24 мая на сцэне Вялікага тэатра Беларусі − опера Шарля Гуно “Фауст”. Спектакль будзе прысвечаны 95-годдзю народнага артыста Беларусі Віктара Чарнабаева (1930-2021), чый творчы шлях увасабляе сабой найвышэйшы ўзровень майстэрства і адданасці мастацтву. Гэты спектакль стане асаблівай падзеяй, напоўненай цёплымі ўспамінамі пра легенду беларускай сцэны. Менавіта Мефістофель стаў адной са знакавых роляў у рэпертуары Віктара Максімавіча − персанаж, які ўвасабляе харызму, драматызм і сапраўдную глыбіню таленту спевака.
Моцны голас мяккага прыемнага тэмбру, яркая вострахарактарнасць у абмалёўцы персанажаў, арганічнасць і шчырасць, майстэрства пераўвасаблення і драматычны тэмперамент дазвалялі Віктару Чарнабаеву ствараць выразныя разнапланавыя вобразы.
У яго творчым багажы — амаль сто роляў, мноства выступленняў як у Беларусі, так і за яе межамі, шырокая калекцыя аўдыё - і відэазапісаў, а таксама ўражлівы спіс высокіх узнагарод.
Віктар Максімавіч Чарнабаеў нарадзіўся 16 мая 1930 года ў Наварасійску. Яго дзяцінства прайшло сярод прыродных прыгажосцяў Краснадарскага краю: бацька часта браў сына з сабой у горы, дзе яны займаліся нарыхтоўкай лесу. Аднак Віктар марыў пра мора і планаваў паступаць у мараходнае вучылішча. Лёс жа распарадзіўся інакш − пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям'я была эвакуіравана ў Краснадар. Пасля вайны пятнаццацігадовы Віктар працаваў токарам на бляшана-штампавальным заводзе, адначасова навучаючыся ў вячэрняй школе. Менавіта там ён пачаў выступаць у мастацкай самадзейнасці, раскрываючы свой унікальны прыродны голас.
Пасля заканчэння сямі класаў Віктар паступіў у Краснадарскае музычнае вучылішча, а праз год быў накіраваны ў музычнае вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі. У 1950 годзе яго прызвалі ў войска, і ён стаў салістам Ансамбля песні і танца Маскоўскай ваеннай акругі. Пасля дэмабілізацыі лёс прывёў яго на сцэну Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, дзе ён служыў больш за паўстагоддзя — з 1958 па 2011 год. За гэты час выбітны спявак стварыў цэлую галерэю запамінальных вобразаў.
Яго першымі партыямі сталі Варажскі госць у оперы “Садко” М. Рымскага-Корсакава і жрэц Нілаканта ў “Лакмэ” Л. Дэліба. Першай жа значнай працай, якая прынесла яму ўпэўненасць, была роля Гаспара ў аперэце “Карнявільскія званы” Р. Планкета. Як успамінаў сам артыст, менавіта гэтая партыя дапамагла яму адчуць сябе на сцэне ўпэўнена і свабодна.
Партыя цара Агамемнана з оперы “Арэстэя” С. Танеева таксама адносіцца да ліку работ ранняга перыяду творчасці спевака. Яго герой запомніўся гледачам як моцны, мужна кідаючы выклік лёсу.
Віктар Максімавіч пастаянна вучыўся акцёрскаму майстэрству ў тых, хто яго атачаў: акцёраў, рэжысёраў і дырыжораў. Яго неверагодна магутны бас, музыкальнасць, цудоўныя акцёрскія дадзеныя хутка прынеслі яму прызнанне і любоў публікі.
Асаблівае месца ў рэпертуары спевака займалі ролі, дзе трагічнае перапляталася з камічным. Сярод іх − Мельнік з “Русалкі” А. Даргамыжскага і Варлаам з “Барыса Гадунова” М. Мусаргскага. Дзякуючы прыроднаму пачуццю гумару, уважлівасці і здольнасці заўважаць характэрныя дэталі, В. Чарнабаеў ствараў яркія камічныя вобразы. Такія партыі як Дон Базіліа і Дон Бартала (“Севільскі цырульнік” Дж. Расіні), Лепарэла (“Дон Жуан” В. А. Моцарта), Мендоза (“Заручыны ў манастыры” С. Пракоф'ева) і Уберта (“Служанка-пані” Дж. Б. Пергалезі), адрозніваліся дакладнасцю ў сцэнічным малюнку і багаццем выразных сродкаў: міміка, жэсты, рух – усё было ідэальна.
