«Я звяртаюся да літаратурных шэдэўраў не столькі ў пошуках сюжэтнай канвы, колькі ў імкненні ўзбагаціць пастаноўку філасофскімі і інтэлектуальнымі ідэямі, прычым тымі, што не ляжаць на паверхні тэксту, а выяўляюцца пры глыбокім пагружэнні ў сутнасць твора».
Гэтае творчае крэда, сфармуляванае Барысам Эйфманам, цудоўна тлумачыць яго няспынную цікавасць да спадчыны геніяльных пісьменнікаў і, перш за ўсё, Ф. М. Дастаеўскага — аднаго з найважнейшых для сусветнай культуры мысліцеляў і творцаў.
Першы балет харэографа паводле матываў кнігі рускага літаратара – «Ідыёт» – быў створаны яшчэ ў 1980 годзе. Пазней нарадзіліся пластычныя інтэрпрэтацыі «Братоў Карамазавых». Апошні твор Дастаеўскага лёг ў аснову дзвюх пастановак Эйфмана: спектакля «Карамазавы» 1995 года і выпушчанага праз 18 гадоў балета «Па той бок граху».
«Злачынства і пакаранне» – трэці раман «вялікага пяцікніжжа», перакладзены харэографам на мову танца. Застаючыся верным сваім аўтарскім прынцыпам, Барыс Эйфман не ілюструе хрэстаматыйны тэкст, а, акумулюючы адкрытыя за дзесяцігоддзі творчай працы выразныя і даследчыя сродкі, спрабуе даць уласныя адказы на глабальныя пытанні пра ўнутраную прыроду чалавека, значэнне ўніверсальных маральных арыенціраў і наступствы іх звяржэння.
«У нашым спектаклі мы не пераказваем сюжэт кніжнай першакрыніцы, а інтэрпрэтуем у танцы эмацыянальны і ідэйны свет ключавых персанажаў Дастаеўскага. Кожны з іх — мікракосм, напоўнены празмернымі страсцямі, які сутыкаецца з невырашальнымі метафізічнымі супярэчнасцямі…» — Барыс Эйфман.
Беларускі глядач убачыць балет «Злачынства і пакаранне» на музыку Г. Малера, Б. Цішчанкі 15 і 16 ліпеня
18 і 19 ліпеня адбудуцца паказы балета «Ганна Карэніна» на музыку П. Чайкоўскага.
Балет Барыса Эйфмана «Ганна Карэніна» напоўнены ўнутранай псіхалагічнай энергіяй і надзвычай дакладны па сваім эмацыйным уздзеянні. Адмовіўшыся ад усіх другасных ліній рамана Льва Талстога, харэограф засяродзіўся на любоўным трохкутніку «Ганна – Карэнін – Вронскі».
Пластыкай цела Эйфман у сваім спектаклі перадаў драму жанчыны, якая перарадзілася. Паводле меркавання харэографа, менавіта страсць, «асноўны інстынкт» прывялі да злачынства супраць грамадскіх норм, знішчылі мацярынскую любоў і разбурылі ўнутраны свет Ганны Карэнінай. Жанчына, захопленая і знішчаная моцным пачуццём, гатова ахвяраваць усім.
Харэограф адзначае, што яго балет — пра сённяшні дзень, а не пра мінулую эпоху: эмацыйнае напаўненне спектакля, якое не падуладна часу, і прамыя паралелі з рэчаіснасцю не пакідаюць абыякавымі сучасных гледачоў. Выканальніцкая тэхніка трупы найвышэйшага ўзроўню і харэаграфія Барыса Эйфмана перадаюць усе псіхалагічныя перыпетыі рамана Талстога.
«Што важней – захаваць агульнапрынятую ілюзію гармоніі абавязку і пачуццяў ці падпарадкавацца шчырай страсці?.. Ці маем мы права разбурыць сям’ю, пазбавіць дзіця мацярынскай апекі дзеля буйства плоці?.. Гэтыя пытанні не давалі спакою ў мінулым Талстому, не пазбегнуць іх і сёння. І няма адказаў! Ёсць несуцішная прага да зразумення і ў жыцці, і ў смерці…» — Барыс Эйфман.
Знакаміты калектыў з Санкт-Пецярбурга ўжо прывозіў балет «Ганна Карэніна» на музыку П. Чайкоўскага ў Мінск — у 2010-х. Тады ж Тэатр Барыса Эйфмана прадставіў і балет «Чайка» — на музыку С. Рахманінава і А. Скрабіна.
У 2013 годзе беларуская публіка ўбачыла новае пластычнае прачытанне рамана Ф. М. Дастаеўскага «Браты Карамазавы» ў пастаноўцы Барыса Эйфмана. У 2015 годзе Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр балета Барыса Эйфмана прывёз у Вялікі тэатр балет «Радэн», у 2016-м у Мінску была паказана драматычная гісторыя «Чырвоная Жызэль», а ў чэрвені 2022-га на беларускай сцэне прадставілі «Эфект Пігмаліёна».
У сакавіку 2024 года калектыў прадставіў на сцэне Вялікага тэатра Беларусі балет паводле рамана ў вершах А. Пушкіна — «Яўген Анегін» (пастаноўка 2009 г.) і ўжо новую харэаграфічную інтэрпрэтацыю п’есы А. Чэхава — «Чайка. Балетная гісторыя» (прэм’ера 2022-га).
Улетку 2024 года фестываль «Балетнае лета» ў Вялікім пачаўся з паказаў балетаў Барыса Эйфмана «Мусагет» і «Мой Іерусалім»: спектаклі прадставілі выхаванцы Акадэміі знакамітага харэографа.