяцігоддзі яму неаднаразова казалі аб наяўнасці своеасаблівага акцэнту ў маўленні, на што кампазітар адказваў: “Я – чалавек з лацінаамерыканскім тэмпераментам і славянскай душой”. З дзяцінства Сяргей Картэс любіў чытаць у арыгіналах. Гэты сапраўдны бібліяфільскі запал, велізарная хатняя бібліятэка на ўсіх еўрапейскіх мовах і бездакорны літаратурны густ дазволілі яму вельмі дакладна выбіраць для сваіх твораў высокамастацкае Слова, у якім мелодыка верша і музычная думка былі ў адной танальнасці.
Рэлігійныя праваслаўныя абрады і традыцыі ў сям'і шанаваліся асаблівым чынам і былі на першым месцы. Дзеці абавязкова хадзілі ў царкву, спявалі ў хоры, прытрымліваліся пастоў, з любоўю, урачыстасцю і піетэтам адзначалі царкоўныя святы, асабліва Вялікдзень і Каляды, да якіх абавязкова рыхтаваліся хатнія канцэрты. Павел Пятровіч Шастакоўскі на працягу ўсяго эмігранцкага жыцця актыўна займаўся дабрачыннасцю, прапагандаваў рускую культуру, быў старшынёй Славянскага камітэта, выдаваў часопіс “Руская зямля” і “Руская галгофа”, падтрымліваў сувязь з Маскоўскім Патрыярхатам. І сёння ў Парыжы, на вуліцы Петэль 5, знаходзіцца праваслаўны Храм Трох Свяціцеляў, у арганізацыі збору сродкаў на які ён прымаў самы актыўны ўдзел.
Выбар музычнага шляху ў якасці асноватворнага быў вызначаны Сяргеем Картэсам яшчэ ў дзіцячыя гады. Гэта адбылося дзякуючы бабулі. Хатнія канцэрты, спектаклі, штотыднёвае праслухоўванне радыётрансляцый класічных опер, выкананне якіх папярэднічалася найцікавейшымі гісторыка-музыказнаўчымі каментарыямі. Неад'емнай часткай паўсядзённага жыцця былі грамафонныя пласцінкі з запісамі Ціта Скіпа, Шаляпіна, Каруза, паходы на музычныя спектаклі ў Нацыянальны оперны тэатр “Калон” (г. Буэнас-Айрэс). Там малады музыкант быў вельмі ўзрушаны, убачыўшы пастаноўкі “Воцэка” Альбана Берга, “Барыса Гадунова” Мадэста Мусаргскага (з салістам Нікола Росі-Лемені) і пачуўшы надзвычайны голас маладога Марыё дэль Монака, які выконваў партыю Каварадосі ў оперы “Тоска” Пучыні.
Тэатральны кантэкст суправаджаў юнага Сяргея пастаянна. Аднойчы да іх у госці прыйшла знакамітая іспанская актрыса Маргарыта Ксіргу, яе называлі музай Федэрыка Гарсія Лоркі. Сяргей разам з сястрой Серафімай натхнёна адлюстравалі ёй сцэну ля фантана з “Барыса Гадунова” Пушкіна і на ўсё жыццё захавалі ў памяці станоўчы водзыў выбітнай прадстаўніцы сусветнага драматычнага тэатра. А пасля наведвання ў Буэнас-Айрэсе летам 1945 года канцэрта сімфанічнай музыкі, прысвечанага перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, ён цвёрда вырашыў, што стане музыкантам. У той вечар выконваліся Пяты фартэпіянны канцэрт Л. Бетховена з піяністам Клаўдыё Арау і Сёмая “Ленінградская” сімфонія Д. Шастаковіча.
У ліку першых настаўнікаў Сяргея Картэса ў Аргенціне быў ураджэнец Адэсы, выхаванец Пецярбургскай кансерваторыі, аргенцінскі кампазітар і піяніст Якаў Аляксандравіч Фішэр, а таксама выхадзец з Германіі Рафаэль Нюрнберг. Урокі насілі хутчэй комплексны характар, вывучаліся тэорыя музыкі, гармонія, поліфанія і кампазіцыя. У гэтыя гады Сяргей Картэс шмат займаўся фартэпіянным выкананнем, быў запатрабаваным канцэртмайстрам для спевакоў і харавых калектываў на шматлікіх канцэртах, якія праходзілі ў Клубе эмігрантаў з Расіі і Украіны імя М. Горкага пад патранатам Савецкага пасольства. У 1947 годзе сям'я Шастакоўскіх-Картэсаў падала прашэнне аб савецкім грамадзянстве і вяртанні на радзіму. Па многіх прычынах гэта стала магчымым толькі ў 1955 годзе. Месцам пражывання для сям'і быў вызначаны Мінск. Сорак дзён яны плылі на параходзе ад Аргенціны да Балтыйскага мора. У карабельным труме перавезлі нават фартэпіяна маладога музыканта. Пасля прыбыцця ў Савецкую Беларусь першы год Шастакоўскія пражылі ў гасцініцы. У іх адразу ўтварылася вялікае кола знаёмых, а потым і верных шматгадовых сяброў. У доме пастаянна бывала моладзь, творчая інтэлігенцыя.

