28 верасня ў Камернай зале адбудзецца асаблівы вечар − сольны канцэрт Аксаны Волкавай, прысвечаны музыцы Леона Гурвіча. Голас і сам вобраз спявачкі даўно сталі крыніцай натхнення для беларускага кампазітара.
Гэта сустрэча двух таленавітых музыкантаў, звязаных не толькі творчым саюзам, але і сяброўствам, якое зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве. Таму многія творы Леона Гурвіча, які жыве і працуе ў Гамбургу, напісаны менавіта для Аксаны Волкавай. На гэты раз публіка пачуе два вакальныя цыклы – “Пілігрымы” і абсалютную прэм'еру – “Кветкі ночы”.
У вакальны цыкл “Пілігрымы” для мецца-сапрана і фартэпіяна ўвайшлі сем песень на вершы паэтаў Сярэбранага стагоддзя – Іосіфа Бродскага, Барыса Пастэрнака, Восіпа Мандэльштама, Аляксандра Блока і Марыны Цвятаевай. Музыка Гурвіча падкрэслівае глыбіню філасофскіх сэнсаў, закладзеных у гэтай цудоўнай паэзіі.
Пэўна, галоўнай падзеяй вечара, жамчужынай праграмы, стане прэм'ера новага сачынення − вакальнага цыкла “Кветкі ночы”, напісанага на вершы Зінаіды Гіпіус.
Нагадаем, канцэрт рамансаў Леона Гурвіча Аксана Волкава ўжо прадстаўляла на малой сцэне Вялікага тэатра Беларусі.
“Волкава з упэўненасцю справілася з творамі, якія Леон напісаў выключна для яе цёмнага шчыльнага голасу. Змрочныя музычныя фразы з невялікімі светлымі момантамі выклікалі асабліва моцныя эмоцыі, у тым ліку − і ў самой спявачкі. І гэтыя перажыванні дадалі выкананню яшчэ больш кранальнасці і дакладнасці...” − адзначалі музычныя крытыкі.
У праграму таксама ўвойдуць іншыя рамансы і фартэпіянныя творы Леона Гурвіча. Эмацыйную глыбіню музыкі кампазітара падкрэсліць піяністка Юлія Шчарбакова, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь.
Канцэрт абяцае стаць музычнай падзеяй. А Камерная зала створыць атмасферу, якая так неабходна такім вытанчаным вечарам.
Пачатак у 18:30.