Большой театр Беларуси

 

20 мая 19:00

Пётр Чайкоўскі

Яўген Анегін

опера (лірычныя сцэны) у 7 карцінах

Большой театр Беларуси

 

22 мая 19:00

Вольфганг Амадэй Моцарт

Чароўная флейта

опера ў 2 дзеях

.

Лета. Нясвіж. Юбілей

 

13 мерапрыемстваў за 3 дні! З 20 па 22 чэрвеня практычна ўсе творчыя калектывы тэатра едуць у Нясвіж, каб падарыць гледачам сапраўднае свята. Бо гэта будзе 15-ты па ліку фестываль.
Восем разнастайных канцэртаў у Тэатральнай зале замка, адзін - у Касцёле Божага Цела. Два казачныя балеты – “Жар-птушка” І.Стравінскага і “Шэхеразада” на музыку М.Рымскага-Корсакава адкрыюць “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Прэм'ера гэтага сезона − опера П. І. Чайкоўскага “Яўген Анегін” ад рэжысёра Ганны Маторнай працягне фестываль на галоўнай пляцоўцы замка ў Цэнтральным двары. А фінальным пунктам свята стане феерычны Гала-канцэрт зорак оперы і балета, над пастаноўкай якога працуе Аксана Волкава.
У пятніцу, 20 чэрвеня, у 16:00 − высокая класіка ў Тэатральнай зале Палаца. Фестываль адкрывае канцэрт “Натхненне сэрца” струннага квартэта Вялікага тэатра Беларусі “Vivat-Quartet”. Вытанчаная камерна-інструментальная праграма, якую прадставяць музыканты, была спецыяльна падрыхтавана да 10-гадовага юбілею калектыву. Паганіні, Шастаковіч, Гендэль, Бах, Бакерыні і Франк - у гэтай на першы погляд стракатай карціне ёсць свая логіка: першымі гукамі фестывалю стануць гукі дуэта гітары і скрыпкі, а далей слухач паступова пагрузіцца ва ўсю больш насычаную музычную прастору і стане сведкам “збірання” поўнага складу калектыву-юбіляра (ад камернага дуэта да поўнагучнага квінтэта - пры ўдзеле пастаянных творчых спадарожнікаў квартэта).
Важна, што ў праграму канцэрта ўключана маштабная прэм'ера ў рэпертуары калектыву - Фартэпіянны квінтэт Сезара Франка: твор, які за яго паўтаравекавую гісторыю выконвалі самыя выбітныя музыканты, шэдэўр, які патрабуе асаблівага разумення, майстэрства і мастацкай сталасці. “Натхненне сэрца” гасцям Нясвіжа падораць: "Vivat-Quartet" (кіраўнік Ірына Маслава), у складзе якога лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аніта Малюгіна (скрыпка), Ірына Маслава (скрыпка), Юрый Башура (альт), Аляксандр Іваноў (віяланчэль), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Шчарбакова (фартэпіяна) і лаўрэат міжнародных конкурсаў Віталь Дубовік (гітара). Рэжысёр − Марыя Ісаева.

 

 

 

 

 

 

 


У 19:00 у Тэатральнай зале будзе гучаць М. Рымскі-Корсакаў. Упершыню на гэтай сцэне – опера “Моцарт і Сальеры” у пастаноўцы рэжысёра Алега Мельнікава.
Сюжэт оперы пабудаваны на легендзе аб атручванні прамяністага і геніяльнага Вольфганга Амадэя Моцарта “зайздроснікам” Антоніа Сальеры. Праўда мастацтва перамагла праўду жыцця. Бо з тых часоў, як з'явілася “маленькая трагедыя” Пушкіна, ніхто ўжо не верыць у невінаватасць Сальеры.
"Самае страшнае чалавечае пачуццё − гэта зайздрасць, і няма нічога больш жудаснага за яго. Яно спараджае ўсё, аж да самага страшнага ... як раз гэта мы і назіраем у гэтым геніяльным тварэнні, дзе падзеі адбываюцца практычна ў адзін дзень. За гэты дзень перад гледачамі праходзіць усё чалавечае жыццё..." − кажа Алег Мельнікаў.
20 чэрвеня ўвечары за дырыжорскім пультам − Юрый Караваеў.

 







 

Увечары ў пятніцу 20 чэрвеня (21:00) у цэнтральным двары Нясвіжскага замка ажывуць дзве казачныя гісторыі, расказаныя мовай танца... Ад пякучага колеру апярэння Жар-птушкі да святла агнёў адной з тысячы начэй чароўнага Усходу – вечар харэаграфіі Міхаіла Фокіна: балеты “Жар-птушка” І. Стравінскага і “Шехеразада” на музыку М. Рымскага-Корсакава (балетмайстар-пастаноўшчык – народны артыст Расіі Андрыс Ліепа).
За дырыжорскім пультам у вечар адкрыцця фестывалю − маэстра Уладзімір Авадок.