 

Пачатак творчага шляху 

 

Сяргей Картэс працягнуў сваю музычную адукацыю спачатку ў школе для адораных дзяцей пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага, дзе ў класе прафесара Георгія Мікалаевіча Пятрова вучыўся ігры на фартэпіяна. У Беларускай кансерваторыі (1957-1962) навучаўся кампазіцыі ў Мікалая Ільіча Аладава і Анатоля Васільевіча Багатырова. У асістэнтуры-стажыроўцы (1966-1969) займаўся ў прафесара Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага Мікалая Іванавіча Пейко. Самымі плённымі ў прафесійным станаўленні сталі фальклорныя экспедыцыі па вёсках Беларусі і паездкі ў “Дом творчасці кампазітараў Руза” пад Масквой на знакамітыя “Іванаўскія творчыя семінары” да прафесара Юрыя Аляксандравіча Фартунатава.
Як важны фактар свайго прафесійнага станаўлення падкрэслівае кампазітар зносіны з выбітным беларускім сімфаністам Львом Абеліёвічам. Творча натхняльнымі былі сустрэчы з кампазітарамі – Генадзем Гладковым, Эдысонам Дзянісавым, Яўгенам Догам, Усеваладам Задзерацкім, Гіяй Канчэлі, Аветам Тэртэранам, Барысам Цішчанкам, Альфрэдам Шнітке, Уладзімірам Рубіным, Соф'яй Губайдуліной. Падкрэслім і значэнне асабістых сяброўскіх і творчых кантактаў з кампазітарамі-суайчыннікамі Яўгенам Глебавым, Дзмітрыем Смольскім, Алегам Янчанкам. Пазначаныя падзеі і імёны дазваляюць прадставіць грамадска-культурны кантэкст, які вызначыў творчыя ўстаноўкі маладога кампазітара. Унутраны свет музыканта быў сфармаваны духам “вялікага гістарычнага часу” 1960-х гадоў.
Менавіта ў гэтыя гады кампазітар упершыню звяртаецца да жанраў, звязаных са словам. Вакальная творчасць 1960-х − 1970-х прадстаўлена рамансамі і цыкламі на тэксты паэтаў розных нацыянальных школ. У шэрагу твораў прыметна вылучаюцца тры вакальных сачыненні 1963 года − балады “Ідзе чалавек” на вершы Р. Якоўскага, “Паляванне на людзей” на вершы Ж. Ленуара і маналог “Сыходзяць маці” на вершы Я. Еўтушэнкі. Зварот у іх да тэмы маленькага чалавека, вострыя сацыяльныя праблемы, філасофскае асэнсаванне вечных эстэтычных апазіцый, паэтычны вобраз развітання-смерці набудуць значэнне “скразных” лейтматываў у сістэме вобразаў-сімвалаў паэтыкі кампазітара.
У 1966 С. Картэс піша вакальна-сімфанічную паэму для баса з аркестрам “Попел”. У якасці літаратурнай асновы паэмы кампазітар абірае фрагменты з цыклу “Чалавек” літоўскага паэта Эдуардаса Межэлайціса. Асэнсаванне ў іх падзей вайны на дваццацігадовай адлегласці афарбоўваецца філасофска-этычнымі тонамі. Аскетызм, суровая стрыманасць і выкрывальніцкі пафас супраць гвалту пранізваюць вершаваны тэкст паэмы: “Всем своим существом к человеку взываю, / Человеческий пепел сжимая в горсти”. Складваецца асноўная маральна-этычная ідэя паэмы-маналогу: вечная памяць нашчадкаў аб найвялікшай трагедыі ХХ стагоддзя. Кампазіцыя "Попелу" складаецца з чаргавання вакальных (сюжэтнай канвы) і інструментальных (аўтарскага каментарыя) эпізодаў.

