“Тэнар Ільгам Валіеў-Фауст стварае вобраз чалавека мяцежнага і душэўна далікатнага...”
Лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая маска”, народны артыст Рэспублікі Башкартастан і Рэспублікі Татарстан Ільгам Валіеў зноў у Мінску! 24 мая ў галоўнай партыі ў оперы Ш. Гуно “Фауст” беларуская публіка пачуе саліста Башкірскага тэатра оперы і балета. У гэтым вобразе гледачы Вялікага тэатра Беларусі ўбачаць опернага спевака ўпершыню.
Опера “Фауст” - адзін з найвялікшых твораў сусветнай опернай класікі. Пасля прэм'еры ў Парыжы ў 1859 годзе яна нязменна з'яўляецца ў рэпертуарах найбуйнейшых тэатраў свету. Партыя Фауста -адна з самых складаных і значных у тэнаровым рэпертуары. Галоўны герой - навуковец, які, страціўшы надзею знайсці сэнс жыцця, заключае здзелку з Мефістофелем, каб вярнуць маладосць і здабыць каханне. Гэтая роля патрабуе ад выканаўцы не толькі добрай вакальнай тэхнікі, але і глыбокага акцёрскага майстэрства…
Ільгам Валіеў вядомы сваім талентам раскрываць на сцэне яркія характары герояў − дзякуючы моцнаму прыгожаму голасу. Але нельга не сказаць і пра драматычную напоўненасць кожнай яго партыі. Упэўнены: Фауст-Валіеў стане падзеяй для знаўцаў оперы.
Нагадаем, у маі 2023-га Ільгам Валіеў дэбютаваў на беларускай сцэне. Ён прыняў удзел у нашай пастаноўцы оперы Дж. Пучыні “Турандот”. Затым салісту Башкірскай оперы ў гэтай партыі не раз апладзіравала беларуская публіка.
Каніа (“Паяцы” Р. Леанкавала), Альфрэд (“Травіята” Дж. Вердзі), Герцаг (“Рыгалета” Дж. Вердзі), Манрыка (“Трубадур” Дж. Вердзі), Фауст (“Фауст” Ш. Гуно), Хазэ (“Кармэн” Ж. Бізэ), Надзір (“Шукальнікі жэмчугу” Ж. Бізэ), Рудольф (“Багема” Дж. Пучыні), Каварадосі (“Тоска” Дж. Пучыні), Эрык (“Лятучы галандзец” Р. Вагнера), Вадемон (“Іаланта” П. Чайкоўскі) – гэтыя і многія іншыя партыі Валіеў з поспехам выконваў на сцэнах Екацярынбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета (2010–2016гг.) і Башкірскай оперы, салістам якой ён цяпер з'яўляецца. Артыст узнагароджаны Спецыяльнай прэміяй журы расійскага тэатральнага фестывалю “Залатая маска” - за выкананне партыі Прынца ў оперы “Любоў да трох апельсінаў” С. Пракоф'ева. Ён часты госць многіх вядомых тэатраў Расіі − у Маскве, Казані, Пярмі, Чалябінску.
Галоўныя партыі ў пастаноўцы Г. Маторнай − оперы Ш. Гуно “Фауст” у гэты вечар 24 мая таксама выканаюць: народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі (Доктар Фауст), лаўрэаты міжнародных конкурсаў Андрэй Сялюцін (Мефістофель), Алена Золава (Маргарыта), Андрэй Логвінаў (Валянцін), Кацярына Міхнавец (Марта), Андрэй Мацюшонак (Зібель), Андрэй Кліпо (Вагнер). За дырыжорскім пультам − Уладзімір Авадок.