У суботу, 18 кастрычніка, з 11:00 да 14:00, Вялікі тэатр Беларусі запрашае гледачоў усіх узростаў на асаблівую падзею – “Тэатральная раніца для ўсёй сям'і”. Гэта сапраўднае падарожжа ў чароўны свет тэатра, а значыць – у свет музыкі і танца, казкі, творчасці. Нас чакае сапраўднае сямейнае свята ў Вялікім!
Фае тэатра ператворыцца ў казачныя гасцёўні, упрыгожаныя дэкарацыямі і рэквізітам з любімых дзіцячых спектакляў. А багатая праграма “Тэатральнай раніцы...” падорыць феерверк уражанняў. Што чакае гледачоў?
Канцэрт юных талентаў Дзіцячай студыі тэатра “Маленькія майстры вялікай сцэны”; канцэрт салістаў оперы “Музычны штрых”, які раскрывае прыгажосць оперных спеваў; інтэрактыўная экспазіцыя “Свет Вялікага тэатра” – пагружэнне ў магію тэатральнай прасторы; прэзентацыя дзіцячых спектакляў – яркія фрагменты з опер “Казка пра цара Салтана” і “Пінокіа”; майстар-класы – ад стварэння тэатральнага эскіза касцюма персанажаў балета да вырабу вытанчаных капялюшыкаў разам з мадысткамі тэатра; урокі класічнага танца – асобна для дзяўчынак і для змешанай групы дарослых і дзяцей; акцёрскі трэнінг – каб адчуць сябе артыстам; майстар-клас па ўдарных інструментах “Барабанны дробат!”; харавы майстар-клас − каб адчуць магію яднання; урокі танца і этыкету ад абаяльных гераінь – Мэры Попінс і Мадам Коры; музычнае натхненне ад яркага калектыву “A. M. A. D. I. S. Brass”; рэверанс-прывітанне ад струннага квартэта Вялікага тэатра Беларусі “Vivat-Quartet”. А яшчэ − музычныя віктарыны, конкурсы, загадкі…
У гэты дзень у Камернай зале гледачы ўбачаць дзіцячую оперу Г. Партнова “Бутэрброд” – вясёлую казку пра капрызнага Караля, Духавы квінтэт тэатра раскажа “Гісторыю Бабара, маленькага сланяня” Ф.Пуленка. Асаблівае месца будзе адведзена канцэрту ”Музычны феерверк”, у якім прымуць удзел навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Асаблівая ўвага нададзена фотазонам: можна зазірнуць у “Тэатральную грымёрку”, прайсціся па “Каралеўскім садзе” і зірнуць на “Акцёрскі багаж”. Гэтыя куткі стануць ідэальным фонам для яркіх здымкаў, але галоўнае, што застанецца пасля гэтай “...Раніцы...”, – цёплыя, вясёлкавыя, добрыя ўспаміны. Успаміны пра тое, як вы прыйшлі ў тэатр усёй сям'ёй, смяяліся, дзівіліся, танцавалі, спявалі і адкрывалі для сябе нешта новае – разам.