У 1972 годзе кампазітар звяртаецца да паэзіі Янкі Купалы. У яго паэме “Памяці Паэта” для чытальніка, двух салістаў, двух хораў і сімфанічнага аркестра ствараецца сімвалічная прастора роднай зямлі і голас яе песняра. У 1982 годзе Картэс піша песню “А хто там ідзе” на вершы Янкі Купалы, якая была выканана Уладзімірам Мулявіным у фільме рэжысёра Барыса Луцэнкі “Раскіданае гняздо”.

З 1961 г. Сяргей Картэс працаваў загадчыкам музычнай часткі і дырыжорам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1965 загадваў музычнай часткай Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра, з 1966 – у Беларускім акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. З 1972 г. займаў пасаду музычнага рэдактара, а ў 1981 − 1988 гг. галоўнага музычнага рэдактара кінастудыі “Беларусьфільм”.
Вынікам трыццацігадовага перыяду працы ў якасці музычнага рэдактара ў драматычных тэатрах і на кінастудыі “Беларусьфільм” стала стварэнне музыкі больш чым да 60 сцэнічных пастановак, а таксама дакументальных, тэле-, кіна- і мультыплікацыйных фільмаў (каля 20 работ). Актывізуючую ролю ў гэтым працэсе адыграла творчае супрацоўніцтва з вядучымі айчыннымі рэжысёрамі тэатра (Б. Эрын, Б. Луцэнка, В. Раеўскі) і кіно (І. Дабралюбаў, В. Рубінчык, В. Тураў, В. Чацверыкоў, М. Пташук), шматгадовыя зносіны з паэтам Р. Барадуліным, крытыкам Г. Коласам, тэатральным мастаком А. Салаўёвым.

Сярод работ у жанрах прыкладной музыкі ў рэчышчы пазначанай праблематыкі прыметна вылучаецца зварот С. Картэса да творчасці беларускіх празаікаў і драматургаў (А. Макаёнак, К. Крапіва, А. Дудараў і інш.). Выразны музычны рад С. Картэса да драматычных пастановак па творах Івана Шамякіна “Сэрца на далоні” (1966), “І птушкі змоўклі” (1978), а таксама экранізацыя яго псіхалагічнай драмы “Вазьму твой боль” (рэж. Міхаіл Пташук, у галоўнай ролі Уладзімір Гасцюхін, 1981). Глыбокі след пакінула сяброўства, зносіны і сумесная праца з Уладзімірам Караткевічам. Вынікам гэтага творчага дыялогу, які працягваецца праз кнігі пісьменніка і пасля яго смерці, сталі музыка да драматычных спектакляў “Званы Віцебска” (1974), “Кастусь Каліноўскі” (1979), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (2013), музыка да фільма “Чорны замак Альшанскі” (1983).

 

Асаблівасці музычнага стылю 

 

Адной з фундаментальных асаблівасцяў творчасці Сяргея Картэса з'яўляецца ўніверсалізм, які вызначаецца цэласным успрыманнем кампазітарам сусветнай культуры ва ўсёй яе шматграннасці. Шырокія веды ў галіне "іспанамоўнай" і славянскай культур абумовілі характэрную экстравертнасць стылю і, шырэй, гнуткае і арганічнае ўзаемадзеянне рознахарактарных музычных культур у творчасці кампазітара. Агульнаеўрапейская накіраванасць мыслення кампазітара, дазваляе правесці шырокія аналогіі з так званай “пятроўскай лініяй” у рускай культуры, з характэрнай для яе амальгамай славянскага і заходняга.
Генетычную аснову музычнай паэтыкі С. Картэса складае тэатральнасць мыслення. Сам кампазітар вызначае сябе як “чалавек тэатра”, пра што сведчаць, з аднаго боку, шматгадовая праца і грамадская дзейнасць у сферы тэатральнага мастацтва, з другога, − шматлікія сачыненні ў розных тэатральных жанрах.
Агульнай стылёвай прыметай, якая аб’ядноўвае творы С. Картэса для тэатра, з'яўляецца крышталізацыя “генеральнай інтанацыі” як тэматычнай асновы сачынення, якая дазваляе шматгранна асвятліць і аб'яднаць складнікі галоўнай ідэі. У творчасці С. Картэса выбудоўваецца і характэрная жанравая сістэма з дыферэнцыяцыяй трох вобразна-тэматычных сфер: лірыка-філасофскія вобразы, экспрэсіўна-драматычныя вобразы і скерцозная лексіка, якая бярэ пачатак у тэатральнай паэтыцы Бертольда Брэхта.
Адной з найважнейшых прымет творчага метаду С. Картэса з'яўляецца гульнявы элемент. Гульнявая логіка выяўляецца ў перавазе пазамузычных інтэнцый і “бачнасці” ідэй, дамінуючым прынцыпе мантажу, наяўнасці дэклараванай або схаванай праграмнасці і яркай вобразнасці, якія ўвасабляюцца ў тэматызме і сістэме выразных сродкаў, а таксама вызначае знакавую рысу стылю кампазітара − канцэртнасць. Сярод наглядных прыкладаў − канцэрт для фартэпіяна з аркестрам “Капрычас”(1969), звязаны з графічнымі вобразамі іспанскага мастака Ф. Гойі, сюіта для фартэпіяна “Кантрасты ў чатырох настроях" (1970) і шэраг іншых твораў.