 








 

Адкрые суботні дзень фестывалю 21 чэрвеня ў 12: 00 канцэрт “Ад класікі да джаза” у Тэатральнай зале. Асаблівы настрой другому фестывальнаму дню ў Нясвіжы зададуць яркія музыканты аркестра – лаўрэат міжнародных конкурсаў квартэт флейт Вялікага тэатра Беларусі: Ларыса Ласоцкая, Наталля Мурзіна, Аліна Канаплянік, Арцём Нямірскі, – а таксама Ірына Буцель (раяль) і Міхаіл Канстанцінаў (ударныя).
Рэжысёр-Наталля Кузьмянкова.

 


 

 

 

21 чэрвеня ў 14:00 сцэна Тэатральнай залы будзе аддадзена ва ўладу чароўнай музыкі вальса. "Упэўнена: праграма “Я помню вальса звук прелестный”, назву якой даў вядомы радок са знакамітага раманса Мікалая Лістова, не расчаруе, а толькі зачаруе гледачоў, – кажа заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, кіраўнік струннага квінтэта “Серэнада” Таццяна Траццяк. − Вечар даставіць задавальненне аматарам не толькі папулярнай, але і прыхільнікам вытанчанай музыкі...”

Жанравае напаўненне вечара абяцае быць разнастайным: ад старадаўніх рускіх рамансаў – “Моя душечка”, “Расцвели хризантемы опять”, “Оборванные струны”, “Отцвели хризантемы”, “Улица, улица” – артысты прыйдуць да сучаснай эпохі, прагучаць пранікнёныя вальсы Мішэля Леграна і Ніна Рота, а таксама вальсы з любімых стужак: “Берегись автомобиля”, “Большая перемена”, “Свадьба с приданым”, “Дни Турбиных”, “Петербургские тайны”.

У канцэрце прымуць удзел струнны квінтэт “Серэнада”: лаўрэат нацыянальнага конкурсу Генрых Мацкевіч (скрыпка), Алена Макуца (скрыпка), Сяргей Траццяк (альт), Дзяніс Макарэвіч (віяланчэль), лаўрэат міжнародных конкурсаў Павел Прыемка (кантрабас); салісты оперы заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяна Траццяк і Аксана Якушэвіч, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аляксандр Міхнюк і Аляксандр Краснадубскі, а таксама артысты балета тэатра. Рэжысёр − Наталля Кузьмянкова.

 


 

 

 

У праграме "Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" заўсёды асаблівае месца займае канцэрт, які музыканты рыхтуюць для дзівоснай пляцоўкі Нясвіжа – касцёла Божага Цела.
21 чэрвеня ў 15: 00 у адным з найстарэйшых і найпрыгажэйшых касцёлаў Еўропы – канцэрт “Шэдэўры барока. Боская гармонія". У праграме прымуць удзел: салісты оперы ўладальнікі медаля Францыска Скарыны Таццяна Гаўрылава і Юрый Гарадзецкі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марына Ліхашэрст, Кацярына Міхнавец, Кірыл Панфілаў, Руслан Маспанаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў інструментальнае трыа “Глорыя”: Надзея Сянькевіч (скрыпка), Наталля Мурзіна (флейта), Кацярына Акавіцкая (віяланчэль), а таксама заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ларыса Ласоцкая (флейта), Дзіяна Гантарэнка (флейта), лаўрэат міжрэспубліканскага конкурсу Надзея Казловіч-Рэнанская (англійскі ражок), Юрый Башура (альт), Любоў Гардзей (віяланчэль) і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Шчарбакова (фартэпіяна). Рэжысёр − Наталля Бараноўская. Уваход вольны.


 

 

 

Апошнім у Тэатральнай зале палаца ў гэты дзень стане выдатны канцэрт “Нясвіжскі падарунак”. На сцэну ў 16:00 выйдуць маладыя таленавітыя музыканты Вялікага тэатра Беларусі: салісты оперы лаўрэаты міжнародных конкурсаў Дар'я Гаражанка, Анастасія Лурыкава, Марыя Булда, Кірыл Панфілаў, Іван Бярэзін, Ірына Паляшчук, Руслан Маспанаў; артысты аркестра лаўрэаты рэспубліканскіх конкурсаў, лаўрэаты і стыпендыяты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Максім Юргілевіч (габой), Ягор Карпачук (фагот), Уладзімір Кавалёў (бас-трамбон), Павел Прыемка (кантрабас), Уладзіслаў Дыбаль (ударныя). Партыя фартэпіяна − лаўрэаты міжнародных конкурсаў Анастасія Вензелева і Ірына Буцель. Рэжысёр − Наталля Кузьмянкова.