Сярод ключавых партый у рэпертуары народнага артыста Беларусі − Мефістофель у “Фаусце” Ш. Гуно, цар Дадон у “Залатым пеўніку” М. Рымскага-Корсакава, Дон Паскуале ў оперы “Дон Паскуале” Г. Даніцэці, Кутузаў у “Вайне і міры” С. Пракоф'ева, Іван Сусанін у аднайменнай оперы М. Глінкі, Галіцкі ў “Князю Ігару” А. Барадзіна, Рамфіс у “Аідзе” і Філіп II у “Дон Карласе” Дж. Вердзі і многія іншыя.
У беларускім рэпертуары Віктар Чарнабаеў таксама стварыў яркія вобразы: Даніла ў оперы “Алеся” Я. Цікоцкага, пан Гадлеўскі ў “Ясным світанні” А. Туранкова, Тарас у “Калючай ружы” Ю. Семянякі, Пісьмавадзіцель у “Джардана Бруна” і Паліцэйскі ў “Візіце дамы” С. Картэса, Начальнік штаба ў оперы “Сцежкаю жыцця” Г. Вагнера. Віктар Максімавіч прымаў удзел у тэлеверсіях опер “Ранак” Г. Вагнера і “У пушчах Палесся” А. Багатырова (партыі Булак-Булаховіча і Тараса).
Талент Віктара Чарнабаева высока шанавалі калегі і гледачы. Народная артыстка СССР Тамара Ніжнікава казала пра спевака: “Які ў яго голас, які тэмбр! У яго асаблівы бас. Вось калі ёсць аксаміт, то ён – Пан аксаміт”. Народная артыстка Беларусі Наталля Руднева падкрэслівала: “Усюды ён нёс вобраз як сапраўдны акцёр. І заўсёды быў памочнікам маладым”.
Віктар Максімавіч валодаў дзівоснай здольнасцю ствараць вакол сябе атмасферу лёгкасці і добразычлівасці. Ён заўсёды выпраменьваў радасць і аптымізм. Яго прафесіяналізм спалучаўся з выключнай сціпласцю: ён ніколі не адгукаўся дрэнна пра калег і заўсёды імкнуўся падтрымліваць маладое пакаленне артыстаў.
За сваю доўгую кар'еру Віктар Максімавіч Чарнабаеў атрымаў мноства ўзнагарод. У 1964 годзе ён стаў народным артыстам Беларусі. У 2001 годзе за значны ўклад у развіццё беларускага мастацтва быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У 2006 годзе яму ўручылі прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка”.
Віктар Чарнабаеў быў не проста спеваком, але і сапраўдным акцёрам, які мог пераўвасабляцца ў самыя розныя вобразы. Яго творчасць стала эталонам майстэрства, а яго голас да гэтага часу застаецца ўзорам баса-буфа.
Выкананне ролі Мефістофеля стала адной з вяршыняў творчай біяграфіі Віктара Чарнабаева. Яго Мефістофель быў не проста д'ябальскім персанажам, а складаным, шматгранным, поўным іроніі, абаяння і ўнутранай сілы.
Менавіта таму пастаноўка “Фауста” 24 мая стане не толькі данінай павагі вялікаму артысту, але і магчымасцю для новых гледачоў пазнаёміцца з шэдэўрам опернага мастацтва.
Галоўныя партыі ў спектаклі выканаюць:
Доктар Фауст − народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі,
Малады Фауст − народны артыст Рэспублікі Башкартастан і Рэспублікі Татарстан Ільгам Валіеў (Башкірскі дзяржаўны тэатр оперы і балета),
Мефістофель − лаўрэат міжнароднага конкурсу Андрэй Сялюцін,
Маргарыта − лаўрэат міжнародных конкурсаў Алена Золава,
Валянцін − лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Логвінаў,
Марта − дыпламант міжнародных конкурсаў Кацярына Міхнавец,
Зібель − лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Мацюшонак,
Вагнер −дыпламант Міжнароднага конкурсу Андрэй Кліпо.
Дырыжор − Уладзімір Авадок.