Музычны тэатр Сяргея Картэса 

 

Оперная творчасць С. Картэса акумулюе асноўныя тэндэнцыі еўрапейскай оперы ХХ стагоддзя. Усе пяць опер С. Картэса (оперы-прыпавесці “Джардана Бруна” (1977), “Матухна Кураж” (1980), “Візіт Дамы” (1989), камічная камерная дылогія “Юбілей” (2000) і “Мядзведзь” (2007)) пабачылі свет рампы на розных сцэнах. У 1990 годзе Картэс стварае балет “Апошні Інка” па замове Нацыянальнага балета Кубы і яго мастацкага кіраўніка Алісіі Алонса. У 2015 годзе на аснове новай рэдакцыі сімфанічнай партытуры балета “Апошні Інка” ў Вялікім тэатры Беларусі рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі Канстанцінам Кузняцовым і Юліяй Дзятко з новай сюжэтнай лініяй быў прадстаўлены харэаграфічны спектакль-прыпавесць “Хто я?”.
Сусветныя прэм'еры тэатральных твораў С. Картэса адбыліся ў розных краінах свету, у тым ліку Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Малдове, Літве, Венесуэле. Іх інтэрпрэтацыя пастановачнымі калектывамі нязменна выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Водгукі і разважанні аб гэтых пастаноўках можна знайсці на старонках вядучых выданняў, бо тэмы, узнятыя ў творах, і іх рашэнні аказаліся надзвычай актуальнымі сацыяльным рэаліям. У іх знайшлі адлюстраванне духоўныя, этычныя, эстэтычныя пошукі часу і складаныя працэсы ў сучасным оперным мастацтве.
Дастаткова ўспомніць прэм'еру “Джардана Бруна” (1977) на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, прадстаўленую ў сатворчасці з дырыжорам Яраславам Вашчаком, рэжысёрам-пастаноўшчыкам Сямёнам Штэйнам, мастаком Яўгенам Лысікам. У канцы 1970-х, опера пра вялікага вучонага як героя сучаснасці, які выступае супраць фарысейства і ханжаства, сама ідэя “ерэтыцтва” (шырэй дысідэнцтва), якая зжываецца ў савецкай масавай свядомасці, была ўспрынята з асаблівым энтузіязмам і ў Беларусі і на гастролях нацыянальнай трупы ў Вялікім тэатры Расіі.

 

Кампазітар Сяргей Картэс і рэжысёр Сямён Штэйн (канец 1970-х)

 

Сяргей Картэс. Опера “Джардана Бруна”. (Джардана Бруна − Уладзімір Іваноўскі). Пастаноўка Вялікага тэатра Беларусі. (Мінск, 1978)

 

Опера “Джардана Бруна” Сцэна з 1-й карціны (Удава – Лідзія Галушкіна). Пастаноўка Вялікага тэатра Беларусі (Мінск, 1978)



Зусім іншая опера-прыпавесць “Матухна Кураж”, у якой ідэя гібелі розуму і інтэлекту перарастае ў агульначалавечую катастрофу знішчэння ўсяго жывога на зямлі. Аблічча вайны з абвостраным пачуццём “сённяшняга” дня і глыбокім сімвалічным падтэкстам высвечваецца ў задуме оперы. Сапраўдная трагедыя страты дзяцей у фінале оперы набліжае трактоўку вобраза Кураж да Мадонны, што аплаквае сына, які загінуў. Вынікам прыпавесці пра “Матухну Кураж” становіцца заклік да памяці аб ахвярах гвалту “да ўсіх, хто дыхае на зямлі”. Прэм'ера “Матухны Кураж” (з перакладам лібрэта на літоўскую мову) адбылася ў Каўнаскім музычным тэатры ў 1982, а праз год пад назвай “Маркітантка” опера прайшла ў малдаўскім тэатры оперы і балета. У 1989 пастаноўка оперы ажыццявілі ў Якуціі, а ў 1991 – у Опернай студыі Беларускай кансерваторыі.