 


 

 

 

Каля 200 гадоў прайшло, як быў напісаны раман у вершах... 146 гадоў – з першага паказу оперы... Але гэты твор двух геніяў − Пушкіна і Чайкоўскага – неверагодна актуальны і сучасны... У суботу ўвечары (19:30) на галоўнай сцэне Нясвіжскага замка – опера П. І. Чайкоўскага “Яўген Анегін” у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Ганны Маторнай – прэм'ера цяперашняга тэатральнага сезона. За дырыжорскім пультам − дырыжор-пастаноўшчык, галоўны дырыжор Вялікага тэатра, народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў.
"Ларынскае грамадства – вакол нас. Змяніліся толькі касцюмы, а сэнс застаўся. Пушкін і Чайкоўскі стварылі, на мой погляд, абсалютна геніяльны твор. Часам чую: маўляў, сучасныя дзеці не чытаюць класіку. Трэба зрабіць так, каб чыталі. Мы не стваралі гэты спектакль для старэйшага пакалення. Глядач 40 + прыйдзе ў тэатр заўсёды. Наша задача сёння − прыцягнуць у тэатр моладзь. "Яўген Анегін" - гэта шэдэўр, і мы не маем права яго сапсаваць, але павінны зрабіць яго блізкім, зразумелым, шчымлівым. Гэта закладзена ў традыцыях рускай культуры. Яна мае асаблівую інтанацыю, вобразы, якія заўсёды хапаюць, чапляюць і трымаюць гледачоў да канца...",- кажа галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Ганна Маторная.

 


 

 

 

 

 

Арфа − проста каралева сярод музычных інструментаў. Яе вытанчаныя лініі, яе нябеснае гучанне зачароўваюць з першага погляду і першых нот. Гэта гучанне ахутвае слухача нібы чароўнай смугой і пераносіць нас у свет фантазій і мар…
У старажытныя часы арфу лічылі інструментам, гукі якога чулі толькі багі. Яе тэмбр заўсёды надае дзіўную − казачную! - атмасферу любому канцэрту.
22 чэрвеня, у нядзелю, менавіта арфа стане галоўным героем праграмы “На струнах арфы”. Гледачы Тэатральнай залы змогуць атрымаць асалоду ад гучання арфы - у дуэце і сольна. У канцэрце прагучаць прыгожыя творы ў выкананні Веранікі Грабоўскай (арфа), Надзеі Казловіч-Рэнанскай (англійскі ражок), Паўла Прыемкі (кантрабас). У праграме прымуць удзел салісты оперы Марыя Булда, Святаслаў Сахараў і Кірыл Панфілаў. За раялем – Ірына Буцель. Рэжысёр − Наталля Кузьмянкова. Пачатак а 12:00.

 


 

 

 

У 14:00 у Тэатральнай зале – канцэрт, прысвечаны пачатку Вялікай Айчыннай. Гэтыя праграмы заўсёды становяцца асаблівымі як для гледачоў, так і для артыстаў... 22 чэрвеня будуць гучаць песні ваенных гадоў і творы-успаміны пра тыя страшныя гады – у канцэрце “А нам нужна одна Победа...” памяць пра мінулае стане лейтматывам гэтага канцэрта. Бо без мінулага не існуе будучыні... Таму ў праграме прымуць удзел артысты тэатра розных пакаленняў: народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна, Ніна Шарубіна, Уладзімір Громаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава, Аксана Якушэвіч, Андрэй Валенцій, лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Дзяніс Янцэвіч, Алена Золава, Дар'я Гаражанка, Андрэй Кліпо, Кірыл Панфілаў, Андрэй Сялюцін, Аляксандр Міхнюк. Партыя фартэпіяна − лаўрэат міжнародных конкурсаў Анастасія Дубоўская. Рэжысёр − Наталля Кузьмянкова.

 


 

 

 

Па своеасаблівай традыцыі завершыць серыю канцэртаў у Тэатральнай зале ў замку Радзівілаў у рамках фестывалю ансамбль духавых інструментаў “A. M. A. D. I. S. Brass” кіраўнік Дзмітрый Гарбачук (труба), Аляксандр Антановіч (труба), Арцём Магілёўцаў (валторна), Андрэй Міхалевіч (трамбон), Віктар Ярыноўскі (туба) і Міхаіл Канстанцінаў (ударныя). У 16: 00 у нядзелю прагучыць праграма “Гармонія гуку” з “A. M. A. D. I. S. Brass”. У канцэрце выступяць вядучыя салісты оперы народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна і Уладзімір Громаў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Дар'я Гаражанка і Аляксандр Міхнюк. Удзельнікамі праграмы стане таксама Ансамбль трамбонаў Вялікага тэатра Беларусі ў складзе Павел Грудзіна, Уладзімір Кавалеўскі, Андрэй Міхалевіч, Віталь Чарнушэвіч (трамбоны), Віктар Ярыноўскі (туба). Партыю кантрабаса выканае Аляксандр Кандрацьеў За раялем – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Шчарбакова. Рэжысёр − Наталля Кузьмянкова.

 


 

 

 

 

Завершыць гэтае свята класічнага мастацтва Гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі. Пачнецца праграма на галоўнай сцэне 22 чэрвеня ў 19:30. Рэжысёр-пастаноўшчык гэтага маштабнага дзейства − заслужаная артыстка краіны Аксана Волкава. За дырыжорскім пультам − народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў і дыпламант міжнароднага конкурсу Юрый Караваеў. На сцэне – любімыя артысты, вядучыя салісты оперы і балета тэатра. Над праграмай таксама працуюць: галоўны балетмайстар − заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб, галоўны хормайстар − народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, галоўны мастак – лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў Любоў Сідзельнікава.

 


 

 

 

Дададзім, што вядучай канцэртных праграм выступіць Вольга Кажгаліева.

 

Партнёры