 

Сяргей Картэс. Опера “Матухна Кураж” (“Маркітантка”). Сцэна Калыханкі Кураж з 6-й карціны. (Матушка Кураж − Тамара Алёшына, Катрын – Людміла Ага). Пастаноўка ў Малдаўскім тэатры оперы і балета, (Кішынёў, Малдова, 1984 год)

 

У аснове ідэйна-маральнай канцэпцыі оперы-прыпавесці “Візіт Дамы” − адкупленне граху і выратаванне душы цаной жыцця. Маючы пазачасавую прыроду, задума сачынення Фрыдрыха Дзюрэнмата таксама аказалася сугучнай культурна-гістарычным рэаліям свайго часу. Опера была пастаўлена на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Беларусі ў 1996 дырыжорам Генадзем Праваторавым.

 

 

 

Сяргей Картэс. Опера “Візіт Дамы”. Сцэна з 1-й карціны. (Дама − Нагіма Галеева). Пастаноўка Вялікага тэатра Беларусі (Мінск, 1996)

 

Пачатак новага тысячагоддзя вызначыла новыя тэмы ў музычным тэатры Картэса, і з'яўленне дзвюх камерных камічных опер, “Юбілей” і “Мядзведзь”, па матывах п'ес Антона Чэхава стала свайго роду лакмусавымі пробамі вышэйшай якасці, як у дачыненні да выбару сюжэтаў, так і іх музычным увасабленні. У камерных камічных операх Картэса працягваецца магістральны ідэйна-тэматычны кірунак творчасці: убачыць у паўсядзённых сітуацыях вечныя матывы, завастрыць увагу на чалавечых слабасцях і заганах, задумацца аб цудоўным, праз бытавое асэнсаваць быційнае.

Абедзве оперы атрымалі сцэнічную апрабацыю. Пасля прэм'еры ў Швейцарыі “Юбілей” быў прадстаўлены на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у інтэрпрэтацыі рэжысёра Таццяны Сальнікавай. Канцэртна-сцэнічная пастаноўка оперы “Мядзведзь” (рэжысёр Галіна Галкоўская, дырыжор Аляксандр Анісімаў) адбылася на сцэне Белдзяржфілармоніі (2009). У снежні 2009 года прэм'ера опернай дылогіі С. Картэса прайшла ў Маскоўскім камерным музычным тэатры імя Барыса Пакроўскага (рэжысёр Ігар Мяркулаў, мастак Юлія Акс, дырыжор Алег Белунцоў), якая і сёння прадстаўлена ў яго рэпертуары.

 

 

Сяргей Картэс. Опера “Юбілей". (Бухгалтар Хірын – Янаш Нялепа і старая ў салопе Мярчуткіна − Наталля Руднева). Пастаноўка Вялікага тэатра Беларусі (Мінск, 2010)

 

Сяргей Картэс. Опера “Мядзведзь”. Фінал. (Папова-Удовушка − Вольга Беразанская і не стары памешчык Смірноў – Герман Юкаўскі). Камерны музычны тэатр ім. Б. Пакроўскага (Масква, 2009)

 

 

Сяргей Картэс. Сцэна з балета “Хто я?”. Пастаноўка Вялікага тэатра Беларусі (Мінск, 2015)


Асаблівая старонка ў лёсе Сяргея Картэса − яго кіраўніцтва Нацыянальным оперным тэатрам. З 1991 ён займаў пасаду дырэктара і мастацкага кіраўніка (з 1993) Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У 1996-2002 быў дырэктарам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. За гэтыя гады айчынны оперны тэатр цалкам памяняў вектар свайго развіцця. Быў прыметна ўзмоцнены нацыянальны акцэнт у рэпертуары, класічныя оперы сталі спяваць на мове арыгіналу, тэатр пачаў ажыццяўляць штогадовыя гастролі па ўсіх краінах свету, дзякуючы новым рэжысёрскім пастаноўкам, у няпростыя эканамічныя гады яму ўдалося вярнуць гледача ў оперу.

 

Сяргей Картэс. 2010-я

Апошнія гады жыцця кампазітар працаваў у камерных жанрах, пісаў музыку да драматычных спектакляў, пачынаў працу над буйнымі тэатральнымі творамі, якія засталіся ў накідах, актыўна ўдзельнічаў у фестывальных праектах, вёў клас кампазіцыі і інструментоўкі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Наталля Ганул,
кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт

 

  

 

 

Партнёры